МЗС дапамагло вярнуцца дадому амаль тром з паловай тысячам беларусаў
Міністэрства замежных справаў дапамагло вярнуцца дадому амаль 3,5 тысячы беларусаў, піша БелТА са спасылкай на прэс-сакратара беларускага Міністэрства замежных справаў Анатоля Глаза.
У Расеі кантакты хворых на COVID-19 адсочаць па геалякацыі тэлефонаў.
Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін даручыў міністэрству сувязі да 27 сакавіка распрацаваць сыстэму адсочваньня людзей, якія кантактавалі з тымі, хто хворы на каранавірусную інфэкцыю COVID-19. Сыстэма мае грунтавацца на зьвестках сотавых аператараў пра геалякацыю тэлефонаў канкрэтных людзей, паведамляецца на сайце расейскага ўраду.
Мішусьцін распарадзіўся рассылаць грамадзянам інфармацыю пра тое, што яны кантактавалі з хворым на COVID-19 чалавекам, а таксама перадаваць гэтыя звесткі ў рэгіянальныя апэратыўныя штабы па барацьбе з каранавірусам.
Першы тэст канцлеркі Нямеччыны на Covid-19 нэгатыўны
Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар ураду Нямеччыны, якога цытуе агенцтва Reuters.
Фэдэральная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель перайшла ў нядзелю, 22 сакавіка, у рэжым карантыну, застаўшыся дома. Яна прыняла такое рашэньне, даведаўшыся, што лекар, які рабіў ёй прышчэпку ад пнэўмакокавай інфэкцыі, атрымаў станоўчы тэст на каранавірус. Мэркель была ў лекара за два дні да таго.
У менскіх кінатэатрах зьмянілі схему рассадкі гледачоў: месцы даступныя праз адзін шэраг
У сетцы кінатэатраў «КіноМенску», якая аб’ядноўвае 13 сталічных кінатэатраў, увялі новыя правілы рассадкі наведнікаў: цяпер месцы ў залі даступныя для рэзэрвацыі праз адзін шэраг, а суседнія з замоўленымі месцамі таксама становяцца недаступнымі для продажу, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў арганізацыі.
Таксама ў кінатэатрах зрабілі большы інтэрвал паміж сэансамі, каб рэгулярна праветрываць кіназалі і апрацоўваць крэслы сродкамі дэзынфэкцыі. Антысэптыкі для рук разьмясьцілі ў холах. Усе кінатэатры сеткі працуюць у штатным рэжыме, хоць наведнікаў і паменела.
У Беларусі штодня выпускаюць 300 тысяч шматразовых мэдычных масак
Шматразовыя мэдычныя маскі шыюць на 15 прадпрыемствах ува ўсёй Беларусі. Дзяржаўныя прадпрыемствы цяпер выпускаюць каля 300 тысяч масак у дзень. Апроч таго, маскі вырабляюць і на прыватных прадпрыемствах.
У канцэрне лёгкай прамысловасьці «Беллегпрам» Свабодзе патлумачылі, чаму Беларусь не экспартуе масак і чаму яны цяпер такія дарагія. Чытайце тут>>
«Мы баімся назваць рэчы сваімі імёнамі». Настаўнік зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра адукацыі з просьбай увесьці карантын
Грамадзкасьць патрабуе перавесьці школы і ВНУ на дыстанцыйнае навучаньне, а Міністэрства адукацыі баіцца панікі — перакананы бацька, настаўнік і сябра грамадзка-кансультацыйнай рады пры міністэрстве Андрэй Грыгор’еў, які зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Аднак міністэрства надалей настойвае, што падставаў няма. Чытайце па спасылцы>>
«На лекцыях няма паловы патоку, але на практычных сядзяць амаль усе». Як праходзіць студэнцкі страйк за карантын
23 сакавіка беларускія студэнты праводзяць агульнастудэнцкі байкот. Абвестка пра яго зьявілася ў буйным студэнцкім тэлеграм-канале «Адлічана». Студэнты незадаволеныя тым, як у Беларусі змагаюцца з эпідэміяй каранавірусу, і патрабуюць закрыць на карантын усе адукацыйныя ўстановы Беларусі.
Свабода паразмаўляла са студэнтамі, якія далучыліся да байкоту. Чытайце тут >>
Карантын ад каранавірусу — як гэта? Расказваем на прыкладзе Ўкраіны
Ва Ўкраіне такі карантын дзейнічае з 12 сакавіка, калі закрылі ўсе адукацыйныя ўстановы і дзіцячыя садкі, а таксама гандлёвыя і забаўляльныя цэнтры.
Цяпер улады Ўкраіны ўводзяць больш жорсткія карантынныя ўмовы. Карэспадэнтка Свабоды ў Кіеве вывучыла, што найперш абмежавалі і як дзейнічае карантын. Чытайце па спасылцы >>
«Пэрспэктыва»: Без падтрымкі ўраду больш за 85% прадпрымальнікаў могуць закрыцца праз 1-2 месяцы
Вынікі дасьледаваньня з удзелам больш чым 1,1 тысячы прадпрымальнікаў 23 сакавіка прадставіў журналістам кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.
На пытаньне «На які пэрыяд хопіць рэсурсаў без падтрымкі дзяржавы ў сытуацыі зь віруснай эпідэміяй?»
- 63,6% прадпрымальнікаў адказалі — на адзін месяц,
- 23,8% — на два месяцы,
- менш за 10% — на тры месяцы,
- 1,7% — больш за год,
- астатнія адказы — ад чатырох месяцаў да году.
42 чалавекі ў ізаляцыі праз каранавірус у жыхаркі Жыткавічаў
Гомельскі абласны Цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя праводзіць мерапрыемствы эпідэміялягічнага расьсьледаваньня ў Жыткавічах. 22 сакавіка ў 58-гадовай жыхаркі райцэнтру дыягнаставалі каранавірус.
Цяпер мэдыкі высьвятляюць, як у жанчыны мог зьявіцца новы вірус. Пакуль дадзеных аб тым, што яна была недзе за мяжой — няма.
Ці пасьля пандэміі палепшае экалягічная сытуацыя? Разьбіраемся з экспэртамі
Многія заводы ў сьвеце стаяць, людзі ня езьдзяць на працу праз карантын, не лятаюць самалёты і ня ходзіць грамадзкі транспарт — усё гэта скарачае шкодныя выкіды ў атмасфэру. Але ня ўсё так проста. Разьбіраемся з экспэртам, як пандэмія каранавірусу ўплывае на экалягічнае становішча.
«Пэрспэктыва»: Без падтрымкі ўраду больш за 85% прадпрымальнікаў могуць закрыцца праз 1-2 месяцы
Без падтрымкі ўраду больш за 85% індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі могуць спыніць дзейнасьць празь недахоп грошай на фоне эканамічных наступстваў эпідэміі каранавірусу, сьведчыць дасьледаваньне, якое правяло рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва».
Аляксандар Глеб: «На шчасьце, не бярэ нас каранавірус»
Былы футбаліст зборнай Беларусі Аляксандар Глеб, які нядаўна завяршыў кар’еру гульца, пракамэнтаваў Свабодзе сваё выказваньне ў брытанскай прэсе пра каранавірус у Беларусі.
Глеб, які выступаў за нямецкі «Штутгарт», за ангельскі «Арсэнал», за «Барсэлёну», пракамэнтаваў брытанскаму выданьню The Sun сваё стаўленьне да каранавірусу.
«У Беларусі гэта як быццам нікога не хвалюе. Гэта неймаверна. Можа, наш прэзыдэнт проста чакае, што будзе зь вірусам. Усе ў нас ведаюць, што здарылася з Італіяй і Гішпаніяй. Але людзі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі лічаць, што гэта ня так экстрэмальна, як гаворыцца ў навінах. Вельмі складана растлумачыць, чаму ў нас так. Усе лігі спыненыя, але мы ня думаем, што гэта праблема», — вынікае з словаў беларускага футбаліста, якія цытуе газэта.
«Я такі ж грамадзянін, як і прэзыдэнт». Горадзенскі студэнт сабраў подпісы за карантын, але дэканат гэта не ўхваліў
Подпісы за карантын на факультэце — і «на дыван» у дэканат. Так сьцісла можна апісаць гісторыю першакурсьніка філялягічнага факультэту Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Андрэя Рабкаўца. Свабода паразмаўляла з хлопцам пра тое, што цяпер адбываецца на факультэце. Чытайце па спасылцы >>
Алімпіяда ў Японіі можа адбыцца ў іншы тэрмін
Прэм’ер-міністар Японіі Сіндза Абэ заявіў, што летнія Алімпійскія гульні 2020 года Токіё, магчыма, давядзецца адкласьці, калі спаборніцтвы ня змогуць адбыцца «ў поўным аб’ёме» праз пандэмію каранавірусу.
Абэ дапусьціў такое разьвіцьцё падзей у сваім выступе ў парлямэнце ў панядзелак, але выключыў магчымасьць поўнай адмены Гульняў, якія заплянаваныя на 24 ліпеня — 9 жніўня гэтага года.
Заява Абэ прагучала праз дзень пасьля таго, як Міжнародны алімпійскі камітэт абвясьціў, што будзе вывучаць сытуацыю бліжэйшыя некалькі тыдняў і абмяркуе неабходныя далейшыя крокі, уключаючы магчымы перанос Алімпіяды на некалькі тыдняў ці нават на год. МАК таксама адмаўляецца разглядаць магчымасьць поўнай адмены Гульняў.
Грузавікі да 3,5 тоны і без тахографа змогуць уехаць у Польшчу толькі пасьля 14-дзённага карантыну
Кіроўцы малатанажнага транспарту зь беларускімі нумарамі змогуць уехаць у Польшчу толькі пры ўмове знаходжаньня ў 14-дзённым карантыне, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.
У выпадку адмовы аўтамабілі будуць вяртацца на сумежную тэрыторыю.
Паводле Мытнага камітэту Беларусі, цягам начной змены 22–23 сакавіка з сумежных польскіх пунктаў пропуску «Кузьніца» («Брузгі») і «Баброўнікі» («Бераставіца») на тэрыторыю Беларусі вярнуліся 10 такіх транспартных сродкаў.
Міжнародны фэстываль тэатраў лялек у Менску перанесьлі на 2021 год
Міжнародны фэстываль тэатраў лялек, які мусіў прйсьці ў Менску у траўні 2020 году, перанесьлі на 2021 год у сувязі з увядзеньнем у Эўропе мераў па недапушчэньні распаўсюджваньня каранавірусу, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.
На фэстываль у Менск павінны былі прыехаць калектывы з Італіі, Ізраіля, Нямеччыны, Грэцыі, Літвы, Украіны, Расеі, а таксама ўсіх дзяржаўных тэатраў лялек Беларусі. Ён праводзіцца з 1990 году, пачынаючы з 2008 году — раз у два гады.
Беларус пра Іркуцк: У крамах — хапун, масак няма, тэст здаць немагчыма
На ўмовах ананімнасьці беларус, які стала жыве ў Іркуцку, распавёў Радыё Свабода пра сытуацыю ў гэтым расейскім горадзе.
«У Іркуцку і вобласьці на вуліцу выходзіць можна, але зачыненыя тэатры і кінатэатры. Школьнікі адпраўленыя на доўгатэрміновыя канікулы. У ВНУ лекцыі праходзяць па відэасувязі. Афіцыйна пра наяўнасьць хворых на каранавірус не абвешчана, але мы
думаем, што ён у нас ёсьць, толькі ўлады замоўчваюць.
Тэст на вірус здаць немагчыма, нават за грошы, бо дадзена каманда браць толькі ў цяжкахворых. А калі ты кашляеш ды пры гэтым ходзіш на нагах, дык і хадзі сабе.
Ад дактароў вядома, што ў рэгіёне праблема з апаратамі вэнтыляцыі лёгкіх. Тыя, якія ёсьць, старыя, і існуе небясьпека, што ў выпадку рэзкага павелічэньня хворых яны ня вытрымаюць і іх увогуле можа не хапіць.
Людзі ходзяць бяз масак, бо іх няма ў прынцыпе. У крамах хапун, людзі скупляюць усё. Паліцы пустыя».
Перанесьлі агульнанацыянальныя алімпіяды школьнікаў
Заключны этап алімпіядаў для школьнікаў у розных навучальных дысцыплінах перанесьлі «на пазьнейшы час», піша тэлеграм-канал Міністэрства адукацыі Беларусі. Калі менавіта пройдуць алімпіяды, не ўдакладняецца.
Чаму алімпіяды перанесьлі?
Алімпіяды — даволі масавае мерапрыемства, у якім па кожнаму прадмету удзельнічаюць дзясяткі вучняў 9-11 клясаў. Таму алімпіяды вырашылі пакуль не праводзіць, удакладнілі Tut.by у прэс-службе Мінадукацыі.
Раней Міністэрства раіла адмовіцца ад правядзеньня масавых мерапрыемстваў і заяўляла аб ым, што абмяжуюць правядзеньня навуковых і культурна-масавых мерапрыемстваў.
Больш за мільярд чалавек па ўсім сьвеце атрымалі ўказаньні заставацца дома
Больш за мільярд чалавек у 50 зь лішнім краінах і тэрыторыях атрымалі просьбу заставацца дома, у той час як улады розных краін спрабуюць справіцца з глябальнай пандэміяй каранавіруса. Такія вынікі падліку, праведзенага AFP.
Каб спыніць распаўсюд вірусу, некаторыя краіны ўвялі абавязковую для выкананьня забарону на выхад з хаты, у той час як іншыя абмежаваліся рэкамэндацыямі.
Сярод іх Францыя, Італія, Аргентына, амэрыканскі штат Каліфорнія, Ірак і Руанда. Апошняй краінай, якая ўстанавіла абавязковыя патрабаваньні знаходзіцца дома, стала Грэцыя. Новыя правілы ўступілі ў сілу ў панядзелак раніцай.