Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

11:09 18.3.2020

Швэцыя ўвяла забарону на ўезд у краіну для замежнікаў

Швэцыя ўвяла часовую забарону на ўезд у краіну для замежнікаў у рамках барацьбы з распаўсюдам новай каранавiруснай інфэкцыі, паведаміла амбасада Швэцыі ў Менску.

  • Забарона на ўезд набывае моц з 19 сакавіка і будзе дзейнічаць сама меней 30 дзён.
  • Абмежаваньне тычыцца тых, хто ўяжджае ў Швэцыю з краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз / Эўрапейскую эканамічную супольнасьць / Швайцарыю.
  • Абмежаваньне не закране грамадзян Швэцыі ці тых, хто стала пражывае ў Швэцыі, а таксама асоб, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне, дыпляматаў, мэдыцынскага пэрсаналу, супрацоўнікаў транспартных кампаній, якія дастаўляюць грузы ў Швэцыю, і некаторых іншых катэгорый.
11:02 18.3.2020

У Кіргізстане пасьля першых 3 выпадкаў COVID-19 урад плянуе ўвесьці надзвычайнае становішча

У Кіргізстане зафіксавалі тры першыя выпадкі інфікаваньня каранавірусам. Усе заражаныя — жыхары Сузакскага раёну Джалал-Абадзкай вобласьці, якія вярнуліся з паездкі ў Саудаўскую Аравію.

Пра гэта паведамілі на пасяджэньні Рэспубліканскага штабу ў справе папярэджаньня і недапушчэньня распаўсюджваньня каранавіруснай інфэкцыі, перадае кіргізская служба Радыё Свабода.

У карантын зьмешчаныя 90 чалавек. У Сузакскам раёне ўвялі рэжым надзвычайнага становішча. Рэспубліканскі штаб разглядае пытаньне аб увядзеньні ў Кіргізстане рэжыму надзвычайнага становішча, паведамляе кіргізская Свабода са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.

Кіргізстан стаў трэцяй краінай у Цэнтральнай Азіі, дзе выявілі каранавірус. У Казахстане на раніцу 18 сакавіка пацьверджана 35 выпадкаў заражэньня, ва Ўзбэкістане — 11.

10:30 18.3.2020

Сэрбія ўвяла камэнданцкую гадзіну з прычыны каранавірусу

Сэрбія з 18 сакавіка з мэтай процідзеяньня распаўсюджваньню каранавірусу ўводзіць камэнданцкую гадзіну:

  • у дзённы час — для грамадзян, старэйшых за 65 гадоў (да 70 гадоў у вёсках),
  • з 20.00 да 5.00 (па мясцовым часе) — для ўсіх грамадзян.

Армія бярэ пад кантроль мэдыцынскія ўстановы, ахову мяжы і цэнтры часовага ўтрыманьня мігрантаў, піша Interfax.by.

Па стане на вечар 17 сакавіка колькасьць інфікаваных каранавірусам у Сэрбіі вырасла да 72 чалавек, у краіне ўведзена надзвычайнае становішча. Раней Сэрбія закрыла межы для ўезду іншаземцаў без рэгістрацыі ў краіне і абавязала грамадзян, якія вяртаюцца з-за мяжы, праходзіць хатнюю самаізаляцыю пад пагрозай штрафу.

10:01 18.3.2020

Загад Мінздароўя: мэдыкам — даплаты, хворым з тэмпэратурай — асобны ўваход у клінікі

Міністэрства здароўя Беларусі апублікавала загад ад 16 сакавіка аб дадатковых захадах у барацьбе з новым каранавірусам. У ім:

  • зацьверджаны сьпіс лякарняў, куды можна класьці пацыентаў з COVID-19, а таксама людзей, якія зь імі кантактавалі (на першым і другім узроўнях);
  • дазволена перапрафіляваць пад барацьбу з COVID-19 лякарні і памяшканьні, першапачаткова не прызначаныя для барацьбы з такімі вірусамі (напрыклад, у Менску хворых пакладуць у тым ліку ў анкалягічны дыспансэр, а «кантактаў 2 узроўю» ў скура-вэнэралягічны дыспансэр і санаторый «Брыгантына»);
  • у лякарнях з хворымі на COVID-19 і з «кантактамі 1 узроўню» дазволена ствараць дадатковыя пасты пазаведамаснай аховы;
  • лекарам, якія працуюць з хворымі на COVID-19 і «кантактамі 1 узроўню», выпішуць дадатак да заробку і падвысяць надбаўкі за стаж, асаблівы характар працы і іншае;
  • працаўнікоў лякарняў, якім давядзецца працаваць у кругласуткавым рэжыме, загадалі забясьпечыць харчаваньнем ад камбінату «Вітамін», які ладзіць харчаваньне ў лякарнях;
  • у паліклініках для хворых з высокай тэмпэратурай загадалі забясьпечыць асобныя ўваходы ў будынкі;
  • супрацоўнікам паліклінікаў маюць выдаць антысэптыкі і сродкі індывідуальнай абароны;
  • у паліклініках просяць абмежаваць плянавыя дыспансэрызацыю, вакцынацыю, флюраграфію, стаматалёгію і іншае, «зыходзячы з магчымасьцей»;
  • выдачу выпісак загадалі зладзіць у электронным фармаце, а выдачу рэцэптаў пацыентам з хранічнымі захворваньнямі — у іх дома;
  • загадалі прадугледзець дадатковыя выдаткі на візыты да пацыентаў, зладзіць забор біялягінага матэрыялу і функцыянальныя дасьледаваньні падчас візытаў на дом;
  • далі разнастайныя інструкцыі для дактароў і працаўнікоў кол-цэнтраў.
10:00 18.3.2020

Чэскі аўтамабільны гігант Škoda прыпыняе вытворчасьць, каб не распаўсюджваўся каранавірус

Апошнія аўтамабілі пакідаюць заводы Škoda Auto ў Чэхіі ў сераду, 18 сакавіка, у 22.00. Заводы будуць закрытыя ў Млада-Болеславе, Квасінах і Вэрхлабе да 22.00 6 красавіка.

Рашэньне аб прыпыненьні вытворчасьці на тры тыдні было прынята для барацьбы з эпідэміяй каранавірусу ў Чэхіі. Работнікам заводу будуць выплачваць 70-75% ад іх штомесячнай зарплаты.

09:57 18.3.2020

Сан-Марына на першым месцы у колькасьці выпадкаў на душу насельніцтва

Паводле «актыўных выпадкаў» — абсалютнай колькасьці хворых на COVID-19 на гэты момант — Італія істотна абганяе іншыя краіны: там хварэюць 26 тысяч чалавек, зь іх 2 тысячы ў цяжкім стане. У Гішпаніі цяпер хворыя 10 тысяч чалавек, у Іране 9,8 тысячы, у Нямеччыне 2,3 тысячы, у Кітаі 8 тысяч, у Францыі 7 тысяч, у Паўднёвай Карэі 6,8 тысячы, у ЗША 6,3 тысячы.

Найбольш выпадкаў на душу насельніцтва прыпадае на Сан-Марына: там выявілі 119 выпадкаў, памерлі 11, выпісалі здаровымі 4. Агулам у рэспубліцы, з усіх бакоў аточанай Італіяй, жыве 33,4 тысячы чалавек на плошчы, меншай за Баранавічы (роўна як два Слуцка). Гэта значыць, вірус там сустракаецца ў амаль 7 разоў часьцей, чым у Італіі. Першы выпадак у Сан-Марына зафіксавалі 27 лютага — 88-гадовы мужчына прыехаў з Італіі, памёр у шпіталі 1 сакавіка.

09:41 18.3.2020

Прадпрымальнікі просяць урад Беларусі абвесьціць надзвычайнае становішча ў сувязі з каранавірусам

Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва зьвярнулася да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса і кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігара Сергеенкі з прапановамі адносна захадаў у супрацьдзеяньні небясьпечнага вірусу COVID-19.

З улікам аб’ектыўнай немагчымасьці цалкам заблякаваць вірус у кароткатэрміновай пэрспэктыве, канфэдэрацыя заклікае скарыстацца адносна спрыяльнай сытуацыяй у Беларусі дзеля выпрацоўкі комплексу захадаў падтрымкі прадпрымальніцтва і кампэнсацыі панесеных стратаў:

  • Разгледзець магчымасьць пераводу работнікаў на дыстанцыйную працу
  • Забясьпечыць адтэрміноўку арэнднай платы, камунальных паслугаў і доступу ў інтэрнэт у выпадку часовага невыкарыстаньня аб’екту нерухомасці
  • Спрасьціць парадак аказаньня спонсарскай дапамогі мэдычным установам.

09:24 18.3.2020

Цягнікі паміж Беларусьсю і Расеяй працягнуць хадзіць, але толькі для расейцаў

Усе цягнікі ў зносінах зь Беларусьсю працягнуць курсіраваць паводле графіку, аднак перасячы беларуска-расейскую мяжу ў іх змогуць толькі грамадзяне Расеі, паведаміла ўвечары 17 сакавіка Расейская чыгунка.

Грошы за нявыкарыстаныя квіткі будуць вяртаць цалкам, без дадатковых збораў, у любой чыгуначнай касе краіны, дзе быў набыты квіток. Як будзе арганізаваны рух цягнікоў празь Беларусь у Калінінградзкую вобласьць, не паведамляецца. Пакуль вядома толькі, што на тэрыторыі Літвы, куды таксама забаронены ўезд іншаземцаў і ўведзены карантын, пасадкі і высадкі пасажыраў ня будзе.

Згодна з пастановай ураду Расеі, з 00.00 18 сакавіка забараняецца ўезд на тэрыторыю Расеі іншаземцаў, у тым ліку грамадзян Беларусі, аднак у дакумэнце ёсьць агаворка, што будзе дазволены транзыт іншаземцаў праз аэрапорты.

Транзыт грамадзян Беларусі, якія вяртаюцца дадому праз Маскву, з 18 сакавіка будзе магчымы толькі ў межах аднаго аэрапорта маскоўскага авіяцыйнага вузла. Калі грамадзянін Беларусі, да прыкладу, прыляцеў з-за мяжы ў Маскву ў аэрапорт Дамадзедава, то ён павінен, не пакідаючы транзытнай зоны, вылецець у Менск таксама з гэтага аэрапорта. Пры гэтым пасажырам абавязкова неабходна мець пры сабе праязныя квіткі, якія пацьвярджаюць факт транзыту. Такое афіцыйнае тлумачэньне ад расейскіх уладаў паступіла ў амбасаду Беларусі ў Расеі, паведаміў БелТА прэс-сакратар дыпмісіі Алег Мазура.

09:21 18.3.2020

«Завярнулі без тлумачэньня прычын». Што адбывалася на беларуска-расейскай мяжы перад закрыцьцём і пасьля. ФОТА

Дакладна апоўначы 18 сакавіка супрацоўнікі Памежнай службы ФСБ Расеі пачалі разварочваць легкавікі, якія ехалі ў бок Расеі, на памежным пераходзе паміж беларускімі Шухаўцамі і расейскім пасёлкам Краснае на трасе М1 паміж Беларусьсю і Расеяй. Карэспандэнты Свабоды назіралі за закрыцьцём мяжы на месцы. (чытайце па спасылцы)

09:19 18.3.2020

Праваслаўная царква ўвяла правілы для прафіляктыкі каранавірусу

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел вызначыў шэраг правілаў, накіраваных на прадухіленьне распаўсюду эпідэміі COVID-19 у праваслаўных храмах.

Правілы пералічаныя ў лісьце, тэкст якога апублікавалі на інфармацыйным партале sobor.by.

  • Праваслаўны ярарх загадаў арганізаваць абавязковае дзяжурства царкоўных работнікаў каля разьмешчаных перад іканастасам аналояў, а таксама ківотаў. Яны мусяць праціраць абразы і сьвятыні вадкасьцямі на сьпірце ці іншымі антысэптыкамі «пасьля кожнага цалаваньня вернікамі». Пры гэтым мітрапаліт Павел лічыць магчымым на пэрыяд эпідэміі ўстрымацца ад цалаваньня сьвятынь і замяніць яго паклонам.
  • Сьвятарам рэкамэндавана ўстрымацца ад дабраславеньня з цалаваньнем рукі.
  • У храмах варта разгледзець магчымасьць прымяняць аднаразовыя кубачкі для запіваньня пасьля прычашчэньня альбо зусім адмовіцца ад запіваньня. У першым выпадку аднаразовы посуд неабходна сабраць і ўтылізаваць адразу пасьля службы.
  • Настаяцелем прыходаў і манастыроў загадана сачыць за захаваньнем чысьціні і санітарыі, а таксама за рэгулярнасьцю вільготнай прыборкі, у тым ліку з антысэптыкамі, у месцах збору людзей. Акрамя гэтага, яны павінны нагадваць людзям пра асабістую адказнасьць за сваё здароўе і перад навакольнымі, а таксама рэкамэндаваць прыхаджанам у выпадку недамаганьня або прыкмет віруснай інфэкцыі неадкладна зьвяртацца да лекара і ўстрымацца ад удзелу ў грамадзкай царкоўнай малітве да поўнага ачуньваньня.
  • Апроч іншага, загадана ў прамежках паміж хрышчэньнямі дэзынфікаваць купель, падчас мірапамазаньня або памазаньня алеем выкарыстоўваць аднаразовыя ватныя палачкі, якія пасьля неабходна спальваць. Да асаблівага распараджэньня прыпынілі працу нядзельных школ, прыходзкіх сэкцый і гурткоў.
08:33 18.3.2020

Беларуска-расейская мяжа ў ноч закрыцьця

Фотарэпартаж Свабоды зь беларуска-расейскай мяжы ў ноч яе закрыцьця з 17 на 18 сакавіка на памежным пункце на дарозе Берасьце — Менск — Масква. Мяжа Беларусі і Расеі закрытая расейскім урадам у сувязі з пагрозай каранавіруснай інфэкцыі. Рух людзей забаронены. Расейскі ўрад выказаў крытыку захадаў у барацьбе з кранавірусам, якія прымаюцца ў Беларусі. Аляксандар Лукашэнка абурыўся гэтым рашэньнем расейскіх уладаў.

08:32 18.3.2020

«У Эўропе перабор». Беларусы пра карантын з нагоды каранавірусу

Мы спыталі ў мінакоў на галоўным праспэкце Менску, ці задавальняюць іх захады, якія робяць беларускія ўлады для таго, каб абараніць беларусаў ад каранавірусу.

08:21 18.3.2020

Лічбы на раніцу 18 сакавіка

  • У сьвеце зафіксавалі больш за 198,5 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 31,5 тысячы ў Італіі, 16,2 тысячы ў Іране, 11,8 тысячы ў Гішпаніі, 9,4 тысячы ў Нямеччыне, 8,4 тысячы ў Паўднёвай Карэі, 7,7 тысячы ў Францыі, 6,5 тысячы ў ЗША.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 7988 чалавек: 3241 у Кітаі, 2503 у Італіі, 988 у Іране, 533 у Гішпаніі, 175 у Францыі, 115 у ЗША, 84 у Паўднёвай Карэі.
  • Выпісалі здаровымі 72,8 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца 6,4 тысячы пацыентаў.
  • У Беларусі пацьвердзілі 36 выпадкаў COVID-19, «на кантролі» — 2583 чалавекі. Гэтыя лічбы Мінздароўя называла 16 сакавіка, а раніцай 17-га паведаміла толькі, што за суткі новых выпадкаў не выяўлялі.
23:09 17.3.2020

Лідэры ЭЗ пацвердзілі 30-дзённую забарону на ўезд у Шэнгенскую зону

Лідэры краін ЭЗ у аўторак пагадзіліся з прапановай Эўракамісіі аб 30-дзённай забароне на ўезд у краіны Шэнгенскай зоны для грамадзян трэціх краін — праз эпідэмію каранавіруснай інфэкцыі. Пра гэта заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль.

Па яе словах, Нямеччына ўжо пачала рэалізоўваць гэтую забарону і не прапускае замежнікаў не з краін ЭЗ праз свае межы. Яна падкрэсьліла, што забарона датычыцца і грамадзян Вялікабрытаніі, якая нядаўна выйшла з Эўразьвязу.

Пра тое, што забарона на ўезд у краіны Шэнгенскай зоны будзе ўведзеная, напярэдадні паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

У Шэнгенскую зону ўваходзіць пераважная большасьць краін ЭЗ, а таксама Швайцарыя, Нарвэгія, Ісьляндыя і Ліхтэнштэйн.

21:57 17.3.2020

«Хачу працаваць дыстанцыйна». Што будзе з працоўным графікам, заробкам і выходнымі, калі ад каранавірусу схавацца дома

У сувязі з пагаршэньнем сытуацыі з каранавірусам у Беларусі ўсё больш людзей

працуюць з хаты ці плянуюць перайсьці на дыстанцыйную форму працы, каб засьцерагчы сябе, сваіх дзяцей і старэйшых сваякоў. Але ці ёсьць для гэтага прававая база? Ці захаваюць работнікі пры дыстанцыйнай працы былыя заробкі, выходныя і працоўны стаж?

Свабодзе адказаў на гэтыя пытаньні прававы інспэктар працы незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка. З дапамогай юрыста мы разгледзелі 4 сытуацыі.

21:03 17.3.2020

20:46 17.3.2020

Больш за 770 грузавікоў стаіць на мяжы з Польшчай. Фатафакт

Па стане на 20.00 17 сакавіка агулам на беларуска-польскай мяжы стаіць 770 грузавых аўтамабіляў, паведамляе сайт Дзяржаўнага мытнага камітэту.

20:02 17.3.2020

«Нам каранавірус да лямпачкі!» Трактарысты пра выказваньне Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка 16 сакавіка выказаўся, што трактар і гарэлка ратуюць ад каранавірусу. Свабода запытала ў трактарыстаў, чым яны ратуюцца ад сусьветнай заразы.

19:46 17.3.2020

На людзей у масках глядзяць, як на чумных. Як я вярталася з Прагі ў Менск у разгар пандэміі

Беларуская стыпэндыятка прэміі Вацлава Гаўла Наста Бойка піша пра тое, як мэдыцынская маска стала сымбалем сучаснасьці.

18:54 17.3.2020

5 рэчаў, якія трэба ведаць пра маскі і каранавірус

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG