У Расеі перанясуць уступныя экзамэны ў сувязі з эпідэміяй
Міністэрства адукацыі і навукі Расеі прыняло рашэньне перанесьці тэрміны ўступных экзаменаў у сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на міністра Валерыя Фалькова. Калі менавіта яны пачнуцца, не ўдакладняецца.
Па словах міністра, здача ўступных экзамэнаў можа быць адкладзеная на два-чатыры тыдні ў сувязі з тым, што раней у Расеі былі перанесеныя тэрміны здачы адзінага дзяржаўнага экзамэну. Звычайна ён праводзіцца з 25 траўня, але сёлета, у сувязі з пандэміяй каранавірусу, пачнецца 8 чэрвеня.
Украінскія ЛГБТ-актывісты падаюць у суд на праваслаўнага патрыярха. Ён назваў аднаполыя шлюбы прычынай каранавірусу
Актывісты ўкраінскай грамадзкай арганізацыі «Інсайт» вырашылі падаць у суд на ганаровага патрыярха Праваслаўнай царквы Ўкраіны Філарэта, які назваў у ліку прычынаў пандэміі каранавірусу «найперш аднаполыя шлюбы».
У эфіры ўкраінскага «4 каналу» 19 сакавіка патрыярх Філарэт заявіў, што «эпідэмія — гэта пакараньне Божае за грахі людзей», бо людзі «адкрыта дабро не абараняюць, а абараняюць зло, і ня толькі яго абараняюць, а і распаўсюджваюць». Пад гэтым, казаў ён, найперш маюцца на ўвазе аднаполыя шлюбы, а таксама тое, што «дзяцей вучаць выбіраць сабе пол». Сам ён верыць, што яго каранавірус не зачэпіць, бо «Госпад не дапусьціць», і таму ня стане адмяняць багаслужэньні.
У «Інсайт» кажуць, што пытаньне не ў маральнай шкодзе ці грашах, а ў тым, каб «людзі выбачаліся за свае словы і зьняпраўдзілі недакладную інфармацыю».
Расейская Дзярждума прапанавала да 5 гадоў турмы за фэйкі пра эпідэміі
Камітэт дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства Дзярждумы Расеі ўхваліў папраўкі да законапраекту пра крымінальны перасьлед парушальнікаў карантыну. Яны прадугледжваюць турэмнае зьняволеньне за распаўсюд фэйкаў аб эпідэміях і стыхійных бедзтвах.
Паводле паправак, апублікаваных на сайце ніжняй палаты расейскага парлямэнту, Крымінальны кодэкс прапаноўваецца дапоўніць новым артыкулам, які складаецца зь дзьвюх частак.
Першая сьмерць ад каранавірусу ў Беларусі: памёр віцебскі актор Віктар Дашкевіч
У Беларусі памёр першы пацыент, у якога прызналі дыягназ COVID-19 — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі сваякі актора.
Днём раней яго жонка расказвала Свабодзе, што мужчына 6 дзён знаходзіўся ў рэанімацыі ў Віцебску на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — у яго пацьвердзілі COVID-19. Сама яна таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнэўманіяй.
Актор 10 і 11 сакавіка працаваў у спэктаклі «Кот у ботах», 18 сакавіка таксама кантактаваў з калектывам тэатру. У самім тэатры пацьвердзілі, што адзін з актораў шпіталізаваны з дыягназам COVID-19, але паведамілі, што працягваюць рэпэтыцыі, хоць бліжэйшыя спэктаклі скасавалі з прычыны «практычна пустой залі».
20 сакавіка сужэнцы, якія служаць у Коласаўскім тэатры ў Віцебску, адчулі сябе дрэнна, у іх была тэмпэратура. 21 сакавіка іх паклалі ў чыгуначны шпіталь.
Там узялі тэсты на каранавірус, у абаіх аналізы былі адмоўныя. Лячылі антыбіётыкамі. Жонка 5 дзён праляжала ў шпіталі, стан яе палепшыўся, жанчыну выпісалі.
Папрасілі да 10 красавіка пасядзець дома на карантыне, нікуды не выходзіць з кватэры. Дарослай дачцэ, якая наўпрост кантактавала з бацькамі за дзень да іхнай шпіталізацыі, наагул нічога не сказалі. Нават дазволілі прыносіць маці харчы — пакідаць перад дзьвярыма кватэры.
Лічбы на раніцу 31 сакавіка
- У сьвеце зафіксавалі больш за 785 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 164 тысяч у ЗША, амаль 102 тысячы ў Італіі, 88 тысяч у Гішпаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 67 тысяч ў Нямеччыне, 44 тысячы ў Францыі, 41 тысячу ў Іране, 22 тысячы ў Вялікабрытаніі, 16 тысяч у Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі каля 38 тысяч чалавек. Зь іх 11 591 у Італіі, 7716 у Гішпаніі, 3309 у Кітаі, 3167 у ЗША, 3024 у Францыі, 2757 у Іране.
- Выпісалі звыш 165 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 582 тысяч, зь іх 29,5 тысяч у цяжкім стане.
- У Беларусі на 30 сакавіка пацьвердзілі 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: 47 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні».
У Маскве памерлі яшчэ чатыры пацыенты з каранавірусам
Яшчэ чатыры пацыенты з хранічнымі захворваньнямі і пацьверджаным заражэньнем каранавірусам памерлі ў Маскве. Пра гэтэ паведамляецца ў афіцыйным Тэлеграм-канале апэратыўнага штабу кантролю і маніторынгу сытуацыі з каранавірусам у Маскве.
«У Маскве памерлі чатыры пацыенты, у якіх быў пацьверджаны дыягназ „пнэўманія“ і атрыманы станоўчы вынік тэсту на каранавірус. Узрост пацыентаў — ад 76 да 86 гадоў. Усе пацыенты мелі хранічныя захворваньні, у прыватнасьці сардэчна-судзінныя», — сказалі ў штабе.
Усяго ў Расеі, паводле інфармацыі на 30 сакавіка, пацьверджана 1836 выпадкаў заражэньня каранавірусам, 11 чалавек памерла, 66 выздаравелі.
Пуцін заклікаў пажылых расейцаў сядзець дома, калі яны хочуць жыць
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заклікаў пажылых расейцаў сядзець дома, калі яны хочуць захаваць жыцьцё. Ён падтрымаў увядзеньне карантыну ў Маскве і Маскоўскай вобласьці і заявіў, што лічыць парушэньне захадаў карантыну злачыннай нядбайнасьцю.
«[Людзям старэйшым за 65 гадоў] трэба шчыра сказаць: калі вы хочаце захаваць сваё здароўе і сваё жыцьцё — вы мусіце заставацца дома. Мы думаем пра вас. Падумайце, калі ласка, і вы пра сябе», — цытуе словы расейскага прэзыдэнта сайт Крамля. Ён сказаў пра гэта на нарадзе са сваімі паўнамоцнымі прадстаўнікамі ў рэгіёнах.
«Гэта новы ўзровень хлусьні, тэрору і нялюдзкасьці». Брытанскі актор і пісьменьнік Стывэн Фрай выказаўся пра Лукашэнку
Брытанскі актор, пісьменьнік і драматург Стывэн Фрай пракамэнтаваў выказваньні Аляксандра Лукашэнкі з нагоды пандэміі каранавірусу.
Фрай напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры: «Неверагодную злоснасьць Лукашэнкі доўга ігнаравалі альбо "замяталі ў кут" урады, якім варта было б ведаць лепш, але гэта новы ўзровень хлусьні, тэрору і нялюдзкасьці. Беларусь сапраўды пакутуе...»
Унівэрсытэты Менску перанесьлі дні адчыненых дзьвярэй
Установы адукацыі Менску перанесьлі заплянаваныя дні адчыненых дзьвярэй праз пагрозу распаўсюду каранавірусу.
Дзень адчыненых дзьвярэй анлайн прайшоў у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце. Падобныя вэбінары правядуць таксама ў Ліцэі БДУ і магістратуры Інстытута бізнэсу БДУ.
Пра перанос дзён адчыненых дзьвярэй паведамілі ў БДТУ, БДУФК і Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава.
На момант публікацыі вядома, што дні адчыненых дзьвярэй у офлайн фармаце плянуюць правесьці ў БДМУ і Інстытуце парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва.
«Пнэўманій мінімум у 2–3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркі
Доктарка аднаго зь віцебскіх шпіталяў расказвае пра сытуацыю ў горадзе ва ўмовах пандэміі каранавірусу.
Сьцісла:
- У нас усё пачалося з таго, што работнікі абутковых фабрык зьезьдзілі ў Мілян.
- Чатыры шпіталі ў горадзе перапрафіляваныя пад прыём пнэўманій.
- Інфэкцыйны шпіталь працуе цяпер толькі для кантактаў першага ўзроўню.
- Тубэркулёзны дыспансэр закрыты пад пнэўманіі, але там няма аддзяленьня рэанімацыі і апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
- Сродкі індывідуальнай абароны таксама недастатковыя.
- Маску, якую трэба мяняць праз 3 гадзіны, мы носім тыдзень.
- Скурна-вэнэралягічны дыспансэр закрылі пад пнэўманіі, але гэта страшна, бо там нават разводкі па кіслародзе няма
- Пнэўманій у Віцебску вельмі шмат. Як мінімум у 2–3 разы больш (чым звычайна.
- Ня хочацца быць Настрадамусам, але ў нас можа паўтарыцца італьянскі сцэнар
- У чыгуначным шпіталі ў пятніцу было 5 пацьверджаных выпадкаў каранавірусу
- У дзіцячым шпіталі чатыры аддзяленьні аддалі пад пнэўманію.
- Цяпер чыгуначны шпіталь не прымае пацыентаў, перапрафілююць і шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі.
- Лічбы захворваньня як мінімум у два разы большыя, чым кажа Мінздароўя.
- З высокіх трыбун сёньня кажуць, што ў нас нічога няма і ўсё гэта псыхоз. На жаль, гэта не псыхоз.
- Мэдпэрсанал таксама хварэе.
- Трэба падаваць дадзеныя пра колькасьць хворых.
Інтэрвію цалкам чытайце тут>>
У Казахстане пакаралі лекараў, якія не шпіталізавалі ахвяру каранавірусу
Галоўны лекар службы хуткай дапамогі Акмалінскай вобласьці і кіраўнік абласнога ўпраўленьня аховы здароўя атрымалі дысцыплінарныя спагнаньні ў сувязі са сьмерцю 64-гадовай жанчыны. Яна на мінулым тыдні памерла ад COVID-19, стаўшы першай ахвярай гэтай хваробы ў Казахстане. Сьмерць жанчыны стала прычынай вялікага скандалу ў Казахстане. Сын загінулай запісаў відэа, у якім абвінаваціў лекараў у яе сьмерці. Паводле яго, маці некалькі разоў адмовілі ў шпіталізацыі, нягледзячы на пагрозьлівыя сымптомы, і ў выніку яна памерла. Цалкам чытайце тут>>
У Цэнтральным парку Нью-Ёрку разгорнуць палявы шпіталь
У шпіталі на 68 ложкаў, які стварае хрысьціянская гуманітарная арганізацыя, будуць лячыць пацыентаў з каранавірусам. Перагружаная сыстэма аховы здароўя Нью-Ёрку ў найбліжэйшым часе атрымае пэўную дапамогу. У горад мае прыбыць карабель-шпіталь ВМС для дагляду за звычайнымі пацыентамі, а таксама будзе разгорнуты новы палявы шпіталь для працы з інфікаванымі каранавірусам.
У Расеі за парушэньне карантыну ўведзены штраф да 1 млн рублёў
Урад Расеі ўхваліў узмацненьне адказнасьці за парушэньне карантынных захадаў. Пра гэта расказаў расейскі прэм’ер-міністар Міхаіл Мішусьцін. Папраўкі ўводзяцца ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Штрафы ўхвалілі ў наступнай рэдакцыі — пры першым парушэньні:
- для фізычных асоб — ад 15 да 40 тысяч расейскіх рублёў (каля $200 — $500),
- службовых асоб — ад 50 да 150 тысяч рублёў (каля $630 — $1890),
- юрыдычных асоб — ад 200 да 500 тысяч рублёў (каля $2500 — $6300);
Эўрадэпутаты просяць узмацніць барацьбу з дэзынфармацыяй пра вірус
Некалькі заканадаўцаў Эўразьвязу зьвярнуліся да кіраўніцтва ЭЗ з просьбай узмацніць барацьбу з дэзынфармацыяй з боку Расеі і Кітаю на фоне пандэміі каранавірусу, які выклікае хваробу COVID-19. Яны заявілі, што Пэкін і Масква спрабуюць падарваць рэпутацыю Эўразьвязу і пасеяць недавер сярод мясцовых жыхароў да дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў. Далей чытайце тут>>
Беларускі тэнісіст пералічыў 10 тысяч эўра для барацьбы з каранавірусам у Беларусі
Шасьціразовы чэмпіён Эўропы па настольным тэнісе Ўладзімер Самсонаў пералічыў 10 тысяч эўра для дапамогі беларускім мэдустановам падчас пандэміі каранавірусу, паведамляе прэс-служба Беларускай фэдэрацыі настольнага тэнісу.
Параўнайце дзьве мапы распаўсюджаньня COVID-19 з розьніцай у месяц
Месяц таму каранавірус быў знойдзены ў 40 краінах, сёньня — у 170, сьмяротнасьць на канец лютага ацэньвалася ў 2%, цяпер — 4,7%.
З галяндзкага музэя, закрытага праз пандэмію, скралі карціну Ван Гога
Злодзеі скралі карціну Вінцэнта ван Гога «Вясновы сад» уначы з музэя Singer Laren у Нідэрляндах, паведамляе Reuters. Галерэя цяпер закрытая для наведваньня з прычыны пандэміі каранавірусу.
Карціна «Lentetuin» альбо «Вясновы сад», якая датуецца 1884 годам, была пазычаная ў музэі Гронінгера ў Нідэрландах. Як растлумачыў дырэктар Эвэрт Ван Ос, прадстаўнікі музэю раззлаваныя, шакаваныя і засмучаныя з прычыны крадзяжу.
«Пакуль сьвет шукае лекі ад каранавірусу, Лукашэнка сьмяецца». Што сусьветныя СМІ пішуць пра Беларусь
Пра адсутнасьць у Беларусі жорсткіх мераў па нераспаўсюдзе каранавірусу, а таксама пра заявы і паводзіны Аляксандра Лукашэнкі падчас пандэміі, паведамляюць многія сусьветныя СМІ.
Свабода сабрала некаторыя публікацыі самых уплывовых мэдыяў.
The Washington Post: «У Беларусі аўтарытарны лідэр прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, як вядома, слаўна пазьдзекаваўся над каранавірусам як „вар’яцтвам і псыхозам“. Яго погляды ўключаюць таксама парады для грамадзян, якія не падзяляюць яго пагарду да каранавірусу: адпраўляйцеся ў сауну, выпіце трохі гарэлкі і вярніцеся да працы».
«Gazeta Wyborcza»: «Лукашэнку не давярае нават Уладзімір Пуцін. Ён загадаў закрыць межы з суседам, зь якім два дзесяцігодзьдзі сумесна стварае Саюз Расеі і Беларусі».
The Times: «У Беларусі, былой савецкай дзяржаве з насельніцтвам 9,5 мільёна чалавек, крамы і рынкі перапоўненыя, тэатры ставяць прэм’еры, а межы застаюцца адкрытымі».
Чытаць поўны тэкст тут.
Банкам рэкамэндуюць не падымаць працэнты пры павелічэньні тэрміну або адтэрміноўцы плацяжоў па крэдытах
Нацбанк парэкамэндаваў банкам не павышаць працэнты па крэдытах пры рэструктурызацыі запазычанасьці. Гэта напісана ў лісьце, які рэгулятар разаслаў у банкі. Такое рашэньне Нацбанк прыняў каб аказаць фінансавую падтрымку юрыдычным асобам і насельніцтву з-за каранавірусу і іншых нэгатыўных фактараў.
«Мы ішлі па калідоры, а за намі распылялі дэзраствор» — што адбываецца ў інфэкцыйным шпіталі ў Віцебску вачыма пацыента на карантыне
Расказваем, як адна віцебская сям’я перажывае эпідэмію каранавірусу бяз панікі, але з самаізаляцыяй і карантынам.