Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

08:15 19.3.2020

Лічбы 19 сакавіка

  • На раніцу 19 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 219 тысяч выпадкаў COVID-19: звыш 81 тысячы ў Кітаі, 35,7 тысячы ў Італіі, 17,4 тысячы ў Іране, 14,8 тысячы ў Гішпаніі, 12,3 тысячы ў Нямеччыне, 9,5 тысячы ў ЗША, 9,1 тысячы ў Францыі, 8,6 тысячы ў Паўднёвай Карэі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 8969 чалавек. Зь іх 3249 у Кітаі, 2978 у Італіі, 1135 у Іране, 638 у Гішпаніі, 254 у Францыі, 155 у ЗША, 104 у Вялікай Брытаніі.
  • Здаровымі выпісалі 85,7 тысячы пацыентаў, у якіх быў новы каранавірус. У цяжкім стане застаюцца 6,8 тысячы.
  • У Беларусі пацьвердзілі 51 выпадак COVID-19: 9 з сымптомамі, 37 без сымптомаў, 5 (паводле БТ, 6) ужо выпісалі. Пад назіраньнем яшчэ 1960 чалавек.
22:16 18.3.2020

Міністэрства транспарту вызначыла пункты адпачынку для транзытных перавозчыкаў у сувязі з каранавірусам

Міністэрства транспарту і камунікацый вызначыла пункты адпачынку і харчаваньня для кіроўцаў, а таксама пункты запраўкі транспарту для перавозчыкаў – нерэзыдэнтаў Беларусі, якія праяжджаюць па тэрыторыі краіны транзытам. Пра гэта паведамляецца на сайце міністэрства.

Тлумачыцца, што такія пункты вызначылі, каб прадухіліць распаўсюд каранавірусу. Мапу прапанаваных пунктаў адпачынку і харчаваньня разьмясьцілі на сайце міністэрства на расейскай і ангельскай мовах.

21:06 18.3.2020

МЗС паведаміла, якой колькасьці беларусаў дапамагло вярнуцца на радзіму

Паводле Міністэрства замежных справаў, пасьля закрыцьця межаў дыпляматы спрыялі вяртаньню ў Беларусь 1700 чалавек. Гэтая лічба ня ўлічвае зваротаў у амбасады Беларусі ў Расеі і Ўкраіне.

Цягам 18 сакавіка ў Беларусь з Латвіі вярнуліся больш за 400 беларускіх дзяцей і суправаджаючых іх дарослых, якія праходзілі рэабілітацыю ў санаторыі «Друскінінкай».

На кантролі знаходзяцца 136 дзяцей і суправаджаючых з санаторыю ў латвійскай Юрмале.

Вядома, што «Белавія» не адмяняе прамыя рэйсы з і ў краіны Эўразьвязу па напрамкам Парыж, Бэрлін, Мюнхэн, Гановэр, Прагу, Будапэшт і іншыя. Ад 29 сакавіка «Белавія» плянуе запусьціць рэйс «Менск — Вена». Названымі рэйсамі маюць права і карыстаюцца расейскія грамадзяне.

Да 31 сакавіка «Белавія» будзе працягваць выконваць рэйсы ў Эгіпет, для выезду з краіны беларускіх грамадзян. На момант публікацыі ў Эгіпце знаходзіцца 1100 беларусаў.

20:46 18.3.2020

За дзень у Італіі ад каранавірусу памерлі 475 чалавек

Колькасьць памерлых ад новага каранавірусу ў Італіі за апошнія 24 гадзіны вырасла на 475 чалавек і дасягнула 2,978. Гэты рост на 19% за дзень – найбольшы ад часу, калі ў краіне пачалі адсочваць эпідэмію, паведамляе Reuters.

Агульная пацьверджаных выпадкаў хваробы ў Італіі дасягнула 35,713 – гэта рост на 1 ад папярэдняй лічбы 31,506. Італія мае найбольшую колькасьць захварэлых сярод краінаў Эўразьвязу.

20:45 18.3.2020

За дзень у Італіі ад каранавірусу памерлі 475 чалавек

Колькасьць памерлых ад новага каранавірусу ў Італіі за апошнія 24 гадзіны вырасла на 475 чалавек і дасягнула 2,978. Гэты рост на 19% – найбольшы ад часу, калі ў краіне пачалі адсочваць эпідэмію, паведамляе Reuters.

Агульная пацьверджаных выпадкаў хваробы ў Італіі дасягнула 35,713 – гэта рост на 1 ад папярэдняй лічбы 31,506. Італія мае найбольшую колькасьць захварэлых сярод краінаў Эўразьвязу.

19:38 18.3.2020

Нягледзячы на каранавірус, спэктаклі ў беларускіх тэатрах не адмянілі

Беларускія тэатры працуюць у у звычайным рэжыме. Усе запланаваныя спэктаклі адбудуцца. У тэатрах праводзяць дэзынфэкцыю памяшканьняў і паверхняў. Для наведнікаў паставілі дазатары з антысэптыкам, паведамляе БелТА.

19:26 18.3.2020

Транспартны каляпс і зачыненыя крамы. Рэпартаж з карантыннага Кіева


Як прайшоў першы дзень жорсткага пандэмічнага карантыну ў 3-мільённым Кіеве, паведамляе карэспандэнтка Свабоды.

18:24 18.3.2020

«У Расеі запраўлялі машыны, куплялі харчы». Што кажуць зь беларускага боку закрытай мяжы

Калі Расея забараніла ўезд на сваю тэрыторыю іншаземцам, гэта стала для жыхароў памежных беларускіх паселішчаў непрыемным сюрпрызам. Яны страцілі магчымасьць купляць у Расеі таньнейшыя тавары ды паліва для аўтамабіляў. Нямала і тых, хто можа страціць працу ў суседняй краіне, бо ўехаць у яе ня будзе як.

Ад сёньня расейскія памежнікі «закрылі» для беларусаў свой прапускны пункт непадалёк ад беларускай вёскі Каськова, за 20 кілямэтраў ад раённага цэнтру Мсьціслава. Кіроўцаў машын зь беларускім грамадзянствам двое вайскоўцаў вяртаюць на радзіму. Сваіх прапускаюць, спраўдзіўшы іхныя пашпарты. З расейскага боку машыны трапляюць у Беларусь безь перашкодаў. Шмат едзе ў Беларусь наладаваных фураў.

«Я хацеў заправіць машыну на расейскім баку. Запраўка адразу за пастом, але мяне вярнулі назад, бо я беларус», — абураецца адзін з кіроўцаў. Суразмоўца не хавае, што ведаў аб праблемах з праездам у суседнюю краіну, але ён спадзяваўся ўгаварыць памежнікаў. Зь ягоных словаў, на літры расейскага бэнзіну можна заашчадзіць да трох рублёў.

Чытайце наш рэпартаж і глядзіце фота тут.

18:19 18.3.2020

Колькі пацярпелых ад каранавірусу ў Беларусі і ў суседзяў

За тыдзень захварэлі на каранавірус у Беларусі ў 4,3 раза больш людзей. Свабода параўнала, як пашыраецца вірус у Беларусі і ў суседніх краінах.

На 18 сакавіка каранавірус у Беларусі выявілі ў 51 чалавек. Вось так выглядае агульная колькасьць захварэлых у краінах-суседзях Беларусі:

  • Расея — 147, пра памерлых не паведамляюць
  • Літва — 27, пра памерлых не паведамляюць
  • Латвія — 71, пра памерлых не паведамляюць
  • Польшча — 246 і 5 чалавек памерлі
  • Украіна — 14 захварэлі і 2 памерлі

Паглядзіце на лічбы пашырэньня каранавірусу за тыдзень, з 11 сакавіка, калі Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла пандэмію, —​ на нашай інфаграфіцы.

18:16 18.3.2020

Беларуская чыгунка скасавала яшчэ 24 цягнікі ў Расею

Да зьняцьця абмежаваньняў з 20 сакавіка скасаваныя цягнікі: № 64/63 Менск — Новасібірск, ад 22 сакавіка — цягнікі:

  • № 308/307 Баранавічы — Саратаў;
  • № 390/389 Менск — Анапа;
  • № 236/237 Менск — Масква — Менск;
  • № 221/222 Берасьце — Масква і Менск — Масква.

Ад 23 сакавіка ня будуць хадзіць цягнікі:

  • № 66/65 Менск — Мурманск;
  • № 76/75 Гомель — Масква;
  • № 302/301 Менск — Адлер;
  • № 104/103 Берасьце — Новасібірск;
  • № 150/149 Менск — Мінэральныя Воды;
  • № 328/327 Менск — Казань;
  • № 134/133 Менск — Архангельск.
17:35 18.3.2020

ЗША і Канада закрыюць мяжу для «непершачарговага» транспарту

Злучаныя Штаты і Канада закрыюць мяжу для транспартных перавозак, якія не зьяўляюцца абсалютна неабходнымі, паведаміў на сваёй старонцы ў Твітэры прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Паводле яго, гэтае абмежаваньне робіцца па ўзаемнай згодзе і не закране гандаль паміж дзьвюма краінамі.

17:32 18.3.2020

Беларусь увяла забарону на вываз мэдычных тавараў

Беларусь увяла часовую забарону на вываз асобных мэдычных тавараў і абсталяваньня. Такую пастанову прыняў Савет міністраў.

Пастанова ўжо набыла моц і будзе дзейнічаць да 1 чэрвеня 2020 году.

У пералік рэчаў, якія забаронена вывозіць зь Беларусі, уваходзяць:

  • аднаразовыя камбінэзоны і касьцюмы хімічнай абароны;
  • рэсьпіратар для працы з ахоўнымі акулярамі FFP3, рэсьпіратар супрацьаэразольны FFP3, гермэтычныя ахоўныя акуляры, маска на твар для выкарыстаньня з супрацьаэразольнымі фільтрамі FFP3, а таксама фільтры для гэтай маскі;
  • хірургічныя халаты, маскі адна- і шматразовыя, бахілы, бінты, вата, марля і іншае;
  • мэдычныя пальчаткі;
  • мэдычныя аднаразовыя камплекты зь нятканых матэрыялаў, камплект адзеньня лекара, мэдычны камплект грамадзянскай абароны для аказаньня медыка-санітарнай і першай дапамогі, камплект бялізны і адзеньня для апэрацыйных, хірургічныя камбінэзоны і халаты;
  • абсталяваньне для дыханьня, газавыя маскі, акрамя ахоўных масак без мэханічных дэталяў і зьменных фільтраў.
17:29 18.3.2020

Колькасьць заражаных каранавірусам у сьвеце перавысіла 200 тысяч чалавек

Колькасьць новых заражаных каранавірусам у сьвеце на 16 гадзіну вечара 18 сакавіка перавысіла 200 000 і цяпер складае 204 209. Пра гэта сьведчаць дадзеныя Цэнтру сыстэмных дасьледаваньняў унівэрсытэту Джона Хопкінса.

8244 чалавекі памерлі, больш за 82 000 выздаравелі.

17:02 18.3.2020

Мэдыкі пацьвердзілі COVID-19 у дэпутата Вярхоўнай рады Ўкраіны

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Сяргей Шахаў заявіў, што мэдыкі пацьвердзілі, што ён захварэў на каранавірус: «Сёньня мэдыкі зь лябараторыі патэлефанавалі і сказалі, што каранавірус пацьвердзіўся. Я хачу адразу сказаць усім — гэта ня так страшна, як намалявана...».

На сёньняшні дзень ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана 14 выпадкаў COVID-19, два чалавекі памерлі.

16:46 18.3.2020

«Эўравізію-2020» скасавалі праз каранавірус

Музычны конкурс «Эўравізія-2020» адмянілі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Пра гэта паведамілі на старонцы конкурсу ў твітэры.

Конкурс меўся прайсьці сёлета ў траўні ў нідэрляндзкім Ратэрдаме. Арганізатары працягнуць абмеркаваньне, каб перанесьці конкурс на 2021 год у тым жа горадзе.

16:40 18.3.2020

«Усім дабра і здароўя!» Як беларусы прапаноўваюць дапамогу падчас пандэміі

У часе пандэміі многія беларусы прапаноўваюць сваю дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Як гэта робяць Вольга Жарнасек і Крысьціна Шыянок у Чэхіі, Вольга Ярохіна і Юлія Касьян у Польшчы, Яўгенія Доўгая ў Менску і Алесь Вашкевіч ў Швайцарыі, чытайце ТУТ.

16:35 18.3.2020

Брытанскі прэм'ер абвясьціў, што хутка закрыюцца школы

Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан паведаміў, што ўрад неўзабаве прыме рашэньне пра закрыцьцё школ у краіне ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Яго цытуе агенцтва Reuters.

Дагэтуль брытанскія ўлады пакідалі такое рашэньне на выбар дырэктарам канкрэтнай школы. Яны тлумачылі гэта тым, што закрыцьцё школ ня спыніць эпідэміі, але створыць дадатковую нагрузку на людзей у сыстэме аховы здароўя, якія маюць дзяцей. Аднак працяг працы школаў выклікаў крытыку, бо пры гэтым урад заклікаў абмежаваць усе сацыяльныя кантакты, каб запаволіць распаўсюд каранавірусу.

16:02 18.3.2020

У Кітайска-беларускім парку пачалі рабіць «антывірусныя» маскі

Кампанія «Асамэдыка» наладзіла ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» вытворчасьць адмысловых дыхальных масак і фільтраў.

Бактэрыяльна-вірусныя фільтры для масак, як сьцьвярджаецца, фільтруюць паветра ад мікробаў і вірусаў з эфэктыўнасьцю 99,999%. Самі маскі «забясьпечваюць гермэтычнае прыкладаньне да твару пры мінімальных высілках».

Маскі маюць вырабляць для дарослых, дзяцей і нават немаўлятаў. Гэтыя маскі аднаразовыя, але іх можна выкарыстоўваць 12–24 гадзіны.

У якіх аб’ёмах вырабляюцца маскі і фільтры, кампанія не ўдакладняе, але піша, што ў сувязі з пандэміяй каранавірусу завод працуе ва ўзмоцненым рэжыме.

15:54 18.3.2020

У Іране ўжо 1,135 памерлых ад каранавірусу

Колькасьць памерлых ад новага каранавірусу ў Іране дасягнула 1,135 – за апошнія 24 гадзіны памерлі 147 чалавек. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на дзяржаўную іранскую тэлевізію. Паводле прадстаўніка міністэрства аховы здароўя Ірану, агульная колькасьць пацьверджаных выпадкаў хваробы ў гэтай краіне дасягнула 17,361.

15:46 18.3.2020

Беларусы не наважваюцца ехаць у Расею і аб’язнымі дарогамі

18 сакавіка Расея перакрыла мяжу зь Беларусьсю, увёўшы памежны кантроль. Уезд грамадзянам Беларусі ў Расею прыпынены праз эпідэмію каранавірусу.

На галоўнай трасе М1 жорсткі кантроль. А як на іншых дарогах?

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG