«На карантын патрэбны грошы, а іх на людзей шкада». Што гавораць бацькі, калі вядуць малых у школу
Вырашылі праверыць, ці ахвотна бацькі адпраўляюць дзяцей у школы, дзе так і не ўвялі карантын.
Рэпартаж з уваходу ў менскую СШ № 199 у мікрараёне Сухарава, якая знаходзіцца на адлегласьці 300 мэтраў ад школы, дзе днямі з падазрэньнем на каранавірус быў шпіталізаваны вучань 6-й клясы, чытайце па спасылцы >>
«Вы не адны». Зьявілася онлайн-мапа беларусаў, якія добрааахвотна самаізаляваліся падчас пандэміі
Магілёўцы Сяргей Пехцераў і Антон Турко зрабілі онлайн-мапу ў падтрымку беларусаў, якія самаізаляваліся падчас пандэміі каранавірусу. Каб паказаць людзям, якія сьвядома застаюцца дома, што яны не адны, а тым, «у каго ёсьць магчымасьць пайсьці на карантын, але яны не сьпяшаюцца, бо ня бачаць пагрозы», — штосамаізаляцыя магчымая.
Адзначыцца на мапе ядома.бел можна праз телеграм-бот.
На Магілёўшчыне 53-гадовы мужчына памёр ад пнэўманіі. Упраўленьне здароўя: каранавірус ні пры чым
18 сакавіка зь Нямеччыны пасьля 10-дзённага побыту там прыехаў жыхар абласнога цэнтру, які праз 3 дні памёр у інфэцыйнай лякарні. У Магілёўскім аблвыканкаме запэўніваюць, што прычына сьмерці — не каранавірус, 53-гадовага мужчыну даставілі ў лякарню 20 сакавіка з арытміяй і прыкметамі ўскладненага дыханьня. Двойчы бралі мазкі на COVID-19, якія далі адмоўны вынік. Цалкам чытайце тут >>
«Калі б вы цяпер трапілі ў Кітай, вы б селі на падлогу і заплакалі». Беларус апавядае пра свой карантын у Пэкіне
Берасьцеец Павал ужо два гады жыве ў Кітаі. Некалькі дзён таму ён прыляцеў у Пэкін з падарожжа, каб вярнуцца да працы. Яго адразу ж зьмясьцілі ў 14-дзённы карантын. І ён кажа, што рады гэтаму, і хваліць кітайцаў за хуткасьць і арганізаванасьць.
Пра ўсё, што адбываецца вакол, Павал апавядае і здымае відэа ў сваім інстаграме. Ён падзяліўся ўражаньнямі з Радыё Свабода.
Нямеччына прыняла «беспрэцэдэнтны» антыкрызісны пакет на 600 мільярдаў эўра
Кабінэт міністраў Нямеччыны ўхваліў 23 сакавіка шырокі пакет захадаў для падтрымкі эканомікі, якая нясе страты ад пандэміі COVID-19.
На экстраным паседжаньні нямецкі ўрад прыняў законапраекты, якія прадугледжваюць фінансаваньне розных захадаў за кошт запазычанасьці ў 156 мільярдаў эўра.
- Ствараецца Фонд эканамічнай стабільнасьці на 600 млрд эўра.
- Зь іх 400 млрд эўра пойдзе на крэдытныя гарантыі, якія адкрыюць кампаніям доступ да дадатковага капіталу ў час крызісу, яшчэ 100 млрд прадугледзілі на выпадак, калі дзяржаве давядзецца купляць долі ў прадпрыемствах, якія апынуцца на мяжы банкруцтва, яшчэ 100 млрд — на спэцыяльныя праграмы нямецкага банку разьвіцьця KfW.
- Асобна ад таго 50 млрд эўра пойдуць на падтрымку самазанятых грамадзянаў, малых кампаніяў і мікрапрадпрыемстваў.
- І іншае.
Трамп заявіў пра магчымасьць спыненьня карантыну ў ЗША ў пачатку красавіка
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заявіў у панядзелак, што разглядае пытаньне аб тым, каб аднавіць працу эканомікі ЗША, калі на наступным тыдні закончыцца 15-дзённы карантын.
Яго заявы прагучалі на фоне хуткага распаўсюджваньня каранавірусу ў краіне, і падрыхтоўкі шпіталёў да хвалі сьмерцяў, звязаных з COVID-19.
«Амэрыка зноў неўзабаве будзе адкрытая для бізнэсу, — заявіў Трамп на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме. — Мы не дазволім ператварыць гэта ў доўгатэрміновую фінансавую праблему».
Як гэта — сьвяткаваць дзень народзінаў, калі навокал каранавірус. Піша Алена Германовіч
«Нешта ніхто не прыйшоў. Можа быць, таму, што мы нікога не паклікалі? Ці таму, што мы самі, як ніколі, маем патрэбу ў самаізаляцыі пасьля сацыяльных камунікацый з начальнікамі.
Для нас, пакуль мы жывыя, самаізаляцыя — хіба ласка Божая і дабраславеньне, а не праклён.
Цяпер усе пішуць патрабаваньні да ўладаў (то дактары, то настаўнікі, то студэнты): „Абвясьціце карантын, пачніце карантын!“. Мы таксама выстаўляем сваё патрабаваньне: „Адрэжце гэты інтэрнэт, перарэжце ўсе кабелі, калі ласка. Каб наша начальства не магло звязацца з намі і даць заданьне ісьці прасіць камэнтар у якое-кольвек Упраўленьне“».
«Спыніць войны і змагацца з агульным ворагам», — кіраўнік ААН
Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонію Гутэрыш заклікаў спыніць усе баявыя дзеяньні, каб дазволіць чалавецтву справіцца з новым каранавірусам.
«Мы сутыкнуліся з агульным ворагам, які ня ведае літасьці і не адрознівае расаў, нацыянальнасьцяў або вераваньняў», — нагадаў Гутэрыш у адмысловым звароце.
Ад узброеных канфліктаў, дадаў ён, найбольш цярпяць безабаронныя: жанчыны, дзеці, інваліды, уцекачы. І яны ж становяцца першымі ахвярамі COVID-19. Да таго ж у краінах, дзе ідуць войны, мэдыцына «знаходзіцца ў стане каляпсу», мэдыкі перажываюць пастаянныя напады.
«Прыйшоў час абвясьціць карантын узброеных канфліктаў і кінуць усе высілкі на барацьбу, ад выніку якой залежыць нашае жыцьцё», — заявіў Гутэрыш і заклікаў «прымусіць гарматы замаўчаць», каб адкрыць калідоры для дастаўкі неабходнай дапамогі рэгіёнам, пацярпелым ад COVID-19.
У Вялікай Брытаніі абвясьцілі агульнанацыянальны карантын у сувязі з каранавірусам
Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан абвясьціў пра сур’ёзныя абмежаваньні, якія ўводзяцца ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу.
Жыхары краіны абавязаны знаходзіцца дома, выходзіць на вуліцу дазваляецца толькі ў крытычных выпадках.
За апошнія суткі ў Ангельшчыне памерлі блізу паўсотні чалавек ва ўзросьце ад 47 да 100 гадоў, ва ўсіх былі дадатковыя праблемы са здароўем. Па чатыры чалавекі памерлі ў Шатляндыі і Ўэльсе. Агулам зроблена 83 945 аналізаў на каранавірус і пацьверджаны 6 724 выпадкі заражэньня.
Эўразьвяз прыпыніў дзеяньне Пакту стабільнасьці і росту
Рада эканомікі і фінансаў Эрапейскага зьвязу ў панядзелак, 23 сакавіка, прыпыніла дзеяньне Пакту стабільнасьці і росту, выкарыстаўшы агаворку аб магчымасці выхаду зь яго.
Пакт — гэта базавы дакумэнт эўразоны. Ён абавязвае краіны Эўразьвязу зводзіць свае дзяржбюджэты са станоўчым або нулявым сальда.
У выключных выпадках можа дапускацца дэфіцыт дзяржбюджэту, аднак ён не павінен быў перавышаць 3% валавага ўнутранага. Пактам стабільнасьці і росту таксама прадугледжана, што дзяржаўны доўг не павінен перавышаць 60% ВУП.
Міністры фінансаў краінаў Эўразьвязу заявілі, што цьвёрда імкнуцца хутка вырашыць бягучыя праблемы, аднаўляць давер і падтрымліваць хуткае аднаўленьне эўразоны.
Летнія Алімпійскія гульні «адкладуць», — сябра Міжнароднага алімпійскага камітэту
Сёлетнюю летнюю Алімпіяду, якую плануецца правесьці ў Японіі ў Токіё, перанясуць з прычыны пандэміі каранавірусу, заявіў шматгадовы сябра Міжнароднага алімпійскага камітэту Дык Паўнд у тэлефонным інтэрвію USA Today. Афіцыйных абвестак Міжнароднага алімпійскага камітэту (IOC) ці Аргкамітэту не было.
«Зыходзячы з інфармацыі IOC, адкласьці ўжо вырашана, — цытуе выданьне словы Дыка Паўнда 23 сакавіка. — Як усё будзе праходзіць, пакуль яшчэ ня вырашана, але гульні не пачнуцца 24 ліпеня, наколькі я ведаю».
Паводле Паўнда, якога выданьне называе адным з самых уплывовых чальцоў IOC на працягу дзесяцігодзьдзяў, гульні, хутчэй за ўсё, будуць перанесеныя на 2021 год, але падрабязнасьці мусяць быць вырашаны на працягу наступных чатырох тыдняў.
Рашэньне аб пераносе Гульняў будзе прынятае «ў некалькі этапаў», сказаў Паўнд, які ў свае 78 гадоў зьяўляецца сябрам IOC найдаўжэй.
У ЗША 10 тысяч новых выпадкаў за дзень, у Італіі ёсьць добрыя навіны
Цягам 23 сакавіка найбольшы рост колькасьці зафіксаваных выпадкаў COVID-19 быў у ЗША: 10168 новых выпадкаў з 22 па 23 сакавіка.
За той жа час выявілі ў Гішпаніі 6,4 тысячы новых выпадкаў, у Італіі 4,8 тысячы, у Нямеччыне 4,2 тысячы, у Францыі 3,8 тысячы, у Іране 1,4 тысячы.
А ў Кітаі, зь якога пачалася пандэмія, рост колькасьці хворых ужо даўно ўпаў ніжэй за сотню на дзень — ад 22 да 23 сакавіка там было 78 новых выпадкаў.
Але і ў Італіі ёсьць добрыя навіны: там ужо другі дзень запар спадае колькасьць новых выяўленых выпадкаў і колькасьць сьмерцяў ад COVID-19. Самы першы пацыент, у якога ў Італіі выявілі гэтую хваробу, 23 сакавіка быў выпісаны са шпіталя.
Беларускі лекар, які заклікаў да карантыну: «Зь Нідэрляндаў напісалі, якія вар’яты жывуць у Беларусі»
Аляксандар Лобан, які 16 гадоў працаваў у Нідэрляндах, першым зьвярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам увесьці ў краіне карантын і закрыць межы. Чаму ён ня здаў тэст на каранавірус у аэрапорце, на які рэжым перайшлі лекары ў Амстэрдаме і што цяпер могуць зрабіць сьвятары, — у ягоным інтэрвію Свабодзе.
Ён кажа, «многае цяпер залежыць ад нас, гэта пытаньне жыцьця і сьмерці нашых родных, блізкіх людзей».
Лічбы на раніцу 24 сакавіка
- У сьвеце зафіксавалі 381,2 тысячы выпадкаў COVID-19: 81,5 тысячы ў Кітаі, каля 64 тысяч ў Італіі, 46 тысяч у ЗША, 35 тысяч у Гішпаніі, 29 тысяч у Нямеччыне, 23 тысяч у Іране, амаль 20 тысяч у Францыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 16,5 тысячы чалавек. Зь іх 6077 у Італіі, 3281 у Кітаі, 2311 у Гішпаніі, 1812 у Іране.
- Выпісалі 102,4 тысячы пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 262,7 тысячы, зь іх каля 12 тысяч у цяжкім стане.
- У Беларусі на 23 сакавіка пацьвердзілі 81 выпадак інфэкцыі новым каранавірусам. Паводле Міністэрства аховы здароўя, 22 пацыенты «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 59 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні».
Сусьветны банк можа выдаткаваць 150 мільярдаў даляраў за 15 месяцаў на барацьбу з каранавірусам
У панядзелак прэзыдэнт Сусьветнага банку Дэвід Мальпас заявіў, што ягоная структура можа выдаткаваць 150 мільярдаў даляраў, каб дапамагчы разьвіцьцёвым краінам у барацьбе з пандэміяй каранавіруса і наступным аздараўленьні эканомікі.
Пандэмія COVID-19 паскараецца, — кіраўнік САЗ
Пандэмія хваробы COVID-19, выкліканай новым каранавірусам, паскараецца, заявіў 23 сакавіка кіраўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Гебрэесус.
Паводле яго, хваробе спатрэбілася 67 дзён, каб былі зарэгістраваныя першыя 100 тысяч выпадкаў, 11 дзён для наступных 100 тысяч і толькі чатыры дні для апошніх 100 тысяч.
Кіраўнік САЗ заклікаў выкарыстаць супраць пашырэньня вірусу ня толькі «абарончыя» меры — заклікаць людзей заставацца дома і трымаць фізычную дыстанцыю ад іншых. Паводле яго, трэба праводзіць тэсты ў кожным падазроным выпадку, ізаляваць і аказваць дапамогу ў кожным пацьерджаным выпадку, а таксама адсочваць і пасылаць на карантын тых, хто быў у шчыльным кантакце з хворымі.
COVID-19: міты і парады, якія трэба ігнараваць
У сацыяльнах сетках распаўсюджваецца шмат парадаў наконт прафіляктыкі і лячэньня каранавірусу, і многія зь іх варта ігнараваць. Мы зробім гэта, абапіраючыся на парады і рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.
Чаму каранавірус забівае больш мужчын, чым жанчын. Тлумачым з экспэртамі
Каранавірусная інфэкцыя можа быць больш небясьпечная для мужчын, чым для жанчын. Пра гэта сьведчыць італьянская статыстыка інфікаваных і памерлых ад COVID-19. Разам з экспэртамі, чые погляды прыводзяць амэрыканскія выданьні The Washington Post і The New York Times, паспрабуем патлумачыць, чаму пэўныя групы больш уразьлівыя да каранавіруснай інфэкцыі.
«У Жыткавічах за тыдзень нават здымак не зрабілі!» — сваячка хворай на каранавірус
У 58-гадовай жыхаркі Жыткавічаў дыягнаставалі каранавірус. «Дагэтуль яна тыдзень была на бальнічным. За гэты час нават здымак лёгкіх не зрабілі. У суботу яна страціла прытомнасьць, калі выйшла ад тэрапэўта. Трапіла ў рэанімацыю», — расказала пляменьніца жыхаркі райцэнтру.
Суд у Нідэрляндах па справе аб зьбітым у Данбасе «Боінгу» адклалі да лета з прычыны пандэміі
Акруговы суд Гаагі з прычыны каранавіруса прыпыніў слуханьні па справе аб зьбітым у небе над Данбасам «Боінгу» рэйсу MH17. Дата працягу працэсу будзе прызначаная 8 чэрвеня. Апошні тэрмін для допыту сьведак пакуль яшчэ не прызначаны.