Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

15:56 20.3.2020

Украінскі дэпутат расказаў, як заразіўся каранавірусам і схадзіў у Раду. ВІДЭА

Украінскі дэпутат Сяргей Шахаў расказаў тэлеканалу «Настоящее время» (праект Радыё Свабода), што ён хворы на COVID-19.

Незадоўга да гэтага ён быў у Вярхоўнай Радзе, дзе кантактаваў зь іншымі дэпутатамі і нават новым прэм’ер-міністрам Украіны.

COVID-19 дыягнаставалі ў самога Шахава і ягонай жонкі.

«Ломіць цела, галаўны боль, балелі вочы. Пачаўся насмарк — да вечара прайшоў. — дзяліўся дэпутат сымптомамі. — Пачаўся кашаль, спачатку быў невялікі. Што тычыцца тэмпэратуры — так, самая першая прыкмета — гэта тэмпэратура. Тэмпэратура 38 не ападала тры дні, паднялася да 39, але нядоўга трымалася — апусьцілася на 38. Цяпер мераў — было 37,3. Ужо ломкі касьцей і такіх дрыжыкаў, якія былі, няма. Я не прымаў антыбіётыкаў. Як казалі дактары, так я і рабіў. Самае галоўнае, што я прымаў, — жарапаніжальныя, у тым ліку нурафен, пра які кажуць, што яго нельга прымаць. Ніякіх пабочных эфэктаў не было. Таксама я вельмі шмат пʼю вады».

Чытайце размову цалкам тут.

15:54 20.3.2020

«Белдзяржстрах» страхуе ад каранавірусу. Найбольшая выгада ў выпадку сьмерці

«Белдзяржстрах» пачаў страхаваць здароўе грамадзян ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфэкцыі.

Як вынікае з прэс-рэліза кампаніі ад 16 сакавіка пералік страхавых выпадкаў дапоўнілі пазыцыяй «каранавірусная інфэкцыя». COVID-1 аднесьлі да катэгорыі небясьпечных хваробаў такіх як тыф, сыбірская язва, сальманэлёз.

Сваёй асноўнай аўдыторыяй дзяржаўная страхавая арганізацыя разглядае асобаў з высокай рызыкай заражэньня каранавірусам. Кампанія абяцае ў выпадку захворваньня аплаціць расходы на аказаньне хуткай і неадкладнай мэдычнай дапамогі.

Адным зь першых пра новую паслугу страхаваньня паведаміла прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Шклоўскаму раёну ў мясцовай раёнцы «Ударны фронт». У рэкляме гаворыцца, што застрахавацца ад каранавірусу можа «любая фізычная асоба». Страхавая сума ад 3 тысяч рублёў. Першы ўзнос 1 працэнт ад яе. 100 працэнтаў сумы вернецца ў выпадку сьмерці застрахаванага.

Супрацоўніца прадстаўніцтва заяўляе, што «ёсьць заключаныя дамовы».

«Я не магу сказаць, што іх шмат, але людзі страхуюцца», — запэўніла яна.

15:53 20.3.2020

Японскія школы маюць аднавіць працу на пачатку красавіка

Міністар адукацыі Японіі Коіці Хагіуда паведаміў 20 сакавіка, што японскі ўрад ня будзе загадваць школам працягнуць карантын у сувязі з каранавірусам пасьля вясновых канікул. Як піша агенцтва Reuters, гэта значыць, што на пачатку красавіка заняткі ў японскіх школах маюць аднавіцца

Школы ў Японіі спынілі заняткі ў лютым на заклік прэм'ер-міністра Сіндзо Абэ. На цяперашнім паседжаньні ўраду прэмʼер параіў надалей абмяжоўваць вялікія зборы людзей. Ён спаслаўся на рэкамэндацыі рады японскіх экспэртаў, якія лічаць, што шмат людзей у адным месцы – па-ранейшаму фактар рызыкі, які можа аднавіць успышку хваробы.

Агулам у Японіі зарэгістравалі 1,693 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам, 41 чалавек памёр.

15:23 20.3.2020

Ганна Севярынец пра каранавірус адукацыі і выхаваньня

Адно з самых непрыемных уражаньняў апошніх дзён — уражаньне ад таго, як у школах рэагуюць на спробы некаторых бацькоў прымаць рашучыя меры супраць пандэміі.

  • Я бачу, як некаторыя настаўнікі дазваляюць сабе абразьлівыя камэнтары ў бок вучняў у масках.
  • Я бачу нават, як дарослыя з задавальненьнем арганізуюць цкаваньне такіх «панікёраў».
  • Я ведаю, што існуе цьвёрдая пазыцыя школ не расказваць бацькам пра іх права забраць дзяцей на карантын без рэглямэнтацыі дзён пропускаў (то бок па даведку ў паліклініку потым ісьці ня трэба).
  • Я ведаю, што ёсьць выпадкі, калі асобныя настаўнікі альбо нават адміністрацыя школы прымушаюць дзяцей на самакарантыне прыходзіць у школы, каб здаць той ці іншы прадмет вочна, матывуючы такія візыты «канцом чвэрці».
  • Я ведаю, што некаторых бацькоў шантажуюць праблемамі з вучобай, калі яны забяруць дзіця са школы на карантын.

Цкаваць, маніпуляваць, прымушаць, хаваць інфармацыю, пераходзіць на асобы — нельга ў любым выпадку, і не толькі ў пандэмію. І я нешта моцна сумняюся, што непарушны адукацыйны працэс, своечасова напісаныя кантрольныя альбо любая наогул трасца, якая чамусьці лічыцца важнай пасярод плянэтарнай віруснай турботы — гэта тое, чым можна потым апраўдацца перад вечнасьцю, дыхаючы праз апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

15:21 20.3.2020

Каранавірус і дзеці. Пэдыятар пра рызыкі і наступствы

Галоўны лекар аддзелу дзіцячых інфэкцыйных захворваньняў Унівэрсытэту Вірджыніі ў ЗША Стывэн Цайхнэр у гутарцы з «Голасам Амэрыкі» абмеркаваў, які ўплыў каранавірусная інфэкцыя, пандэмія якой цяпер паралізавала сьвет, робіць на дзяцей.

— Што нам на сёньня вядома пра каранавірус і дзяцей?

— Група пэдыятраў з Кітаю апублікавала вельмі цікавае дасьледаваньне, у якім апісалі клінічныя праявы хваробы больш як у 2400 дзяцей. Я думаю, гэта будзе цікава і эпідэміёлягам, і распрацоўнікам мадэляў разьвіцьця хваробы, таму што, згодна з гэтым дасьледаваньнем, хвароба працякае лягчэй у дзяцей ва ўзросьце, скажам, ад году і старэйшых, але, відаць, прымае больш цяжкую, чым меркавалася раней, форму ў немаўлятаў да году.

Чытаць цалкам <<

14:56 20.3.2020

Беларусаў вяртаюць дамоў зь Літвы, Латвіі і Расеі

  • Неназваная колькасьць грамадзянаў Беларусі раней не магла вылецець з маскоўскага аэрапорту Ўнукава — той ня мае транзытнай зоны, а Расея забараніла ўезд у краіну іншаземцам. Выходзіла, што тыя, хто вяртаўся ў Беларусь з Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёну, не маглі зайсьці на тэрыторыю Расеі ва Ўнукаве. Але 20 сакавіка канфлікт разьвязаўся, самалёт «Белавія» забраў беларускіх турыстаў на радзіму. Днём раней міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей абмяркоўваў з расейскім калегам праз тэлефон дапамогу ў вяртаньні беларускіх турыстаў праз Расею.
  • Амбасада Беларусі ў Латвіі паведаміла, што дапамагла вярнуцца дамоў сотні беларускіх грамадзянаў, яшчэ 140 беларускіх дзяцей чакаюць вяртаньня дамоў у санаторыі «Беларусь» у Юрмале. Латвія падзякавала Беларусі за магчымасьць транзыту сваіх грамадзянаў празь менскі аэрапорт.
  • Міністры замежных справаў Беларусі і Літвы абмеркавалі праз тэлефон вяртаньне сваіх суграмадзянаў на радзіму. Уладзімер Макей падзякаваў Лінасу Лінкявічусу за «апэратыўнае рашэньне праблемных пытаньняў», міністры гаварылі пра павелічэньне прапускной здольнасьці мяжы для грузавога транспарту.
14:42 20.3.2020

«Белпошта» аднавіла прыём пошты і пасылак у некаторыя краіны

Да нядаўняга моманту «Белпошта» ў сувязі з пандэміяй каранавірусу прымала пошту толькі ў Расею і Кітай (у тым ліку Ганконг). Два дні таму прыём адпраўленьняў у іншыя краіны спынілі, бо скараціліся авіяпералёты. Але ад 20 сакавіка «Белпошта» аднавіла:

прыём лістоў і пасылак у Вугоршчыну, Вялікую Брытанію, Кіргізстан, Нідэрлянды, Нямеччыну, Латвію, Літву, Сэрбію, Турэччыну, Фінляндыю, Францыю, Швэцыю і Эстонію;

перасылку паскоранай пошты EMS у Азэрбайджан, Армэнію, Бэльгію, Вугоршчыну, Вялікую Брытанію, ЗША, Ізраіль, Нямеччыну, Нідэрлянды, Сэрбію, Турэччыну, Фінляндыю, Францыю і Швэцыю.

Аднак у сувязі з пандэміяй новага каранавірусу ва ўсім сьвеце магчымая запозьненая дастаўка EMS, лістоў і пасылак, адзначае кампанія.

14:41 20.3.2020

У пандэміі галоўнае — ператрываць некалькі самых складаных месяцаў

Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя» Андрэя Дынько.

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

Пра што інтэрвію. Сьцісла

  • Лукашэнка — закладнік уласнай неінфармаванасьці і ўласнаручна створанага сабе іміджу «мудрага кіраўніка, які ніколі не памыляецца»
  • Калі адказ на пандэміі на Захадзе будзе неэфэктыўны, а ў Кітаі — эфэктыўны, то Кітай зь яе выйдзе ўзмоцнены, а Захад — аслаблены
  • У сытуацыі крызісу людзі ва ўсіх краінах яднаюцца вакол улады — калі бачаць яе эфэктыўнасьць, нават адкідаюць ранейшыя ідэалягічныя рахункі
  • Далей прыйдуць вакцыны і лекавыя сродкі, гэта пытаньне не гадоў, а месяцаў. Галоўнае цяпер — выйграць час
  • Мы назіраем цынічныя паводзіны прапагандысцкага апарату аўтарытарных рэжымаў, якія спрабуюць маніпуляваць людзьмі і ў гэтай драматычнай сытуацыі
  • У любых крытычных сытуацыях патрэбныя жорсткая дысцыпліна і самаабмежаваньні.

Чытаць усё інтэрвію.

13:03 20.3.2020

«Беларусам ніхто не дапаможа». Як на вёсцы ратуюцца ад пандэміі

Маскі засталіся з папярэдніх эпідэміяў, а ад новай хваробы выратуюць часнык і гарэлка. Жыхары вёскі Ільля Вялейскага раёну расказалі Свабодзе, як яны перажываюць усясьветную пандэмію каранавірусу.

13:01 20.3.2020

Дзень Волі перанесьлі ў інтэрнэт. Як адзначыць БНР-102 праз стрым

Антон Матолька, Павал Белавус і Эдуард Пальчыс — арганізатары мітынгаў-канцэртаў #БНР100 і #БНР101расказалі, як будуць адзначаць 102-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўмовах пандэміі новага каранавірусу.

Раней шэраг партыяў і рухаў асобна ад каманды #БНР100 плянавалі публічна адзначыць БНР-102 мітынгам-канцэртам у Менску 22 сакавіка, але імпрэзу перанесьлі на няпэўны час «дзеля бясьпекі людзей».

Цяпер плян такі:

  • усё пра стрым — на сайце Hodna.by;
  • усё пра «плян дэцэнтралізацыі» — на сайце Bnr.by:
  • збор грошай — на Molamola.by.
12:52 20.3.2020

YouTube і Netflix зьменшаць якасьць трансьляцыі ў Эўропе

Плятформы YouTube і Netflix зьменшаць якасьць трансьляцыі ў Эўропе, каб пазьбегнуць нагрузкі на Інтэрнэт у сувязі з паведамленьнямі, што мільёны эўрапейцаў праз успышку каранавірусу працуюць дыстанцыйна і шмат глядзяць відэа дома.

Гэтае рашэньне было прынята пасьля таго, як эўракамісар па ўнутраным рынку і лічбавай эканомікі Цьеры Брэтон заклікаў стрымінгавыя плятформы зьнізіць якасьць ваіх відэаролікаў, каб прадухіліць каляпс інтэрнэту.

Эўрапейскія тэлекамунікацыйныя правайдэры, ад Vodafone да Deutsche Telekom, у апошнія дні паведамляюць аб рэзкім павелічэньні трафіку дадзеных.

19 сакавіка Netflix у сваёй заяве таксама адзначыў, што «пачне зьніжаць хуткасьць перадачы даных ва ўсіх стрымінгах у Эўропе на працягу 30 дзён».

11:45 20.3.2020

«Настаўнікам сказалі маўчаць». У менскай школе часткова адмянілі заняткі. Вінаваты каранавірус?

Раніцай вакол менскай СШ №212 у мікрараёне Сухарава амаль цішыня. Звычайна ў гэты час дзеці сьпяшаюцца ў школу на заняткі, але сёньня сюды падцягваюцца ў асноўным дарослыя ды рэдкія старшаклясьнікі. Амаль у кожнага ў руках белы ліст — гэта заява аб вызваленьні дзіцяці ад заняткаў да 27 сакавіка.​

У бацькоўскіх чатах працягвае распаўсюджвацца інфармацыя пра пацьверджаны каранавірус у аднаго з школьнікаў. Спыталі бацькоў і дырэктарку, што там адбываецца.

Чытаць далей >>

11:34 20.3.2020

Назарбаеў заклікаў бізнэсоўцаў даць грошай у спэцфонд, а народ — рыхтавацца «да жорсткай эканоміі»

Першы прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, які зараз займае пасаду кіраўніка Дзяржрады, раніцай 20 сакавіка зьвярнуўся да народа.

Ён прызнаў сур’ёзнасьць каранавірусу і эканамічнага крызісу, які пачаўся. Назарбаеў

заклікаў усіх казахстанцаў падтрымаць цяперашняга прэзыдэнта Такаева і падрыхтавацца «да жорсткай эканоміі».

Назарбаеў не выключыў, што «бягучы крызіс набудзе доўгачасовы характар» і прывядзе да яшчэ большага падзеньня нацыянальнай валюты і эканомікі Казахстана. Ён прапанаваў «стварыць рэспубліканскі фонд, у якім бы назапашваліся сродкі людзей» — тых, хто «хоча і можа дапамагчы краіне ў гэты няпросты пэрыяд».​

Чытаць цалкам >>

11:18 20.3.2020

«Балюча, але неабходна», — украінскія прадпрымальнікі пра карантын і страты

Ва Ўкраіне ўвядзеньне карантынных захадаў для папярэджаньня пашырэньня каранавірусу выклікала шмат крытыкі.

На думку экспэртаў, эканоміка Ўкраіны, і без таго аслабленая вайной на Данбасе і абмежаваньнямі ў замежным гандлі, становіцца яшчэ больш уразьлівай, а захады, прапанаваныя ўрадам для падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, недастатковыя, каб спыніць крызісныя тэндэнцыі.

А што кажуць людзі >>

10:57 20.3.2020

ЭГУ перайшоў на інтэрнэт-навучаньне

Прарэктар акадэмічных пытаньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, што ў Вільні (Літва), пастанавіў замяніць вочныя сэсіі інтэрнэт-фарматам, а аўдыторныя гадзіны, што плянаваліся на вясновай сэсіі, разьмеркаваць цягам вясновага сэмэстру як онлайн-заняткі.

Унівэрсытэт, заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, закрыты ўладамі ў 2004-м і адроджаны ў Літве дзеля студэнтаў зь Беларусі, і раней карыстаўся адкрытай інтэрнэт-плятформай Moodle для асобных онлайн-заняткаў.

У Літве міністэрствы рэкамэндавалі і іншым навучальным установам перайсьці на інтэрнэт-заняткі. Ад 16 сакавіка ў краіне ўвялі карантын у сувязі з пандэміяй COVID-19. На момант публікацыі ў Літве выявілі 48 выпадкаў новага каранавінусу (аднаго пацыента ўжо выпісалі здаровым). Гэта ўтрая больш выпадкаў на душу насельніцтва, чым у Беларусі.

10:35 20.3.2020

Як матэматыкі пераканалі Вялікую Брытанію ўзмацніць антыкаранавірусную дзейнасьць

Спачатку Вялікая Брытанія не плянавала ніякіх спэцыяльных дзеяньняў ва ўмовах эпідэміі каранавірусу. Яе падыход зьмяніў даклад аналітыкаў, якія падлічылі, колькі чалавек памрэ, калі гэты курс захаваецца.

16 сакавіка быў апублікаваны дакумэнт, які зьмяніў падыход брытанскіх уладаў — сёньня яны выкарыстоўваюць рашэньні, якія былі ўведзены ў шэрагу краін ЭЗ ужо больш за тыдзень таму.

Прагнозы справаздачы відавочныя: калі захаваць бягучы падыход барацьбы з эпідэміяй аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі не справяцца з прыёмам хворых. Аналітыкі з Imperial College і Лёнданскай школы гігіены і трапічнай мэдыцыны падлічылі, што кожнай траціне шпіталізаваных пацыентаў можа спатрэбіцца месца ў аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі. Менавіта таму ўлады прыйшлі да высновы, што першапачатковы плян, заснаваны на пашырэньні эпідэміі, каб выпрацаваць «калектыўны імунітэт», можа скончыцца трагічна.

Чытаць цалкам >>

10:27 20.3.2020

«У пандэміі галоўнае — ператрываць некалькі самых складаных месяцаў», — Андрэй Дынько

Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя» Андрэя Дынько.

Сьцісла:

  • Лукашэнка — закладнік уласнай неінфармаванасьці і ўласнаручна створанага сабе іміджу «мудрага кіраўніка, які ніколі не памыляецца»
  • Калі адказ на пандэміі на Захадзе будзе неэфэктыўны, а ў Кітаі — эфэктыўны, то Кітай зь яе выйдзе ўзмоцнены, а Захад — аслаблены
  • У сытуацыі крызісу людзі ва ўсіх краінах яднаюцца вакол улады — калі бачаць яе эфэктыўнасьць, нават адкідаюць ранейшыя ідэалягічныя рахункі
  • Далей прыйдуць вакцыны і лекавыя сродкі, гэта пытаньне не гадоў, а месяцаў. Галоўнае цяпер — выйграць час
  • Мы назіраем цынічныя паводзіны прапагандысцкага апарату аўтарытарных рэжымаў, якія спрабуюць маніпуляваць людзьмі і ў гэтай драматычнай сытуацыі
  • У любых крытычных сытуацыях патрэбныя жорсткая дысцыпліна і самаабмежаваньні

Чытаць цалкам >>

10:26 20.3.2020

Казахстанскія мэдыкі выявілі каранавірус у двух пасажыраў з менскага авіярэйсу

Як расказаў прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя​ Казахстану Дыяс Ахметшарып, за апошнія дні зарэгістравалі пяць новых выпадкаў заражэньня. Прычым два зь іх — у пасажыраў авіярэйсу зь Менску.

18 сакавіка казахстанскія ўлады дзеля праверкі пасадзілі самалёт зь Менску замест Нур-Султану ў Карагандзе. Грамадзянаў Беларусі на борце не было.

«Адзін пасажыр 1981 году нараджэньня, другі — 1972-га, — паведаміў чыноўнік на онлайн-брыфінгу. — І тры выпадкі ў Алматы: жанчына 1982 году, яшчэ адна 1979-га, прыбыла з Бэрліну. І адзін грамадзянін 1997 году прыляцеў з Францыі. Стан усіх здавальняючы».

Агулам у Казахстане вядома пра 49 выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй: 2 у Карагандзе, 22 у Алматы і 25 у Нур-Султане. Сьмяротных вынікаў няма, запэўнілі ў Міністэрства аховы здароўя.

10:24 20.3.2020

У Расеі выпрабоўваюць вакцыну ад каранавірусу, чакаюць яе запуску ў канцы году

Расея распрацоўвае прататыпы вакцынаў для прафіляктыкі эпідэміі COVID-19. Сьцьвярджаецца, што дасьледчыкам удалося стварыць вакцыны як на аснове вірусных вэктараў грыпу, адру і стаматыту, так і на аснове сынтэтычных тэхналёгіяў.

Паратунак ад небясьпечнай хваробы шукаюць і ў іншых краінах сьвету — Кітаі, Ганконгу, Японіі, ЗША, Аўстраліі...

10:10 20.3.2020

У цэнтры Масквы будуць штодзень ладзіць хрэсны ход супраць каранавірусу

Намесьнік Высока-Пятроўскага манастыра Масквы ігумен Пётар (Ерамееў) абвясьціў у Instagram, што ад 18 сакавіка штовечар будзе ладзіцца хрэсны ход вакол будынку манастыра, тэрыторыю будуць акрапляць сьвятой вадой.

Хрэсны ход абяцаюць рабіць невялікім — 6–8 жыхароў манастыра на дыстанцыі адзін ад аднаго. Надалей хрэсныя хады зьбіраюцца ладзіць ужо на тэрыторыі манастыра.

У Расеі, дзе выявілі ўжо 199 выпадкаў COVID-19 і зафіксавалі першую сьмерць інфікаванай пацыенткі, пакуль не абвяшчалі ўсеагульнага карантыну або надзвычайнага становішча, але раней за тэрмін выправілі школьнікаў на вакацыі. Мэр Масквы ўвёў да 10 красавіка забарону на масавыя мерапрыемствы з больш як 50 удзельнікамі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG