Мінздароўя загадала прыпыніць перападрыхтоўку і стажыроўку мэдыкаў
У рэдакцыю Свабоды трапіла копія загаду Міністэрства здароўя Беларусі ад 16 сакавіка за подпісам міністра Ўладзімера Караніка. Прэсавая служба Мінздароўя на момант публікацыі недасяжная для камэнтару.
Паводле дакумэнту, рэктарам Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі і мэдычных унівэрсытэтаў, дырэктарам каледжаў і Баранавіцкага цэнтру падвышэньня кваліфікацыі загадалі:
- прыпыніць адукацыйныя праграмы падвышэньня кваліфікацыі, стажыровак і навучальных курсаў да 17 красавіка;
- курсы падвышэньня кваліфікацыі да 17 красавіка ладзіць дыстанцыйна і з тэхналёгіямі для самастойнай працы;
- даць прапановы аб зьменах у пляны падвышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі;
- скасаваць цыклі завочнай перападрыхтоўкі клінічных ардынатараў да 17 красавіка;
- прыпыніць прыём замежнікаў на навучаньне і перападрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры да 17 красавіка.
Таксама Мінздароўя загадала скасаваць да 17 красавіка паседжаньні Рэспубліканскай кваліфікацыйнай камісіі і прымаць дакумэнты дыстанцыйна.
Мінадукацыі Беларусі раней адмовілася ад патрабаваньня перавесьці ўнівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне ў сувязі з пандэміяй COVID-19 і адказала ў сваім Telegram-канале на пэтыцыю з 16 тысячамі подпісаў. Міністэрства адукацыі разглядала перанос школьных вакацый на ранейшы тэрмін, але адмовілася.
У Расеі за суткі выяўленыя яшчэ 33 хворыя на каранавірус. Усяго іх 147
За мінулыя суткі ў Расеі зарэгістраваны 33 новыя выпадкі заражэньня каранавірусам. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні апэратыўнага штабу па папярэджаньні завозу і распаўсюджваньня інфэкцыі.
31 новы выпадак выяўлены ў Маскве. Адзін — у Новасыбірскай вобласьці, яшчэ адзін — у Томскай. Усе інфікаваныя — грамадзяне Расеі.
Дыпляматы ЭЗ: Расея распаўсюджвае фэйкі пра каранавірус на некалькіх мовах краінаў ЭЗ
Пракрамлёўскія акаўнты ў сацсетках і расейскія пракрамлёўскія СМІ вядуць «кампанію па дэзынфармацыі» на некалькіх мовах краінаў ЭЗ і спрабуюць нагнятаць «сумнеў, паніку і страх» і падарваць давер грамадзтва да сыстэм аховы здароўя краінаў ЭЗ. Пра гэта заявіла Эўрапейская служба зьнешнепалітычнай дзейнасьці (EEAS), якая сумяшчае ў ЭЗ функцыі зьнешнепалітычнага ведамства і рэалізуе агульную для Зьвязу палітыку бясьпекі і абароны. Яе даклад цытуе газэта The Financial Times.
Па зьвестках ведамства, з 22 студзеня па 10 сакавіка ў Эўразьвязе было выяўлена амаль 80 прыкладаў дэзынфармацыі пра захворваньне COVID-19, як ад прыватных акаўнтаў, так і ад акаўнтаў прарасейскіх арганізацый.
Карыстальнікі гэтых акаўнтаў публікуюць фэйкавыя навіны на ангельскай, нямецкай, гішпанскай, італьянскай і францускай мовах. У Італіі акаўнты задавалі грамадзянам краіны пытаньні: ці змогуць італьянскія і мясцовыя органы ўлады справіцца з крызісам у галіне аховы здароўя і недахопам абсталяваньня ў бальніцах. Гішпанскія акаўнты ў сваю чаргу падкрэсьлівалі, што ў адрозьненьне ад мясцовых уладаў, Расея і асабіста прэзыдэнт Уладзімір Пуцін спраўляюцца з распаўсюдам каранавірусу ў сваёй краіне.
Увесьці абмежаваньні на паўтара года? Брытанскія экспэрты рэкамэндуюць жорсткія захады барацьбы з каранавірусам
Каб стрымаць эпідэмію COVID-19, уладам неабходна ўвесьці жорсткія абмежаваньні на працу, навучаньне і грамадзкія сходы на пэрыяд, пакуль ня будзе вакцыны супраць новага каранавірусу, стварэньне якой можа заняць 18 месяцаў.
Гэткая выснова знаходзіцца ў дакладзе, падрыхтаваным брытанскімі дасьледчыкамі і эпідэміёлягамі зь Імпэрскага каледжу ў Лёндане, які быў апублікаваны 16 сакавіка.
Рокеры :B:N: дадуць «бясьпечны» канцэрт 18 сакавіка
Праект «Бясьпечны LIVE» ад «Арт-сядзібы» стартуе 18 сакавіка з акустычнага выступу пераможцаў «Басовішча-2002» — гурту :B:N:.
Бясплатная відэатрансьляцыя выступу :B:N: пачнецца ў 20.30 на Youtube.
Арганізатары пішуць: «Робім усё магчымае, каб ты не сумаваў па вечарах у час карантыну».
А 25 сакавіка свой Youtube-канцэрт дасьць Лявон Вольскі. Пачатак заплянаваны на 20.00.
Тым часам у аптэцы ў цэнтры Менску
Японкі прэпарат супраць грыпу «відавочна эфэктыўны» пры лячэньні каранавірусу — кітайскія ўрадоўцы
Мэдыцынскія чыноўнікі ў Кітаі заявілі, што фавіпіравір (favipiravir), прэпарат, які выкарыстоўваецца ў Японіі для лячэньня новых штамаў грыпу, аказаўся эфэктыўным для хворых на каранавірус, паведамілі японскія СМІ ў сераду. Чжан Сіньмін, чыноўнік міністэрства навукі і тэхнікі Кітая, сказаў, што фавіпіравір, распрацаваны кампаніяй Fujifilm, даў абнадзейлівыя вынікі ў ходзе клінічных выпрабаваньняў ува Ухані і Шэньчжэне з удзелам 340 пацыентаў, паведамляе The Guardian.
«Ён мае высокую ступень бясьпекі і відавочна эфэктыўны ў лячэньні», сказаў Чжан журналістам ва аўторак. Пацыенты, якім давалі гэты лек у Шэньчжэне, мелі нэгатыўны тэст на вірус праз чатыры дні пасьля таго, як у іх быў станоўчы тэст на каранавірус.
Лекары ў Японіі выкарыстоўваюць гэты прэпарат у клінічных дасьледаваньнях для лячэньня хворых на каранавірус зь лёгкімі і ўмеранымі сымптомамі, спадзеючыся, што гэта спыніць размнажэньне вірусу. Аднак крыніца з японскага міністэрства аховы здароўя адзначыла, што прэпарат ня быў настолькі эфэктыўным у людзей з больш цяжкімі сымптомамі.
«Ідзём пешкі з рэчамі з аэрапорту». Беларусаў не пусьцілі ў самалёт да Масквы з Гоа
Усе яны мелі квіткі на гэты рэйс, але турапэратар кажа, што ў іх няма віду на жыхарства ў Расеі. Адказнасьць за іхны лёс ён таксама зь сябе здымае, бо Расея закрыла межы з прычыны пандэміі каранавірусу.
«Ахова з аўтаматамі выгнала нас з аэрапорту. Мы чакалі рашэньня нашага консула, які абяцаў прыслаць трансфэр ці пасяліць у гатэль. У выніку мы нічога не дачакаліся. Цяпер мы падзяліліся на дзьве групы і накіраваліся шукаць жытло. На сувязь з намі не выходзяць ні турапэратар, ні авіякампанія, якая нас не забрала», — расказаў карэспандэнту Свабоды адзін з турыстаў.
Сярод турыстаў дзеці ва ўзросьце 2 гадоў і сталая жанчына з гіпэртаніяй.
Квіток з Тыраны ў Менск каштаваў 300 эўра. Як беларусы вяртаюцца і не вяртаюцца дахаты падчас эпідэміі
«Дабрацца было вельмі праблематычна, усё было перапоўнена, мы страцілі шмат грошай і наогул думалі, што там давядзецца застацца», — кажа беларуска Юлія Рабініна, якая вярталася ў Менск з Альбаніі.
Яна брала ўдзел у праграме студэнцкіх абменаў «Эразмус» і на тыдзень прыляцела 9 сакавіка ў Альбанію. На той момант паведамлялася, што ў гэтай краіне зарэгістраваны толькі адзін выпадак заражэньня каранавірусам.
«Мы падумалі, што ўсё нармальна. Ляцелі праз Вену, а адтуль у Тырану. На другі дзень нам сказалі, што горад будуць закрываць на карантын. Выявілі некалькі заражаных чалавек, і ўжо такія захады. Там пазачыняліся ўсе крамы, кавярні, адмянілі нават паездкі на прыватным транспарце».
У Казахстане 67 пасажыраў самалёта зь Менску адправілі на карантын
Гэта быў самалёт «Белавія», рэйс EW-399PO, які вылятаў зь Менску ў Нур-Султан вечарам 17 сакавіка. У «Белавія» пацьвердзілі, што самалёт пасадзілі ў Карагандзе дзеля карантынных захадаў, а ў аэрапорце Караганды расказалі, што сам самалёт ужо вярнуўся ў Менск.
Грамадзяне якіх краінаў былі на борце, невядома. Міністэрства замежных справаў Беларусі недасяжнае для апэратыўных камэнтароў.
Карантын можа быць зьвязаны з пандэміяй COVID-19, хоць афіцыйна пра прычыны не паведамляюць.
У Беларусі павялічылі тэрміны знаходжаньня замежнікаў у краіне
«У сувязі з увядзеньнем шэрагам дзяржаваў абмежавальных мераў, зьвязаных з уездам замежных грамадзян на іх тэрыторыю, падразьдзяленьні па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў Беларусі будуць працягваць тэрмін знаходжаньня замежных гасьцей у нашай краіне да 90 дзён, а пры неабходнасьці і звыш гэтага пэрыяду», — паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданова.
Замежніку для падаўжэньня тэрміну неабходна зьвярнуцца ў падразьдзяленьне па грамадзянстве і міграцыі АУС па месцы знаходжаньня (рэгістрацыі).
Аформіць выязную візу можна ў Нацыянальным аэрапорце Менск. Напрыклад, калі замежны госьць даведаўся аб адмене свайго рэйсу непасрэдна пасьля прыезду ў аэрапорт.
У суседзяў Беларусі 18 сакавіка надзвычайныя захады паўсюль, апрача Расеі
У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу расьце. Суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія авіязносіны.
- Польшча — 246 выпадкаў, 5 памерлі, «сытуацыя эпідэмічнай пагрозы»;
- Латвія — 71 выпадак, надзвычайнае становішча;
- Літва — 27 выпадкаў, карантын;
- Украіна — 14 выпадкаў, 2 памерлі, карантын;
- Расея — 114 выпадкаў, закрытыя межы, будуць закрытыя школы.
Расейскія памежнікі патлумачылі, каго зь беларусаў пусьцяць, а каго разьвернуць
Дзяжурны супрацоўнік удакладніў, што пастановай ураду да 1 траўня з прычыны распаўсюду каранавірусу часова абмежаваны ўезд у Расею замежнікам, якія прыбываюць з тэрыторыі Беларусі, а таксама беларускім грамадзянам.
Прапускаюць толькі грамадзянаў Расеі (пры наяўнасьці пашпарту), міжнародныя фуры і дыпляматаў. Выключэньнем — пахаваньне сваякоў, для гэтага неабходна мець даведку.
Беларусь ня ўводзіла кантролю на мяжы з Расеяй са свайго боку.
Каранавірус: Сусьветная арганізацыя здароўя дае парады і разбурае міты
Прадстаўляем парады і рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, якія яна падрыхтавала з мэтай інфармаваць сусьветнае грамадзтва пра пандэмію каранавірусу COVID-19 і пра эфэктыўныя спосабы пазьбягаць далейшага распаўюду інфэкцыі. Вось асноўныя тэзісы:
- COVID-19 можа перадавацца ў рэгіёнах з гарачым і вільготным кліматам
- Халоднае надворʼе і сьнег ня могуць забіць COVID-19
- Гарачая ванна не прадухіляе захворваньня на COVID-19
- Новы каранавірус НЯ МОЖА перадавацца праз укусы камароў
- Сушылкі для рук у зьнішчэньні новага каранавірусу не эфэктыўныя
- Ультрафіялетавая дэзынфэкцыйная лямпа ня можа забіць новы каранавірус
- Цеплавыя сканэры для выяўленьня людзей, заражаных новым каранавірусам часткова эфэктыўныя
- Распыленьне сьпірту або хлёру па ўсім целе ня зьнішчыць новы каранавірус
- Вакцыны ад пнэўманіі не абараняюць ад новага каранавірусу
- Рэгулярнае прамываньне носа фізіялягічным растворам ня можа дапамагчы прадухіліць заражэньне новым каранавірусам
- Спажываньне часныку ня можа прадухіліць заражэньне новым каранавірусам
- Новы каранавірус больш небясьпечны для пажылых людзей, чым для маладых
- Антыбіётыкі не эфэктыўныя ў прадухіленьні і лячэньні
- Не існуе спэцыфічных лекаў для прадухіленьня або лячэньня новага каранавіруса
Ужо 51. У Беларусі 9 інфікаваных COVID-19 з сымптомамі, яшчэ 37 без сымптомаў, 5 выпісалі
Паводле Міністэрства здароўя Беларусі, цяпер у 51 чалавека выявілі наяўнасьць новага каранавірусу. Два дні таму паведамлялі пра 36 пацыентаў, дзень таму — што новых хворых ня выяўлена.
- 9 пацыентаў маюць клінічныя прыкметы інфэкцыі — Мінздароўя тлумачыць, што яны «па сутнасьці ёсьць хворымі»;
- 37 пацыентаў маюць станоўчыя тэсты на новы каранавірус, але ня маюць сымптомаў;
- 5 пацыентаў ужо выпісалі пасьля адмоўных тэстаў на COVID-19, яшчэ 3 «рыхтуюцца да выпіскі».
17 выпадкаў — «завазныя», то бок прывезеныя з іншых краінаў. Апошнія чатыры (з Гішпаніі, Францыі, Нямеччыны і Расеі) выяўленыя на санітарна-карантынных пунктах. Астатнія — у «кантактаў 1 узроўню», то значыць у тых, хто кантактаваў з хворымі.
Пад назіраньнем мэдыкаў цяпер 1960 чалавек, яшчэ адносна каля 2700 чалавек назіраньне спынілі.
У Малдове — першая сьмерць праз каранавірус
У Малдове зарэгістраваная першая ахвяра каранавіруснай інфэкцыі, паведаміла ў сераду раніцай міністарка аховы здароўя Віорыка Думбрэвяну.
Паводле міністаркі мінулай ноччу памерла 61-гадовая жанчына ад інфэкцыі каранавірусу. Паведамляецца, што каранавірус у яе быў знойдзены 8 сакавіка. Акрамя таго, у яе былі і іншыя захворваньні — цукровы дыябэт і высокі артэрыяльны ціск.
Усяго ў Малдове ў пэрыяд з 7 сакавіка па цяперашні час зарэгістравана 30 хворых на каранавірус. 16 зь іх вярнуліся з Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Швайцарыі і Гішпаніі, а 14 — заразіліся ў выніку перадачы інфэкцыі на месцы, паведамляе Інтэрфакс.
«Ёсьць загад завозіць у шпіталі па начах». Хворы на каранавірус беларус вядзе блог у Telegram
Ён знаходзіцца ў інфэкцыйным шпіталі ў Менску і піша, што мае пацьверджаны каранавірус. Яго затралі ў шпіталь уначы 15 сакавіка як кантакт першага ўзроўню. Паводле інфармацыі блогера, ёсьць распараджэньне забіраць людзей спэцтэхнікай толькі па начах. Раней забіралі і ўдзень.
Хлопец піша, што яго зьмясьцілі ў палату з «чатырма дзядамі». Ён сам хвалюецца, бо, калі ў яго каранавірус, то на суседзяў гэта можа падзейнічаць ня лепшым чынам. Вядома, што старыя людзі найгорш перажываюць хваробу і найчасьцей ад яе паміраюць. Пазьней ён напісаў, што ў старых аналізы былі адмоўныя.
Ягонага сябра, які яшчэ ня ведае свайго статусу, нібыта зьмясьцілі ў палату з чалавекам, у якога пацьверджаны каранавірус. (цалкам чытайце па спасылцы)
У Расеі дзяцей адправілі на датэрміновыя канікулы. У Беларусі адмовіліся
Усе расейскія школы адправяць на канікулы ад 23 сакавіка да 12 красавіка ў сувязі з пандэміяй новага каранавірусу, вырашыла Міністэрства асьветы Расеі. У Беларусі пакуль прытрымліваюцца плянавых вакацыяў: ад 30 сакавіка да 4 красавіка.
«Белпошта» прыпыняе прыём пасылак ва ўсе краіны, акрамя Расеі і Кітаю
У сувязі з прыпыненьнем авіяперавозак пасьля абвяшчэньня пандэміі каранавірусу «Белпошта» часова прыпыняе прыём выходных паштовых адпраўленьняў (адпраўленьняў пісьмовай карэспандэнцыі, пасылак і адпраўленьняў EMS) ва ўсе краіны, за выключэньнем Ганконгу, Кітайскай Народнай Рэспублікі і Расейскай Фэдэрацыі. Пералік краін будзе карэктавацца ў выпадку зьяўленьня транспартных сродкаў, здольных ажыцьцяўляць у гэтыя краіны дастаўку.
Каб пазьбегнуць кантакту з чалавекам, адпраўленьні EMS і тыя, якія рэгіструюцца і для якіх звычайна патрабуецца подпіс адрасата, будуць дастаўляцца праз паштовыя або абанэнцкія скрыні, паштаматы, без расьпіскі атрымальніка.