За апошнія 24 гадзіны ў Італіі амаль 800 загінулых ад COVID-19
- Сьмяротнасьць ад каранавіруснай інфэкцыі ў Італіі працягвае расьці. Афіцыйныя дадзеныя паказваюць, што за апошнія 24 гадзіны 793 чалавекі загінулі ад Covid-19, паведамляе BBC. Усяго ў краіне памерла ад COVID-19 4825 чалавек. У Італіі было дыягнаставана больш за 53 500 заражэньня на каранавірусную інфэкцыю, што больш за 6500 у параўнаньні з учорашнім днём.
- Гішпанія — трэцяя па колькасьці заражаных каранавірусам у сьвеце і другая ў Эўропе: пры 21 570 выпадках заражэньня там памерлі 1093 чалавека, выздаравелі 1588 інфіцыраваных. У Вялікабрытаніі колькасьць памерлых склала 178 чалавек — пры больш чым 21 тысячы пацьверджаных выпадкаў захворваньня.
- Тым часам у Кітаі другі дзень запар няма выпадкаў мясцовага заражэньня каранавірусам, а ўсё новыя 39 выпадкаў завезеныя з іншых краінаў, паведамляе Reuters са спасылкай на Дзяржаўны камітэт аховы здароўя КНР.
САЗ: у сьвеце распрацоўваюць каля 20 вакцын ад новага каранавірусу
У сьвеце распрацоўвюць ня менш за 20 вакцын ад каранавірусу новага тыпу, які выклікае хваробу COVID-19. Пошукам рашэння займаюцца некалькі краін. Першыя клінічныя выпрабаванні ўжо пачынаюцца, аднак да паўсюднай вакцынацыі пакуль далёка. Пра гэта заявіла Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ).
Вядучыя спэцыялісты паведамляюць, што клінічныя выпрабаваньні і пацьверджаньне бясьпекі, неабходныя для выпуску працаздольнай вакцыны на рынак, могуць заняць да 18 месяцаў.
У Кіеве спыняць грамадзкі транспарт праз каранавірус
Кіеве з 23 сакавіка грамадзкім транспартам змогуць карыстацца толькі асобныя катэгорыі грамадзянаў: мэдработнікі, выратавальнікі, камунальнікі, праваахоўнікі, работнікі аптэкаў, прадуктовых крамаў і стратэгічных прадпрыемстваў. Яны змогуць рабіць гэта па прапусках, заявіў мэр сталіцы Віталь Клічко ў відэазвароце да кіяўлянаў. Асабісты транспарт абмежаваньні не закранаюць.
Зараз ва Ўкраіне пацьверджаны 41 выпадак захворваньня, памерлі тры чалавекі, адзін паправіўся.
У супрацоўніка віцэ-прэзыдэнта ЗША выяўленая інфэкцыя COVID-19
Сярод супрацоўнікаў апарату віцэ-прэзыдэнта ЗША Майка Пэнса выяўлены выпадак інфікаваньня каранавірусам. Гэтае паведамленьне Reuters цытуе «Голас Амэрыкі». У публікацыі гаворыцца, што ні Пэнс, ні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ня мелі шчыльных кантактаў з інфыкаваным, імя якога не называецца.
Вынікі тэставаньня супрацоўніка апарату віцэ-прэзыдэнта Пэнса сталі вядомыя ў пятніцу. Майк Пэнс кіруе штабам, які каардынуе барацьбу з эпідэміяй каранавірусу ў ЗША.
У Славаччыне ўрад прыняў прысягу ў масках і пальчатках
Прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава зацьвердзіла ў суботу, 21 сакавіка, новы ўрад краіны. Прэм'ер-міністрам стаў 46-гадовы Ігар Матовіч. Ягоны рух «Звычайныя людзі і незалежныя асобы» (OLaNO) атрымаў перамогу на выбарах 29 лютага.
Цырымонія прайшла ў прэзыдэнцкім палацы ў Браціславе. У сувязі з эпідэміяй каранавірусу ўсе прысутныя былі ў масках і пальчатках.
Адной з галоўных задач новы ўрад ставіць барацьбу з эпідэміяй каранавірусу. Цяпер у Славаччыне каля 140 пацьверджаных выпадкаў інфэкцыі, якая выклікае СOVID-19.
Пацярпелыя ад хатняга гвалту могуць атрымаць дапамогу онлайн у часе пандэміі каранавірусу
Прытулак для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» прапануе пацярпелым ад хатняга гвалту ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфэкцыі дапамогу онлайн — у групах падтрымкі, а таксама індывідуальную псыхалягічную дапамогу.
«Гэта магчымасьць атрымаць дапамогу і падтрымку, распавесьці пра свае перажываньні і складанасьці, дзе б вы ні знаходзіліся ў дадзены момант», тлумачыць Свабодзе прадстаўніца «Радзіславы» Дар’я Царук.
Як не пераядаць праз стрэс падчас пандэміі. Парады амэрыканскіх экспэртаў
Ежа можа стаць адным з самых простых і хуткіх спосабаў палепшыць настрой у стрэсавы час, у тым ліку падчас пандэміі каранавіруснай інфэкцыі. Паводле дасьледаваньняў, 27 адсоткаў амэрыканцаў шукаюць паратунак ад стрэсу ў добра знаёмым месцы: лядоўні. Калі гэта і ваша праблема, то вам дапамогуць парады экспэртаў, якія падае амэрыканскае выданьне The Washington post.
У Брытаніі бяздомных маюць разьмясьціць у пустых гатэлях у сувязі з эпідэміяй Covid-19
Пра гэта паведамляе The Guardian. Урад Борыса Джонсана ў мінулым месяцы даручыў Луізе Кейсі працу над плянам па змаганьні зь бяздомнасьцю. Яна мела пачаць працу ў наступным месяцы, але эпідэмія каранавірусу прымусіла ўрад прысьпешыцца, бо бяздомныя зьяўляюцца асабліва ўразьлівымі для Covid-19.
Новую стратэгію маюць абвясьціць у панядзелак. Паводле The Guardian, брытанскі ўрад пойдзе шляхам амэрыканскага штату Каліфорнія, які дазволіў пераабсталяваць пустыя гатэлі ў прытулкі для бяздомных.
У Расеі інфэкцыяністка схавала паездку ў Гішпанію. Цяпер у яе падазраюць COVID-19 і пачалі крымінальную праверку
У Стаўрапольскім краі Расеі першым выпадкам падазрэньня на COVID-19 стала галоўная пазаштатная спэцыялістка па інфэкцыйных хваробах міністэрства аховы здароўя Стаўрапольскага краю Ірына Саньнікава. Яна, паводле дадзеных паліцыі, схавала ад кіраўніцтва мясцовага унівэрсытэту, дзе выкладае, наведваньне Гішпаніі і працягнула хадзіць на працу пасьля вяртаньня. Цяпер яе шпіталізавалі.
Расейскія праваахоўныя органы пачалі праверку па крымінальных артыкулах пра халатнасьць і ўтойваньне інфармацыі пра абставіны, якія ствараюць небясьпеку для жыцьця або здароўя людзей, паведамляе РБК са спасылкай на рапарт паліцыі.
З ініцыятывы беларускага дырыжора 9 музыкаў выканалі «Скаргу параненых» у карантыне
Галоўны дырыжор аркестру Мюнхэнскага ўнівэрсытэту, беларус Віталь Алексяёнак завяршыў працу над унікальным музычным праектам, зробленым ва ўмовах карантыну ў часе пандэміі каранавіруснай інфэкцыі. Музыкі зь пяці краінаў гралі разам адзін твор — «Скаргу параненых» Хайнрыха Бібера.
Міністэрства аховы здароўя паведамляе пра 15 вылечаных і 20 тысяч праведзеных тэстаў на каранавірус
15 пацыентаў са станоўчым тэстам на каранавірусную інфэкцыю ўжо вылечаныя і выпісаныя з мэдычных установаў. 61 пацыент знаходзіцца ў шпіталях пад пастаянным мэдычным кантролем і на лячэньні. Пра гэта паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Як паведамляецца, у Беларусі з 23 студзеня 2020 году арганізаваная працэдура тэставаньня грамадзянаў на каранавірусную інфэкцыю, і за гэты час праведзена больш за 20 тысяч тэстаў. 15 пацыентаў выпісаныя, 61 пацыента знаходзіцца ў шпіталях, і частка зь іх ужо атрымалі адмоўныя тэсты і рыхтуюцца да выпіскі.
Прэм'ер Грузіі заклікаў прэзыдэнта ўвесьці надзвычайнае становішча
Грузінскі прэмʼер-міністар Гіоргі Гахарыя паведаміў сёньня, што ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Грузіі з прапановай увесьці на месяц надзвычайнае становішча ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Як паведамляе агенцтва Reuters, пасьля ўзвалы прэзыдэнтам такі крок яшчэ мае зацьвердзіць парлямэнт.
У Грузіі на 21 сакавіка зарэгістравана 47 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам. Адзін пацыент выздаравеў.
Беларусь адзіная не скасавала чэмпіянат па футболе. Правы на яго набыў расейскі тэлеканал
Беларусь засталася адзінай краінай у сьвеце, дзе не скасавалі чэмпіянат па футболе з-за пандэміі каранавіруса.
Беларускі чэмпіянат па футболе пакажуць у Расеі і ва Ўкраіне — правы на паказ матчаў набыў расейскі спартовы канал «МатчТВ»і ўкраінскі «Спорт 1».
У тэлепраграме «МАТЧ ТВ» заплянаваныя прамыя трансьляцыі матчаў «Іслач» — «Нёман» і «Славія» — «Слуцк». У раскладзе ўкраінскага «Спорт 1» таксама ёсьць матчы «Белшына» — «Менск» ды «Віцебск» — «Гарадзея».
Лукашэнка загадаў кіраўніку КДБ разабрацца з распаўсюднікамі фэйкаў пра каранавірус
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка загадаў старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерыю Вакульчыку праманіторыць тэлеграм-каналы і сайты, якія публікуюць фэйкі пра распаўсюд каранавірусу ў Беларусі. Пра гэта піша тэлеграм-канал «Пул Первого».
Лукашэнка падкрэсьліў, што неабходна разабрацца з «нягоднікамі, якія ўкідваюць гэтыя фэйкі». «Навошта яны людзей атручваюць?» — спытаў ён.
Сацыяльная служба дапаможа даставіць лекі і прадукты пажылым і людзям з інваліднасьцю
Дзяржаўная сацыяльная служба гатовая аказаць дапамогу па дастаўцы прадуктаў харчаваньня і лекаў адзінокім пажылым грамадзянам і людзям з інваліднасьцю.
З просьбай аб дапамозе трэба зьвяртацца ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. Кантакты можна знайсьці тут.
У выпадку ўзьнікненьня праблемных сытуацый, а таксама прапановаў па арганізацыі дастаўкі прадуктаў і мэдыкаментаў, можна патэлефанаваць у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па нумары (8 017) 222 49 29. Зьвярнуцца можна і ў абласныя камітэты па сацыяльнай абароне.
Паводле Міністэрства працы, у Беларусі пражывае каля 830 тысяч адзінокіх грамадзян і людзей з інваліднасьцю. Зь іх амаль 160 тысяч ня маюць блізкіх.
Больш за 20 беларусаў дагэтуль не могуць вярнуцца дадому з Індыі. Макей абяцае дапамагчы
У беларускіх турыстаў, якія не змаглі ўляцець у Менск з Гоа транзытам праз Маскву, скончыліся страхоўкі, амаль няма грошай і мэдыкамэнтаў.
На старонцы беларускага МЗС у Facebook з’явіўся зварот да беларусаў, якія не могуць трапіць на радзіму з Шры-Ланкі і Індыі.
Паводле яго, дыпляматы прапрацоўваюць магчымасьць эвакуацыі ўсіх беларускіх грамадзян з тэрыторыі Індыі і Шры-Ланкі ў Беларусь беларускімі авіябартамі. Для эвакуацыі грамадзяне Беларусі павінны зьвярнуцца ў амбасаду Беларусі ў Індыі па тэлефонах +919999466445; +918527415859; +919711520234.
Паводле МЗС, эвакуацыя беларусаў з Мальдываў і Нэпала адбудзецца пасьля вяртаньня турыстаў з Індыі і Шры-Ланкі.
Арганізатары адмененай «Эўравізіі — 2020» сказалі, хто і як зможа ўдзельнічаць у наступным годзе
У наступным годзе ўдзельнікі «Эўравізіі» павінны будуць выступіць з новай песьняй. Абіраць іншых музыкаў ці адправіць на конкурс тых, хто прайшоў адбор у 2020 годзе, кожная краіна вырашыць сама, паведамляецца на афіцыйным сайце конкурсу.
Музычны конкурс «Эўравізія», які павінен быў прайсьці ў нідэрляндзкім Ратэрдаме ў траўні 2020 года, арганізатары адмянілі з-за пандэміі каранавіруса. Ад Беларусі ў конкурсе павінна была ўдзельнічаць група VAL.
Колькасьць інфікаваных каранавірусам у Расеі — 253 чалавекі
Па стане на 20 сакавіка колькасьць выяўленых у Расеі выпадкаў захворваньня на каранавірус павялічылася з 199 да 253 чалавек, паведамілі ў фэдэральным апэратыўным штабе па барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй. Такім чынам, колькасьць выяўленых хворых другія суткі запар вырасла на чвэрць.
#StayHome: дактары запусьцілі флэшмоб, які заклікае заставацца дома
Дактары з Малайзіі запусьцілі ў сацыяльных сетках флэшмоб #StayHome са слоганам «Я працую дзеля цябе, застанься дома дзеля мяне». Яны фатаграфуюцца ў халатах і мэдычных масках і заклікаюць усіх заставацца дома з салідарнасьці да лекараў падчас пандэміі каранавірусу.
Прэм’ер-міністар папрасіў брытанцаў як мага даўжэй заставацца дома
У пятніцу, 20 сакавіка, брытанскі прэмʼер-міністар Борыс Джонсан заявіў аб маючым адбыцца ў пятніцу ўвечары закрыцьці кавярняў, пабаў і рэстаранаў — у парадку ўзмацненьня жорсткасьці проціэпідэмічных захадаў, паведамілі брытанскія СМІ.
Ўрад таксама абвясьціў пра беспрэцэдэнтны пакет фінансавай падтрымкі эканомікі Вялікай Брытаніі. У той жа дзень, пятніцу, 20 сакавіка, па распараджэньні ўраду, усе цэнтры адпачынку, спартыўныя і трэніровачныя залі, таксама павінны перапыніць працу. Барыс Джонсан, зьвяртаючыся да журналістаў, сказаў: «Зараз мы павінны дамагацца скарачэньня выпадкаў заражэньня». Ён падзякаваў усім жыхарам краіны за выкананьне просьбы ўраду: як мага даўжэй заставацца ў сваіх дамах.