У дзіцячым садку ў Менску нянечка захварэла на каранавірус
Чытачка Свабоды расказала рэдакцыі, што ў менскім дзіцячым садку № 566 на каранавірус захварэла нянечка.
«Ёй спачатку паставілі дыягназ грып, а потым яна пачала задыхацца і страціла прытомнасьць. І ёй выклікалі хуткую, адразу праверылі на вірус», — кажа жанчына. Паводле яе, групу, у якой працавала нянечка, закрылі.
Са словаў самой нянечкі, да гэтага яна нікуды ня езьдзіла і ні з кім не кантактавала, хто быў за мяжой, зь яе словаў. Падрабязнасьці чытайце тут >>
«Куды і навошта вязуць нашых дзяцей?!» У Капыльскім раёне школьнікаў масава правяраюць на на каранавірус. ФОТА
Раніцай у нядзелю, па вёсцы Новыя Доктаравічы, што найбліжэй да школы, пачалі хадзіць мэдыкі і браць аналізы ва ўсіх дзяцей. Дарослым адмаўлялі, толькі мералі тэмпэратуру. Прычына — падазрэньне на хваробу ў адной з настаўніц Доктаравіцкай сярэдняй школы. Яе шпіталізавалі больш за два тыдні таму.
30 сакавіка дзяцей сабралі і павезьлі ў Капыль, у раённы шпіталь. Рэпартаж Свабоды зь месца падзеі чытайце тут >>
Як лечаць ад каранавірусу ў Беларусі і за мяжой. Расказваюць лекары і хворыя
У Беларусі ўсіх хворых на каранавірус шпіталізуюць на два тыдні мінімум. Нават калі ў чалавека няма сымптомаў. А вось у за мяжой у шпіталі трапляюць толькі цяжка хворыя, а большасьць людзей знаходзіцца на хатнім карантыне.
Свабода пагаварыла з бэльгійскім лекарам і валянтэрам Чырвонага Крыжа з Ісьляндыі, каб даведацца, як лечаць у іх ад COVID-19.
«Выносілі з інсультам, дзядоў, бабак». Што адбываецца ў Іўі, дзе пацьвердзілі выпадак каранавірусу
У Горадзенскай вобласьці пацьвердзілі чацьвёрты выпадак каранавірусу. Са шпіталя ў горадзе Іўе, дзе ляжыць мужчына, пачалі масава выпісваць пацыентаў.
Іншы жыхар Іўя, у якога сын плянава ляжыць у івейскім шпіталі на абсьледаваньні, расказаў Свабодзе пра сытуацыю ў лякарні.
«Трэці паверх [шпіталя] цалкам ачысьцілі ад хворых і нямоглых. Усіх пазабіралі дахаты. На маіх вачах, гэта я ўсё бачыў, як яны выносілі, з інсультам, дзядоў, бабак, нехадзячых — усіх, з нэўралёгіі. Ачысьцілі ўсё цалкам, увесь трэці паверх. Усіх выпісалі», — кажа суразмоўца.
У Віцебску зацьвердзілі плян супраць каранавірусу: цэрквах, школах, гатэлях, рэстаранах, на прадпрыемствах — усяго 21 пункт
Віцебскі гарвыканкам 27 сакавіка зацьвердзіў план дадатковых мерапрыемстваў па прафіляктыцы і зьніжэньні распаўсюджваньня каранавірусу і іншых рэсьпіраторных інфэкцый:
- работнікаў з прыкметамі вострых рэсьпіраторных інфэкцый ня будуць дапускаць да працы, абмяжуюць выезды супрацоўнікаў у камандзіроўкі; нарады, сэмінары, пасяджэньні патрабуюць праводзіць пераважна празь відэа- і аўдыёканфэрэнцыі;
- бацькам дазволяць не вадзіць дзяцей у дзіцячы садок, за гэтыя дні грошы за садок не налічаць;
- школьнікаў рэкамэндуюць увесь дзень трымаць у адным клясе, у гуртках — ня зьмешваць вучняў з розных клясаў (у тым ліку ў пэрыяд канікул);
- скасаваць у ВНУ, каледжах і ліцэях групавыя заняткі і перавесьці навучэнцаў на дыстанцыйнае навучаньне; іншагароднім студэнтам забараніць выяжджаць дахаты на выходныя;
- забараніць наведваньні інтэрнатаў, дамоў састарэлых і інвалідаў, забараніць праводзіць у іх масавыя мерапрыемствы;
- забясьпечыць у кавярнях, рэстарацыях, месцах грамадзкага харчаваньня адлегласьць паміж сталамі для наведнікаў ня менш як 1,5 мэтра адзін ад аднаго;
- забясьпечыць маскамі і антысэптыкамі сацыяльных работнікаў, работнікаў пошты, банкаў і інш., якія аказваюць паслугі пажылым людзям дома;
- засяленьне людзей у гатэлі, кемпінгі і інш. праводзіць як мага далей адзін ад аднаго (на розных паверхах, у розных баках калідора), апытваць наведнікаў пра стан іх здароўя;
- наведнікаў у цырульнях, тату-салёнах, салёнах прыгажосьці, пэрманэнтнага макіяжу і інш. прымаць толькі па папярэднім запісе, з інтэрвалам паміж кліентамі ня менш за 5 хвілін;
- адмяніць працу дыскатэк, начных клюбаў, кальянных, боўлінгаў, більярдных, кампутарных клюбаў, забаўляльных установаў пасьля 23.00
і інш. (цалкам чытайце тут)
У менскім мэтро стала на чвэрць менш пасажыраў
У сакавіку штодзённая плынь пасажыраў мэтро ў Менску зьнізілася на 200 тысячаў чалавек — у лютым было каля 800 тысячаў на дзень, у сакавіку стала каля 600 тысячаў, паведаміў БелТА прэс-сакратар Менскага мэтрапалітэну Андрэй Дроб.
Цягнікі працягваюць хадзіць у штатным рэжыме, але вагоны цяпер апрацоўваюць мыйнымі і дэзынфэкцыйнымі сродкамі. Таксама мыюць і дэзынфікуюць станцыі — парэнчы, дзьвярныя ручкі і іншыя рэчы, якіх датыкаюцца пасажыры.
Эўразьвяз выдзяляе Беларусі грошы на барацьбу з каранавірусам
У рамках сваіх глябальных дзеяньняў у адказ на ўспышку каранавірусу Эўрапейская камісія гатовая падтрымліваць краіны Усходняга партнэрства і пераразьмеркавала 140 мільёнаў эўра на самыя непасрэдныя патрэбы, у тым ліку і на патрэбы Беларусі, паведамляе Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.
Акрамя таго, Эўрапейская камісія перанакіруе сродкі існуючых інструмэнтаў на суму да 700 мільёнаў эўра, каб дапамагчы ў зьмякчэньні сацыяльна-эканамічнага ўплыву каранавіруснага крызісу па ўсім рэгіёне.
Ужо 152. У Беларусі за тры дні выявілі 58 новых выпадкаў COVID-19
Міністэрства аховы здароўя Беларусі 30 сакавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 47 пацыенты «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».
Ад пачатку эпідэміі ў Беларусі зрабілі 30 тысячаў тэстаў на новы каранавірус. Для абсьледаваньня і назіраньня працягваюць шпіталізаваць людзей з сымптомамі і тых, хто кантактаваў з інфікаванымі. За мінулы дзень, паводле Мінздароўя, шпіталізавалі для назіраньня 110 чалавек, выпісалі 144.
Беларусь застаецца сярод краінаў Эўропы, дзе выявілі найменш выпадкаў COVID-19 — меней толькі ў Косава (94 выпадкі пры насельніцтве ў 1,81 млн чалавек), Грузіі (98 пры насельніцтве ў 3,72 млн), Чарнагорыі (91 пры 631 тысячы) і шэрагу мікрадзяржаваў з насельніцтвам менш за 40 тысяч чалавек.
Санітарная служба рэкамэндавала рэстаранам рассунуць столікі на 1,5 мэтра
Больш вільготных прыборак, дэзынфэкцыя, антысэптыкі і ніякіх кальянаў — гэта яшчэ ня ўсе рэкамэндацыі месцам грамадзкага харчаваньня ад санітарна-эпідэміялягічнай службы. Суб’ектам гаспадараньня (кавярням, рэстаранам, начным клюбам) разаслалі рэкамэндацыйны ліст, у якім прапісалі захады супраць каранавіруснай інфэкцыі. Сярод іх павелічэньне адлегласьці паміж пасадачнымі месцамі і захаваньне рэсьпіраторнага этыкету. Больш падрабязна чытайце тут>>
«Эўраопт» запусьціў яшчэ адзін сэрвіс дастаўкі прадуктаў
Сетка крамаў «Эўраопт», якая ўжо мае сэрвіс «Е-дастаўка», запусьціла яшчэ адзін сэрвіс: «Хіт-дастаўка». Асартымэнт у гэтага сэрвісу зьменшаны да «самых запатрабаваных» тавараў: мяса, рыба, яйкі, садавіна, гародніна, малочныя прадукты, хлеб, кандытарскія вырабы і бакалея. Сьцьвярджаецца, што цэны там ніжэйшыя за «афлайнавыя» крамы.
Кампанія заяўляе, што зьменшаны асартымэнт дазволіць лягчэй знаходзіць плошчы пад склады і хутчэй вучыць супрацоўнікаў — а значыць, павялічыць колькасьць выкананых замоваў і зьменшыць час чаканьня. Асноўны сэрвіс «Е-дастаўка» перажывае падвышаны попыт у час пандэміі каранавірусу.
Пакуль сэрвіс працуе толькі ў Менску, прапануе дастаўку пераважна на наступны дзень пасьля замовы. Мінімальная сума замовы — 35 рублёў, максымум 5 тавараў аднаго віду, аплата толькі праз інтэрнэт.
«У нас ніякай панікі няма». Міністар абароны адказаў Лукашэнку: інфікаваных каранавірусам у арміі няма
У беларускім войску няма ніводнага выпадку заражэньня каранавірусам, паведаміў Аляксандру Лукашэнку міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Паводле яго, у гэтыя дні на 10 палігонах Беларусі адпрацоўваюцца розныя мерапрыемствы, у якіх задзейнічаныя 7,5 тысячы вайскоўцаў.
«Цэны на прадукты могуць вырасьці ўжо на гэтым тыдні», — бізнэсовец
Сьцісла
- Паводле экспэртаў, неўзабаве вырастуць цэны на харчы.
- На нехарчовыя тавары цэны не растуць, бо прадпрымальнікі распрадаюць запасы.
- Ня варта чакаць павышэньня цэнаў і на бытавую тэхніку.
- «Камуналка» будзе на ранейшым узроўні, хоць і мусіць апускацца, бо таньнее нафта і газ.
Мінздароўя тры дні не паведамляла пра распаўсюд каранавірусу. БАЖ апублікаваў адкрыты зварот
Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала 30 сакавіка зварот да Міністэрства аховы здароўя пад загалоўкам «Найлепшая абарона ад фэйкаў і панікі — праўдзівая своечасовая інфармацыя».
БАЖ спасылаецца на 34-ы артыкул Канстытуцыі і патрабуе:
- арганізаваць працу прэс-службаў Мінздароўя, абласных, гарадзкіх і раённых уладаў так, каб кожны журналіст мог у працоўны час атрымаць дакладную і своечасовую інфармацыю пра COVID-19;
- штодзень даваць грамадзтву апэратыўную і дакладную інфармацыю пра распаўсюд COVID-19, а таксама пра рэкамэндацыі лекараў.
Тым часам у Палаце прадстаўнікоў плянуюць разглядзіць інфармаваньне пра пандэмію, але недзяржаўныя СМІ ня пусьцяць. Мінздароўя тры дні не паведамляла пра распаўсюд вірусу ў Беларусі.
«Спадзяваліся праскочыць, але не прапусьцілі». Што адбываецца па абодва бакі закрытай расейскай мяжы
Расея закрыла свае межы. Напярэдадні такое даручэньне выдаў прэм’ер-міністар Міхаіл Мішуцін. Пад закрыцьцё трапіў і сухапутны ўчастак беларуска-расейскай мяжы.
Свабода пабывала на адной з самых ажыўленых транзытных трасаў Магілёўшчыны Р-43, якая вядзе зь беларускага Крычава ў расейскі Рослаў, а далей у Маскву.
Каранавірус пры пераліваньні крыві не перадаецца. Вялікая гутарка з дырэктарам РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій
Пры пераліваньні крыві заразіцца каранавірусам немагчыма: пры пнэўманіі і COVID-19 крыві не пераліваюць. Тэстаў на каранавірус донары не здаюць. У сувязі з пагрозай каранавірусу ў Беларусі донараў менш ня стала. Няма і дэфіцыту крыві і яе кампанэнтаў, сьцьвярджае дырэктар РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій Фёдар Карпенка.
Беларускіх донараў, якіх у краіне амаль 100 тысяч, сытуацыя з каранавірусам не напалохала. Як і не пужалі сэзонныя пад’ёмы прастудных захворваньняў, а таксама птушыны грып, атыповая пнэўманія, SARS, MERS ды іншыя «заразы».
Міністар абароны адказаў Лукашэнку: інфікаваных каранавірусам у арміі няма
«У нас ніякай панікі няма. Мы плянава праводзім усе мерапрыемствы, — сказаў Віктар Хрэнін. — На сёньняшні дзень ва Ўзброеных сілах няма ніводнага выпадку заражэньня каранавірусам».
Паводле яго, у гэтыя дні на 10 палігонах Беларусі адпрацоўваюцца розныя мерапрыемствы, у якіх задзейнічаныя 7,5 тысячы вайскоўцаў.
«Яны здаровыя і здольныя выконваць задачы. Аднак мы не расслабляемся. Нашы санітарна-эпідэміялягічныя службы, мэдыкі знаходзяцца ў павышанай гатоўнасьці», — запэўніў міністар абароны.
NaviBand зграе «кватэрнік» праз Youtube
Лідэры беларускага гурту NaviBand Арцём і Ксенія 30 сакавіка дадуць акустычны хатні канцэрт на Youtube-канале Onliner. Пачатак у 19.30. Сьпевакі прымаюць пытаньні ад слухачоў у камэнтарах да трансьляцыі або да артыкулу на Onliner.by.
Музыкі і арганізатары канцэрту заклікаюць у час пандэміі новага каранавірусу заставацца дома і выконваць рэкамэндацыі лекараў. Такія інтэрнэт-канцэрты ўжо давалі :B:N:, Leibonik, Лявон Вольскі і іншыя музыкі, у інтэрнэт-фармаце прайшло сьвяткаваньне Дня Волі.
Каранавірус у сям’і актораў Коласаўскага тэатра: жонку выпісалі пасьля пнэўманіі, муж — у рэанімацыі
Мужчына ўжо 6 дзён знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Дыягназ актора Свабодзе пацьвердзіла яго жонка, якая таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнэўманіяй.
20 сакавіка муж і жонка, якія працуюць у Коласаўскім тэатры, адчулі сябе дрэнна, у іх была тэмпэратура. 21 сакавіка іх паклалі ў чыгуначны шпіталь. Там узялі тэсты на каранавірус, у абодвух аналізы былі адмоўныя. Лячылі антыбіётыкамі. Жонка 5 дзён праляжала ў шпіталі, стан яе палепшыўся, жанчыну выпісалі.
Паводле яе, у чыгуначным шпіталі знаходзяцца 6 чалавек з каранавірусам.
Шмат людзей ляжаць з пнэўманіямі, ім зьбівалі тэмпэратуру, лячылі антыбіётыкамі і выпісвалі, ня робячы ніякіх тэстаў на каранавірус. Цалкам чытайце тут >>
20 тысячаў брытанскіх лекараў-пэнсінераў вяртаюцца на працу для барацьбы з каранавірусам
Пра гэта ў распаўсюджаным у панядзелак відэароліку заявіў кіраўнік урада, які сам знаходзіцца на самаізаляцыі пасьля таго, як у яго пацьвердзілася хвароба COVID-19, якая выклікаецца новым каранавірусам.
«20 тысяч супрацоўнікаў нацыянальнай сыстэмы аховы здароўя вяртаюцца ў шэраг — лекары і мэдсёстры, і гэта выдатная рэч», — сказаў Джонсан.
Па дадзеных, апублікаваных 28 сакавіка, у Злучаным Каралеўстве было пацьверджана амаль 20 тысяч выпадкаў заражэньня новым каранавірусам, 1 228 чалавек памерлі.
У Эманюэля Макрона праз каранавірус вырас рэйтынг
Паводле апытаньня грамадзкай думкі, які апублікавала газэта JDD, рэйтынг прэзыдэнта і прэм’ер-міністра Францыі вырас з пачатку эпідэміі каранавірусу, паведамляе rfi.fr.
Рэйтынг Эманюэля Макрона вырас на 11 пунктаў за адзін месяц, Эдуара Філіпэ — на
6 пунктаў, пабіўшы рэкорд папулярнасьці за год, з красавіка 2018-га. Такія вынікі апытаньня Францускага інстытуту грамадзкай думкі Ifop.
Паводле апошніх лічбаў, 43% французаў «задаволеныя» дзейнасьцю свайго прэзыдэнта ў сакавіку, тады як у лютым іх было толькі 32%. Прэмʼер-міністар набраў 42% станоўчых адказаў, у лютым такіх было 36%. Рост папулярнасьці Макрона адзначаны ва ўсіх узроставых групах, асабліва сярод людзей, старэйшых за 65 гадоў (на 17% больш, чым у лютым).