Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

22:13 20.3.2020

У Польшчы абвясьцілі рэжым эпідэміі праз каранавірус

«Мы ўводзім рэжым эпідэміі», — сказаў прэм’ер-міністар Польшчы на брыфінгу ў пятніцу ў Варшаве. Раней у Польшчы дзейнічаў рэжым эпідэміялягічнай небясьпекі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Прэмʼер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў, што ўведзены стан эпідэміі дае далейшыя магчымасьці для дзеяньняў: «Мы вырашылі працягнуць прыпыненьне заняткаў у школах да Вялікадня».

Маравецкі заклікаў суайчыньнікаў выконваць меры засьцярогі і дысцыпліны. Уводзяцца штрафныя санкцыі за парушэньне карантыну. Яны вырастуць з 5 да 30 тысяч злотых (каля 7,5 тысяч даляраў). Паводле апошніх зьвестак, у Польшчы каранавірус пацьверджаны ў 411 чалавек, шэсьць зь іх памерлі.

21:48 20.3.2020

«Мясіць бэтон на будоўлі стабільнасьці ня будзе каму» — журналіст Сяргей Дарафееў зьвярнуўся да «людзей зь беларускага тэлевізара»

Вядомы журналіст і тэлевядучы Сяргей Дарафееў эмацыйна зьвярнуўся да «людзей з тэлевізара» і чыноўнікаў у Беларусі з нагоды пандэміі каранавірусу. Паводле журналіста, «красавіцкае маўчаньне 1986-га пра сытуацыю ў Беларусі не павінна паўтарыцца ў сакавіку 2020-га».

«Калі чытаеш італьянскія, францускія, гішпанскія навіны, прарывае плаціну перажываньняў за тое, што адбываецца (ці не адбываецца) у Беларусі», піша Сяргей Дарафееў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

21:46 20.3.2020

«Паніка ў журналісцка-блогерскім асяродку катэгарычна перашкаджае нам працаваць!» — тэлеграм-канал Официальный Минздрав

«Чаму некаторыя беларускія журналісты і блогеры так чакаюць сьмерці людзей ад вірусаў?» — такім чынам тэлеграм-канал Міністэрства здароўя ў сваім тэлеграм-канале адрэагаваў на публікацыі ў СМІ пра сьмерць жанчыны ў Віцебску, у якіх задаваліся пытаньні, ці магла жанчына мець каранавірусную інфэкцыю.

«За апошнія два тыдні гэта ўжо чацьвёртая сьмерць ад журналістаў. Спачатку яны „пахавалі“ вядомага прадпрымальніка, потым дзяўчыну ў Горадні, затым у мужчыну ў Лепелі. І вось — новая сэнсацыя...», — паведамляе тэлеграм-канал Официальный Минздрав і дадае, што ў апошнія два месяцы прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя выступаюць у СМІ кожны дзень:

«Мы ўвесь час кажам пра тое, што ў нас уведзена абавязковае ціпіраваньне (мазок) на каранавірус для ўсіх сярэдніх і цяжкіх пнэўманій. Для ўсіх! Мы абавязаны гэта зрабіць — праверыць пацыента і яго сваякоў. Гэта звычайная ўрачэбная працэдура. Так, сытуацыя ў сьвеце цяжкая. Так, у нас сапраўды ёсьць некалькі пацыентаў з клінічнымі праявамі, а большасьць — без сымптомаў, але з выстаўленым дыягназам COVID-19. Але паніка ў журналісцка-блогерскім асяродку катэгарычна перашкаджае нам працаваць...».

20:33 20.3.2020

Расея дазволіла забіраць беларусаў чартэрнымі рэйсамі «Белавія»

Расея ўхваліла заяўкі «Белавія» на нерэгулярныя рэйсы ў Маскву, з дапамогай якіх плянуюць вярнуць на радзіму беларускіх грамадзян, піша Міністэрства спорту і турызму.

Паводле амбасадара Расеі ў Беларусі Дзьмітрыя Мезенцава, заяўкі на пералёты ад «Белавіі» будуць узгадняцца без абмежаваньняў. Забраць людзей «Белавія» зможа ня толькі з маскоўскага аэрапорту «Унукава».

18:56 20.3.2020

Зяленскі зьвярнуўся да ўкраінцаў: «Патэлефануйце бацькам і пераканайце іх не выходзіць з дому»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 20 сакавіка ў відэазвароце распавёў, што ўсё ж змог пераканаць сваю маці не выходзіць з дому бяз крайняй неабходнасьці празь небясьпеку заражэньня, і заклікаў украінцаў зрабіць тое ж самае са сваімі бацькамі.

«Сёньня я патэлефанаваў сваёй маці. Усе гэтыя дні я вельмі прашу яе заставацца дома, і ўсе гэтыя дні яна ня вельмі слухаецца: кажа, што лепш за яе ніхто не выбярэ патрэбныя прадукты. Але ў рэшце мне ўдалося яе пераканаць. Мама пагадзілася не выходзіць з хаты бяз крайняй неабходнасьці», — распавёў украінскі прэзыдэнт.

18:54 20.3.2020

Штат Нью-Ёрк амаль цалкам перавялі на працу з дому

Губэрнатар штату Нью-Ёрк Эндру Куома загадаў усім наймальнікам, акрамя самых неабходных службаў, арганізаваць працу з дому, а таксама забараніў вялікія сходы людзей. Пра гэта паведаміла агенцтва Associated Press.

18:24 20.3.2020

Штогадовую міжнародную выставу TIBO (тэлекамунікацыі, інфармацыйныя і банкаўскія тэхналёгіі), якая мела адбыцца ў Менску напачатку красавіка, перанесьлі на нявызначаны тэрмін. Прычына — сытуацыя з каранавірусам у сьвеце.

18:18 20.3.2020

Фабрыка «Элема» сышла на карантын

Фабрыка «Элема» часова сышла на карантын. Гандаль будзе працаваць бязь зьменаў, сказалі ў кампаніі, піша Tut.by.

Прычына: захаваньне здароўя супрацоўнікаў і актуальная санітарна-эпідэміялагічная сытуацыя, сказаў дырэктар прадпрыемства Анатоль Венедыкт.

Плянуецца, што работнікі вытворчасьці змогуць быць дома з 23 сакавіка па 4 красавіка. У іх захаваюць 2/3 тарыфнага акладу.

«Гэта не адпачынак, але мы не патрабуем ад супрацоўнікаў знаходжаньня на працоўных месцах», — сказаў Венедыкт.

Гандаль прадукцыі «Элема» будзе працаваць бязь зьменаў. Тым, хто будзе карыстацца інтэрнэт-крамай, тавар будуць прывозіць дадому. На прадпрыемстве патлумачылі, што гэта гандлёвы аддзел кампаніі яны адмыслова ўзмацнілі.

17:55 20.3.2020

«Да апакаліпсісу гэта не падобна». Як беларусы працуюць у Эўропе падчас карантыну

Свабода распытала беларусаў-дайнабойнікаў, як працуецца ў Францыі Нямеччыне падчас карантыну і закрытых межаў.

Абодва ня могуць вярнуцца ў Беларусь, бо тады страцяць працу. Пра вялікія чэргі на дарогах, блёкпасты і іншае чытайце тут >>

17:51 20.3.2020

У Беларусі 14% людзей старэйшыя за 65 гадоў. Як дапамагчы пажылым падчас пандэміі

Герантолягі Андрэй Ільніцкі і Кірыл Прашчаеў, заснавальнікі расейска-беларускага Навукова-дасьледчага мэдычнага цэнтру «Геранталёгія», даюць парады для пажылых людзей і іх сямейнікаў падчас пандэміі. Чытайце тут >>

17:48 20.3.2020

«Я ня ведаю, каранавірус гэта быў ці не». Муж памерлай віцяблянкі пацьвердзіў, што ў яго ўзялі аналіз на COVID-19

58-гадовая віцяблянка Тацьцяна Хузеева памерла 18 сакавіка. Міністэрства здароўя абвяргае інфармацыю пра тое, што прычынай сьмерці стаў каранавірус. Муж памерлай пацьвердзіў, што ў яго і іншых родных памерлай жанчыны мэдыкі ўзялі аналіз на COVID-19. Прычынаў гэтага мужчына ня ведае. Цалкам чытайце тут >>

17:46 20.3.2020

Ці адчулі мабільныя апэратары і інтэрнэт-правайдэры падвышаную нагрузку праз каранавірус

Свабода пацікавілася, ці адчулі мабільныя апэратары і інтэрнэт-правайдэры ў Беларусі падвышаную нагрузку на трафік праз тое, што людзі асьцерагаюцца пандэміі і ўсё больш часу праводзяць дома. Чытайце тут >>

17:33 20.3.2020

Улады Кітая зьнялі спагнаньне зь лекара, які папярэджваў пра вірус

Улады Кітая афіцыйна зьнялі спагнаньне зь лекара-афтальмоляга Лі Вэньляна, які першым у сьнежні мінулага года папярэджваў аб распаўсюдзе новай каранавіруснай інфэкцыі ў горадзе Ухань.

Аднак за гэта ён быў абвінавачаны паліцыяй у распаўсюдзе «ілжывых чутак» і парушэньні грамадзкага парадку. 34-гадовы лекар працягваў працаваць у шпіталі, сам заразіўся каранавірусам і ў пачатку лютага памёр ад інфэкцыі. Да гэтага моманту ў Кітаі каранавіруснай інфэкцыяй ужо заразіліся дзясяткі тысяч людзей. Вярхоўны суд КНР раскрытыкаваў дзеяньні паліцыі і прызнаў, што Лі Вэньляну трэба было паверыць.

Чытаць цалкам >>

17:20 20.3.2020

Брытанскія вытворцы спрабуюць зрабіць 20 тысяч апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх за 2 тыдні

Брытанскія вытворцы аўтамабіляў і авіятэхнікі, такія як Vauxhall і Airbus рыхтуюцца вырабляць дэталі для апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Гэтыя апараты патрэбныя Нацыянальнай сыстэме аховы здароўя падчас эпідэміі каранавірусу.

На пачатку гэтага тыдня прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан заклікаў вырабіць дадатковыя 20 тысяч апаратаў за наступныя два тыдні. Больш за 60 кампаній адгукнуліся на гэты заклік, паведамляе The Guardian.

16:59 20.3.2020

Грамадзкі транспарт пачне хадзіць часьцей

Грамадзкі транспарт Менску ад 23 сакавіка пачне хадзіць раніцай часьцей, час пік у раскладзе працягнулі да 10:00.

Гэта зрабілі, каб разьвесьці плыні рабочых і студэнтаў раніцай. Міністэрства адукацыі 20 сакавіка перанесла пачатак заняткаў ва ўнівэрсытэтах да 10:00.

У Менску зьмены закрануць 278 маршрутаў.

Маніторынг пасажырапатокаў у гарадзкім наземным транспарце і ў мэтрапалітэне паказвае, што ў параўнаньні з пачаткам сакавіка напаўняльнасьць транспарту зьменшылася. На 20 сакавіка мэтрапалітэн перавозіць у суткі на 115 тысяч чалавек менш, наземны транспарт – на 102 тысяч чалавек менш.

16:45 20.3.2020

Праз каранавірус Белавія скасавала рэйсы ў сталіцу Сэрбіі Бялград папярэдне да 12 красавіка. Вярнуць квіткі можна да канца 2020 году.

16:28 20.3.2020

У ЗША пачалі вызваляць з турмаў у сувязі з каранавірусам. Інфэкцыя ў турме, дзе сядзеў Гарві Вайнштэйн

Прынамсі чатыры амэрыканскія штаты пачалі вызваляць некаторых зьняволеных у сувязі з выпадкамі інфэкцыі новым каранавірусам у турмах, паведамляе тэлеканал Fox News.

У Нью-Ёрку будуць вызваляць тых, хто зрабіў дробныя злачынствы і пры гэтым мае праблемы са здароўем, трапляючы ў групу рызыкі. Пра гэта паведаміў мэр гораду Біл дэ Блазыё.

Рашэньне прынятае пасьля таго, як у нью-ёрскай турме Райкерс у аднаго са зьняволеных пацьвердзілася заражэньне каранавірусам. Яшчэ восем маюць сымптомы хваробы. Усіх іх ізалявалі.

Таксама абвясьцілі пра вызваленьне некаторых вязьняў у сувязі з каранавірусам штаты Агаё, Каліфорнія і Флорыда.

16:18 20.3.2020

NASA прыпыняе падрыхтоўку місіі на Месяц

Аэракасьмічнае агенцтва ЗША прыпыніла працу над будаўніцтвам і выпрабаваньнем ракеты і капсулы для пілятуемай місіі на Месяц пад назвай Artemis у сувязі з ростам

колькасьці выпадкаў заражэньня каранавірусам.

NASA закрывае зборачнае прадпрыемства Michoud у Новым Арлеане, дзе будуецца ракета, і разьмешчаны непадалёк касьмічны цэнтр Stennis, паведаміў у чацьвер увечары кіраўнік ведамства Джым Брайдэнстайн.

Закрыцьцё аб’ектаў можа перашкодзіць ЗША выканаць свой плян выканаць новы палёт на Месяц да 2024 года.

16:15 20.3.2020

Мінадукацыі перанесла пачатак заняткаў ва ўнівэрсытэтах

Міністэрства адукацыі 20 сакавіка перанесла час пачатку заняткаў ва ўнівэрсытэтах Беларусі.

З улікам аналізу транспартных плынаяў, вучэбныя заняткі, як правіла будуць пачынацца з 9:30 да 10:00 штодня.

Акрамя таго, на ўзроўні ўнівэрсытэтаў арганізавалі неабходныя часовыя разрывы паміж першай і другой зьменамі навучаньня, для таго, каб мінімізаваць «накладаньні» кантакты студэнтаў.

Напярэдадні пра такое рашэньне казаў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

15:56 20.3.2020

Апазыцыйныя дзеячы заклікалі да «народнага карантыну», абвінавацілі ўлады ў ігнараваньні пагрозы

Зварот за «народны карантын» падпісалі таксама паэт і палітык Уладзімер Някляеў, блогер Сьцяпан Сьвятлоў (Nexta), каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Саньнікаў, старшыня «Народнай грамады» Мікола Статкевіч, лідэр прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і рэжысэр Юры Хашчавацкі.

Ад 23 сакавіка да 5 красавіка аўтары звароту прапануюць:

  • адмовіцца ад удзелу ва ўсялякіх масавых захадах;
  • не адпраўляць дзяцей у ясьлі, дзіцячыя садкі, школы ды іншыя навучальныя ўстановы;
  • не наведваць унівэрсытэты, патрабаваць ад кіраўніцтва навучальных установаў увядзеньня дыстанцыйнага навучаньня;
  • зьвесьці сацыяльныя кантакты да мінімуму, бо «ў многіх краінах апраўданым падчас карантыну ёсьць выхад з дому толькі ў прадуктовую краму ці аптэку»;
  • забясьпечыць самаізаляцыю і выкананьне санітарных правілаў, праводзіць дбайную дэзынфэкцыю месцаў жыхарства, асабліва інтэрнатаў.

Мікола Статкевіч, адзін з падпісантаў гэтага звароту, апублікаваў і ўласны відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. Ён патрабуе ўвесьці карантын, бо калі не зрабіць гэтага, «калі потым праз гэта памруць дзясяткі, сотні тысяч людзей, мы будзем лічыць, што гэта ты іх забіў».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG