Польшча падоўжыла закрыцьцё межаў да 13 красавіка
Польшча заявіла аб тым, што яе мяжы застануцца закрытымі для замежнікаў да 13 красавіка. Пры гэтым усе палякі могуць вярнуцца на радзіму.
Кубак Беларусі па акадэмічным веславаньні перанесьлі на нявызначаны тэрмін
Рашэньне пра канкрэтныя даты, калі адбудзецца розыгрыш трафэя, або канчатковую адмену кубкавай рэгаты будзе прынятае ў красавіку, з улікам эпідэміялягічнага становішча, а таксама зьменаў у міжнародным спаборніцкім календары, паведамілі БелТА ў прэс-службе грамадзкага аб’яднаньня.
Раней Міжнародная фэдэрацыя веславаньня адмяніла ўсе афіцыйныя спаборніцтвы да канца траўня (сярод іх этапы Кубку сьвету, а таксама кваліфікацыйныя спаборніцтвы да Гульняў-2020). Разам з тым чэмпіянат Эўропы 2020 году, папярэдне плянавалі на 5-7 чэрвеня ў Познані (Польшча), арганізатары спаборніцтваў пакуль не пераносілі.
У Маскве памерлі два чалавекі з каранавірусам
У Маскве памерлі два пацыенты сталага веку, які мелі станоўчыя тэсты на каранавірус. Пра гэта паведаміў гарадзкі апэратыўны штаб.
У Азэрбайджане наступны тыдзень абвясьцілі непрацоўным праз каранавірус
Кабінэт міністраў Азэрбайджану 25 сакавіка ў сувязі з каранавірусам абвясьціў наступны тыдзень непрацоўным. Пра гэта паведаміў апэратыўны штаб па барацьбе з COVID-19.
Cёньня ж у сувязі з эпідэміяй каранавірусу наступны тыдзень быў абвечаны непрацоўным і ў Расеі.
Агульная колькасць заражаных каранавірусам ў Азэрбайджане дасягнула 93 чалавек, шасьцёра з іх выяўленыя за апошнія суткі. Паводле зьвестак штабу, цяпер у шпіталях знаходзіцца 81 хворы з COVID-19, стан траіх з іх ацэньваецца як цяжкі. Адна пацыентка з каранавірусам раней памерла. На карантыне ў Азэрбайджане знаходзяцца 2914 чалавек.
Арганізатары перанесьлі «Фэст экскурсаводаў — 2020»
Арганізатары перанесьлі на 19–20 верасьня сёлетні «Фэст экскурсаводаў», які перш быў заплянаваны на 25–26 красавіка.
Прычына пераносу: неспрыяльнае санітарна-эпідэміалагічнае становішча ў Беларусі і сьвеце.
Зарэгістраваць свае маршруты экскурсаводы-удзельнікі фэсту могуць на сайце festguides.by.
Літва падоўжыла агульнанацыянальны карантын да 13 красавіка, транзытны калідор — да 30 сакавіка
Урад Літвы прыняў рашэньне аб прадаўжэньні карантыну ў сувязі з каранавірусам на 2 тыдні, паведаміла літоўскае агенцтва BNS. Раней карантын быў уведзены да 30 сакавіка.
«Карантын падоўжаны на мінімальны тэрмін у два тыдні. Ці давядзецца рабіць гэта зноў і зноў, залежыць ад нас усіх, ад таго, як мы будзем выконваць карантынныя патрабаваньні, каб інфэкцыя не распаўсюджвалася», — сказаў на прэс-канфэрэнцыі ў рэжыме онлайн прэм’ер- міністар Саўлюс Сквэрняліс.
Таксама Літва падоўжыла дзеяньне транзытнага калідора для грамадзян іншых краін, якія вяртаюцца на месца сталага пражываньня, да 30 сакавіка, паведамілі ў беларускім Памежным камітэце.
Тайлянд закрыў межы для ўезду і выезду
Улады Тайлянду прынялі рашэньне цалкам закрыць уезд і выезд з краіны ад поўначы з 25 на 26 сакавіка.
Перастануць працаваць усе памежныя пункты як у аэрапортах, гэтак і ў марскіх і рачных портах, а таксама на сухапутных межах. Абмежаванні будуць дзейнічаць да асаблівага распараджэння дзяржаўнага камітэту па надзвычайнай сытуацыі для барацьбы з распаўсюдам інфекцыі.
З Гоа ў Маскву вылецелі 62 беларускія турысты
25 сакавіка беларускія турысты, якія не маглі вярнуцца з Індыі пасьля закрыцьця Расеяй межаў у сувязі з эпідэміяй каранавірусу, вылецелі ў Маскву, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў Міністэрстве спорту і турызму. 51 зь іх былі ў Індыі як арганізаваныя турысты, астатнія — самастойна.
Самалёт павінен прыбыць у міжнародны аэрапорт Шарамецьцева, пасьля чаго беларусы на працягу 24 гадзін абавязаныя пакінуць транзытную зону і вылецець у Беларусь.
У аэрапорце Ўнукава застаюцца 63 беларусы, 7 на транспарце амбасады вывезьлі ў Дамадзедава
У транзытнай зоне маскоўскага аэрапорта Ўнукава ў чаканьні рашэньня пытаньня з адпраўкай на радзіму цяпер застаюцца 63 грамадзяніна Беларусі, паведаміў БелТА прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Расеі Алег Мазура.
Што тычыцца сямі беларусаў, якія напярэдадні прыляцелі ва Ўнукава з Дамініканы, але «празь няўзгодненасьць ведамстваў» іх ня выпусьцілі ў Менск з маскоўскага аэрапорту, дык гэта сытуацыя вырашылася: цяпер на аўтобусе дыпмісіі іх вывезьлі з Унукава ў аэрапорт Дамадзедава, адкуль, як плянуецца, яны вылецяць у Менск у 19.55 рэгулярным рэйсам «Белавія».
Пуцін заявіў аб пераносе галасаваньня па папраўках у Канстытуцыю на пазьнейшы тэрмін
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сказаў, што ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу агульнае галасаваньне па папраўках у Канстытуцыю, заплянаванае на 22 красавіка, будзе перанесенае на пазьнейшы тэрмін.
Уладзімір Пуцін 25 сакавіка выступіў з тэлезваротам да грамадзянаў краіны ў сувязі з сытуацыяй з каранавірусам.
Пуцін сказаў, што наступны тыдзень для расейцаў стане нерабочым з захаваньнем зарплаты. Выходныя дні будуць доўжыцца з 28 сакавіка па 5 красавіка. Пуцін падкрэсьліў, што доўгія выходныя дазволяць зьнізіць распаўсюджваньне каранавірусу.
Чытаць цалкам.
У Магілёве вучням і настаўнікам забаранілі камэнтаваць у сацыяльных сетках допісы пра каранавірус
У дакумэнце з подпісам начальніка аддзелу адукацыі Магілёўскага райвыканкаму Натальлі Колас аддзел адукацыі забараняе вучням і работнікам установаў адукацыі ставіць падабайкі ў сацыяльных сетках, рабіць спасылкі і камэнтаваць «усялякую» інфармацыю, зьвязаную з пашырэньнем каранавіруснай інфэкцыі.
У аддзеле адукацыі Магілёўскага райвыканкаму Свабодзе сказалі, што гэта не распараджэньне, а «проста была даведзеная інфармацыя». Падрабязнасьці тут >>
Ва Ўкраіне абвясьцілі надзычайную сытуацыю і падоўжылі карантын да 24 красавіка
Кабінэт Міністраў Украіны ў сувязі з пагаршэньнем сытуацыі з каранавірусам падоўжыў карантын да 24 красавіка. Апроч таго, на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны абвешчана надзвычайная сытуацыя.
Паводле Цэнтру грамадзкага здароўя, на 10 гадзіну раніцы ва Ўкраіне афіцыйна пацьвердзілі 113 выпадкаў заражэньня каранавірусам, чатыры чалавекі памёрлі, адзін паправіўся і выпісаны зь лякарні. Цалкам чытайце тут>>
«Міліцыя загадала нічога не казаць, з дому не выходзіць». У Гомлі новыя падазрэньні на каранавірус
У Гомлі міліцыя ўключылася ў барацьбу з каранавірусам. У адным з дамоў, дзе ўчора праводзілі санітарную апрацоўку праз падазрэньне на каранавірус у адной з жыхарак, міліцыя абышла ўсіх жыхароў. Супрацоўнікі сілавой структуры загадалі жыхарам «нікому нічога не казаць» і не выходзіць з дому.
Свабода даведалася, што ў двух жыхарак гораду на Сожы падазраюць каранавірус. Мы паглядзелі, што адбываецца ў дамах, дзе яны жывуць.
«Кантакты першага ўзроўню» паскардзіліся, што не атрымліваюць інфармацыю пра вынікі тэстаў
Андрэй з Рагачова і Яніна з Жыткавічаў расказалі Tut.by, што ўжо тры дні чакаюць вынікаў тэстаў на COVID-19, хоць зьяўляюцца «кантактамі І узроўню» — наўпрост кантактавалі з хворымі.
Андрэй прыляцеў з Турэччыны, самаізаляваўся дома. Але ў суботу адчуў болі ў грудзях, у яго паднялася тэмпэратура. Зьвярнуцца да мэдыкаў не пасьпеў: тыя патэлефанавалі першымі і паведамілі, што хворага на COVID-19 выявілі ў самалёце, на якім ляцеў Андрэй. У раённай лякарні ў яго ўзялі тэсты — мінула тры дні, вынікаў няма.
Яніна — пляменьніца жанчыны з Жыткавічаў, у якой падазраюць COVID-19 (першы тэст даў станоўчы вынік). Дзяўчына знаходзіцца ў 6-й менскай лякарні тры дні, вынікаў тэстаў ня ведае. Пры тым дзеці ейнай цёткі ўжо ведаюць свае вынікі (адмоўныя).
Міністэрства здароўя раней казала, што вынікі тэстаў мусяць быць гатовыя мінімум праз чатыры гадзіны, максымум праз 24. Калі празь дзень чалавеку не паведамілі вынікаў, то гэтыя вынікі адмоўныя, пісаў Tut.by са спасылкай на прадстаўнікоў міністэрства. Праўда, для пэўнасьці ў Беларусі ўжываюць тры віды тэстаў — калі адзін даў адмоўны вынік, усё роўна могуць праверыць іншымі, бо каранавірус яшчэ можа быць (або зьявіцца) у арганізьме пацыента.
Зянон Пазьняк заклікаў адзначыць Дзень Волі дома, зь сям'ёй. З прычыны пандэміі
Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, былы кіраўнік Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазьняк, які цяпер знаходзіцца ў Нью-Ёрку, павіншаваў суайчыньнікаў з Днём Волі.
«Віншую ўсіх беларусаў з гэтым вялікім днём! Віншую і разумею, што нельга рабіць баль у час чумы, выходзіць на вуліцы і плошчы. Каранавірус — гэта ёсьць чума ХХI стагодзьдзя. Таму заклікаю адзначаць сьвяты і гэты вялікі дзень у нашых душах, у сем’ях, у нашых дамах, побач з блізкімі людзьмі, разам зь сябрамі. Няхай сёлета гэты гістарычны дзень стане нашым сямейным сьвятам».
Паводле Зянона Пазьняка, сам ён таксама будзе адзначаць Дзень Волі дома, разам з жонкай. У Нью-Ёрку спыненыя масавыя мерапрыемствы, і беларуская дыяспара ўпершыню за некалькі дзясяткаў гадоў ня ладзіць ніякіх публічных сьвяточных імпрэзаў.
Пандэмія COVID-19: траціна насельніцтва Зямлі ва ўмовах карантыну
Больш за 2,6 мільярда чалавек у дзясятках дзяржаваў сьвету знаходзяцца ў рэжыме абмежаваньняў — перш за ўсё на перамяшчэньне і сацыяльныя кантакты — у сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі. Якія меры прымаюць розныя краіны і якая там цяпер сытуацыя, чытайце тут >>
У прынца Ўэльскага Чарльза выявілі COVID-19
У 71-гадовага прынца Ўэльскага Чарльза тэст на новы каранавірус даў станоўчы вынік. Цяпер ён мае «нязначныя сымптомы», але ў астатнім застаецца ў «добрым здароўі». Ён знаходзіцца на самаізаляцыі ў Шатляндыі з жонкай — прынцэсай Камілай, герцагіняй Корнуальскай. Тэсты Камілы далі адмоўны вынік, таму пара трымаецца паасобку. Цалкам чытайце тут>>
Настарэйшы пацыент з каранавірусам езьдзіў у Маскву сустракацца з аднапалчанамі
Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік расказаў, што 79-гадоваму пацыенту спатрэбілася стацыянарнае лячэньне. Але сытуацыя ў норме. Цлакам чытайце тут >>
Мінздароўя Беларусі дадало Польшчу і Чэхію ў краіны зь «неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй»
З прычыны распаўсюду COVID-19 на мэдыцынскае назіраньне цягам 14 дзён ставяць тых, хто наведваў:
- Італію;
- Іран;
- Паўднёвую Карэю;
- Францыю;
- Нямеччыну;
- Гішпанію;
- Польшчу;
- Чэхію.
Дзьвюх апошніх краінаў раней не было ў сьпісе. У ім па-ранейшаму няма Кітаю, зь якога пачалася пандэмія COVID-19. Цалкам чытайце па спасылцы>>
Сусьветны банк выдзеліць Беларусі экстранае фінансаваньне на барацьбу з каранавірусам
Сусьветны банк забясьпечыць Беларусь фінансаваньнем для набыцьця прадметаў мэдычнага прызначэньня ў сувязі з распаўсюдам каранавірусу, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у беларускім прадстаўніцтве банку. Сума фінансавай дапамогі пакуль што не агучваецца.