Хто зьбяднее, а хто заробіць падчас эпідэміі. Разьбіраемся з экспэртамі
Межы краін — суседак Беларусі цяпер закрытыя. Ад гэтага цярпіць ня толькі турыстычная і транспартная сфэра. Разьбіраемся з эканамістамі, якія галіны эканомікі пандэмія закране найбольш.
- Пацярпяць турыстычныя фірмы, транспарт і лягістыка
- Продаж нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў — стратэгічныя крыніцы даходу для беларускага бюджэту. Няўстойлівасьць нафтавых паставак і так ударыла па даходах Беларусі, а каранавірус можа значна ўскладніць сытуацыю. На гэта зьвяртае ўвагу кіраўнік цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук.
Хто заробіць на каранавірусе? Чытайце ў артыкуле Свабоды.
Расея закрываецца. Аўтобусныя рэйсы скасавалі. Чыгунка прапануе беларусам здаць білеты
З 18 сакавіка Расея перастане прапускаць грамадзян Беларусі на сваю тэрыторыю.
Аўтаперавозчыкі, у тым ліку «Менсктранс» і Еcolines, адмянілі рэгулярныя рэйсы зь Беларусі ў Расею. Скасоўваюцца рэйсы і зь іншых гарадоў Беларусі.
Беларуская чыгунка скараціла прыгарадныя цягнікі, якія перасякалі расейскую мяжу, да апошніх станцый на тэрыторыі Беларусі. Такія цягнікі хадзілі
- зь Віцебску да Рудні (скарацілі да Завольшы),
- з Воршы да Краснага (скарацілі да Асінаўкі),
- з Крычава да Суража (скарацілі да Бялынкавіч).
Зь міжнароднымі цягнікамі ў Беларускай чыгункі пакуль пэўнасьць толькі да нуля гадзінаў 19 сакавіка. Цягнікі пойдуць паводле графіку, але чыгунка нагадавае, што ўжо з 18 сакавіка ўезд беларусаў у Расею абмяжуюць. І прапануе вярнуць білеты ў касах «да 00.00 19 сакавіка».
Пакінуць Расею беларусы могуць без абмежаваньняў. 18 сакавіка, як вынікае з інфармацыі Беларускай чыгункі, выехаць ім яшчэ будзе на чым.
Хто зьбяднее, а хто заробіць падчас эпідэміі. Разьбіраемся з экспэртамі
Межы краін — суседак Беларусі цяпер закрытыя. Ад гэтага цярпіць ня толькі турыстычная і транспартная сфэра. Разьбіраемся з эканамістамі, якія галіны эканомікі пандэмія закране найбольш.
Тэсты на каранавірус, праведзеныя ў Беларусі, адпавядаюць нарматывам САЗ
РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Беларусі атрымаў адказ зь Нямеччыны, што тэсты на каранавірус, праведзеныя ў лябараторыях Беларусі, цалкам адпавядаюць нарматывам Сусьветнай арганізацыі здароўя. Пра гэта піша тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Першыя 5 станоўчых і 10 адмоўных тэстаў накіроўвалі ў нямецкі інстытут імя Робэрта Коха.
Школьныя вакацыі ня будуць пераносіць праз пандэмію
Вясновыя школьныя вакацыі ня будуць пераносіць, сказаў міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, піша БелТА.
«Апошнім часам у інтэрнэце, у сацсетках і мэсэнджэрах зьявілася інфармацыя пра перанос вясновых вакацый. Афіцыйна паведамляю: графік навучальнага працэсу не зьмяняецца. Ніякіх падставаў для гэтага няма. Усе навучальныя ўстановы павінны працаваць у штатным рэжыме», — сказаў Карпенка.
Вясновыя школьныя вакацыі працягнуцца з 30 сакавіка па 4 красавіка.
Крамам рэкамэндавалі не дапусьціць ажыятажу на макарону, крупы, мыла і туалетную паперу
Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРТ) рэкамэндавала арганізацыям гандлю ўсіх формаў уласнасьці «адмяніць захады, накіраваныя на стымуляваньне продажу» пэўных прадуктаў харчаваньняў і спажывецкіх тавараў.
Як патлумачылі карэспандэнту Свабоды ў МАРТ, гэта адзін з захадаў, накіраваных на тое, каб не дапусьціць магчымага ажыятажнага попыту. Маўляў, «усе бачаць, што адбываецца ў Эўропе, і гэта можа рабіць уплыў».
Паводле дакумэнту, які Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю накіравала ў гандлёвыя арганізацыі, з 17 сакавіка рэкамэндуецца адмяніць «усе рэклямныя мерапрыемствы, накіраваныя на стымуляваньне продажаў тавараў доўгатэрміновага захоўваньня», сярод якіх тавары бакалейнай групы, сацыяльна значныя тавары і тавары крытычнага імпарту.
Паводле міністэрства, гэта выклікана сытуацыяй з распаўсюджаньнем каранавірусу ў Эўразьвязе, Расеі і іншых краінах, а таксама павелічэньнем з 14 сакавіка пакупніцкага попыту на згаданыя тавары.
Таксама рэкамэндуецца адмяніць усе зарэгістраваныя рэклямныя гульні, правядзеньне якіх не пачалося 17 сакавіка.
Зорку Галівуду выпісалі са шпіталя пасьля каранавірусу
Галівудзкага актора Тома Гэнкса і яго жонку Рыту Ўілсан 16 сакавіка выпісалі са шпіталя ў штаце Куінслэнд у Аўстраліі, дзе яны лячыліся ў сувязі з заражэньнем каранавірусам.
CNN паведамляе, што цяпер акторская пара знаходзіцца ў карантыне ў сваім доме ў Аўстраліі. Хэнкс з жонкай былі шпіталізаваныя на мінулым тыдні.
Расейскія тэлеграм-каналы «адправілі» міністра Макея на карантын. Але ён здаровы, кажа МЗС
Раней Уладзімер Макей сустракаўся са студэнтам, у якога падазравалі каранавірус.
«Міністар замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімер Макей знаходзіцца на працоўным месцы і ў добрым здароўі, што пацьвярджаецца рэгулярнымі мэдычнымі абсьледаваньнямі», — паведаміў на запыт Радыё Свабода МЗС Беларусі.
Раней тэлеграм-канал «БелоРусский диалог» пісаў, што Ўладзімер Макей на карантыне.
Рызыкоўная гульня Лукашэнкі з каранавірусам
Аналітыкі задаюцца пытаньнем, чаму Аляксандар Лукашэнка ня ўводзіць у Беларусі карантын, як у большасьці суседніх краін, нават у тых (напрыклад, у Польшчы і Ўкраіне), дзе памеры эпідэміі пакуль невялікія і колькасьць хворых на каранавірус на душу насельніцтва параўнальная альбо нават меншая за беларускую.
Відавочна, што адказаў некалькі: палітычны, эканамічны, псыхалягічны, — піша Віталь Цыганкоў у сваім блогу.
Пэкін абурыўся на Трампа за твіт пра «кітайскі вірус»
Прэсавы прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітаю параіў прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу «паклапаціцца пра свае справы» і «спыніць беспадстаўныя абвінавачаньні ў дачыненьні да Кітаю».
Бі-Бі-Сі паведамляе, што такім чынам Пэкін зрэагаваў на твіт амэрыканскага прэзыдэнта, у якім Трамп назваў каранавірус COVID-19 «кітайскім вірусам».
Ад сёньняшняга дня ў Францыі проста так з дому ня выйдзеш
Міністар унутраных справаў Францыі Крыстоф Кастанэр ўвечары 16 сакавіка абвясьціў, што кожны чалавек, які вырашыў выйсьці з дома ва ўмовах пандэміі, павінен будзе даказаць абгрунтаванасьць перамяшчэньня.
Спэцыяльны блянк можна спампаваць з сайту МУС, раздрукаваць і запоўніць. Калі няма прынтэра, яго можна напісаць ад рукі.
Футбольны чэмпіянат Эўропы перанесьлі на наступны год
Чэмпіянат Эўропы па футболе перанесьлі на 2021 год у сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Такое рашэньне прыняў на сваёй нарадзе Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА).
Раней большасьць эўрапейскіх футбольных лігаў прыпынілі гульні. Таксама прыпыненыя матчы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы.
Трактар з гарэлкай і дым гармалы. Што кіраўнікі розных дзяржаваў раяць рабіць падчас эпідэміі
Свабода сабрала рэакцыю прэзыдэнтаў на пашырэньне ў сьвеце небясьпечнай хваробы.
- Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі. Мяркуе, што ад каранавірусу ратуе праца на трактары і гарэлка
- Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, прэзыдэнт Туркмэністану. Раіць абкурваць хворых і іхнае жытло лекавымі травамі
- Джузэпэ Контэ, кіраўнік ураду Італіі. Заклікае да карантыну і адказнасьці
- Уладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Украіны. Прапануе адчуваць адзінства народу
- Дональд Трамп, прэзыдэнт ЗША. Абяцае адсьвяткаваць перамогу над хваробай
- Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі. Папярэджвае аб праблемах у эканоміцы
Чэмпіянат Беларусі ў валейболе прыпынілі да 6 красавіка
Выканкам Беларускай фэдэрацыі валейболу прыняў рашэньне прыпыніць чэмпіянат Беларусі ў дывізіёнах А і Б да 6 красавіка, піша БелТА.
Два матчы, заплянаваныя на 18 сакавіка, пройдуць без заўзятараў, астатнія перанесьлі.
«Не нагнятайце». Мінадукацыі адказала на пэтыцыю пра карантын
Міністэрства адукацыі Беларусі ў афіцыйным Telegram-канале днём 17 сакавіка зьвярнулася да падпісантаў пэтыцыі з патрабаваньнем увесьці карантын у навучальных установах.
«Усе патрабаваньні, пералічаныя вамі, ва ўстановах адукацыі ўжо выконваюцца, — пішуць у звароце да 16 тысяч падпісантаў. — Ня варта нагнятаць абстаноўку і думаць, што мы ня робім усіх неабходных захадаў і не выконваем рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя».
Афіцыйны адказ на зварот на сайце Petitions.by, дзе зьбіралі подпісы, яшчэ не публікавалі. Ды ў ліку патрабаваньняў са звароту ёсьць прынамсі адно, якое дакладна ня выканалі: падпісанты патрабавалі сярод іншага перавесьці ўсе навучальныя ўстановы на дыстанцыйнае навучаньне.
Каранавірус: закрываюць межы, спыняюць рух мэтро, пятая сьмерць у Польшчы. У суседзяў Беларусі 17 сакавіка
У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу расьце. Суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія авіязносіны.
Чытаць болей.
Польшча
- Колькасьць выпадкаў — 205, 5 чалавек памерла
- У сувязі з тым, што ў міністра аховы навакольнага асяродзьдзя выявілі каранавірус, 15 міністраў перайшлі ў рэжым карантыну
- Ад нядзелі 15 сакавіка на 10 дзён закрываюцца межы, спыняюцца міжнародныя паветраныя і чыгуначныя зносіны
- Усе грамадзяне, якія вяртаюцца ў Польшчу, мусяць прайсьці 14-дзённы карантын
- Зачыненыя гандлёвыя цэнтры, працуюць толькі прадуктовыя крамы і аптэкі
- Зачыненыя рэстараны, кавярні, бары, а таксама ўстановы культуры — кіно, тэатры, філярмоніі і музэі
- Адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы, забараняюцца сходы з удзелам больш чым 50 чалавек, у тым ліку і багаслужбы
- Зачыненыя ўсе навучальныя ўстановы — ад дзіцячых садкоў да ўнівэрсытэтаў
Латвія
- Колькасьць выпадкаў — 49
- 12 сакавіка ўрад увёў на месяц надзвычайнае становішча
- Закрытыя ўсе межы
- Ад аўторка 17 сакавіка на два тыдні спыненыя ўсе міжнародныя пасажырскія транспартныя зносіны — авіяцыйныя, чыгуначныя, марскія, аўтобусныя
- Амбасады і кансуляты перастаюць выдаваць уязныя візы замежнікам
- Да 14 красавіка закрытыя ўсе навучальныя ўстановы
- На 4 тыдні адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы, неарганізавана можна зьбірацца да 50 чалавек і разыходзіцца пасьля 23.00
Літва
- Колькасьць выпадкаў — 18
- Ад панядзелка 16 сакавіка ў краіне на два тыдні ўведзены карантын
- Забаронены ўезд у краіну замежнікаў і выезд грамадзянаў Літвы за мяжу
- Зачынены кавярні, рэстараны, крамы (апрача прадуктовых і аптэк)
- Усе навучальныя ўстановы надалей застаюцца зачыненыя
- Забароненыя ўсе мерапрыемствы — як у закрытых памяшканьнях, так і ў адкрытай прасторы
- У касьцёлах адмененыя багаслужбы
- Забароненае наведваньне хворых у шпіталях і вязьняў у турмах
Украіна
- Колькасьць выпадкаў — 7, 1 пацыентка памерла
- У краіне абвешчаны карантын ад 12 сакавіка да 3 красавіка:
- Ад панядзелка 16 сакавіка на два тыдні забаронены ўезд замежным грамадзянам, кансуляты прыпынілі выдачу ўязных віз
- Ад аўторка 17 сакавіка на два тыдні спыненыя міжнародныя пасажырскія авіязносіны
- Ад 18 сакавіка спыняецца міжгародні і міжабласны пасажырскі рух — паветраны, чыгуначны і аўтобусны
- Забаронена наведаньне вучнямі навучальных установаў
- Закрытыя ўстановы грамадзкага харчаваньня
- Забаронена правядзеньне масавых мерапрыемстваў з удзелам больш за 10 чалавек
- Спыненая праца мэтро ў Кіеве, Харкаве і Дняпры
Расея
- Колькасьць выпадкаў — 93
- Ад 18 сакавіка да 1 траўня ў краіну забаронены ўезд замежнікам
- У Маскве забаронены ўсе масавыя мерапрыемствы ў сфэры культуры, спорту, забаўляльнай ці адукацыйнай дзейнасьці на адкрытым паветры, у памяшканьнях забароныя мерапрыемствы з удзелам больш за 50 чалавек
- У Маскве ад 21 сакавіка да 12 красавіка зачыняюцца ўсе школы
Трактар з гарэлкай і дым гармалы. Што кіраўнікі розных дзяржаваў раяць рабіць падчас эпідэміі каранавірусу
Свабода сабрала рэакцыю прэзыдэнтаў на пашырэньне ў сьвеце небясьпечнай хваробы.
«Белавія» прыпыняе рэйсы ў расейскія рэгіёны. У Маскву і Пецярбург самалёты пакуль лятаюць
З 18 сакавіка ў зьвязку з прыпыненьнем міжнародных авіяцыйных перавозак у шэрагу краін праз эпідэмію каранавірусу «Белавія» да 1 траўня прыпыняе палёты ў Варонеж, Краснадар, Казань, Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне, Сочы і ў маскоўскі аэрапорт Жукоўскі. У маскоўскія аэрапорты Дамадзедава і Шарамецьева, а таксама ў Санкт-Пецярбург рэйсы пакуль не скасавалі.
Вярнуць купленыя загадзя квіткі альбо абмяняць іх на іншыя даты вылету можна да 31 сьнежня 2020 году.
У «Беларускай чыгунцы» сказалі, што ўсе цягнікі ў Расею адпраўляюцца паводле раскладу, ня спынены і папярэдні продаж квіткоў.
Як Украіна змагаецца з каранавірусам
Ва Ўкраіне зарэгістравана 7 выпадкаў заражэньня каранавірусам і два выпадкі сьмерці. Нягледзячы на ня самыя вялікія лічбы, украінскія ўлады ўводзяць жорсткія карантынныя захады.
Сярод захадаў украінскай улады ў барацьбе з каранавірусам — ільготы для бізнэсу і крымінальная адказнасьць грамадзян за парушэньне карантыну.
З поўдня 18 сакавіка ва Ўкраіне спыняецца ўвесь чыгуначны, авіяцыйны і аўтобусны рух — міжнародны і ўнутраны. Улады Кіева, Дняпра і Харкава спыняюць працу мэтро.
Пабрабязьней пра прынятыя захады тут.
Расейскі футбольны чэмпіянат прыпынілі
На сходзе 17 сакавіка клюбы футбольнай Расейскай Прэм’ер-лігі вырашылі прыпыніць матчы прынамсі да 10 красавіка праз пандэмію COVID-19, піша «Спорт-экспресс». Раней былі прыпыненыя матчы Кантынэнтальнай хакейнай лігі і расейскай баскетбольнай Адзінай лігі.
Расейская Прэм’ер-ліга заставалася апошнім з «топавых» футбольных спаборніцтваў Эўропы, які не прыпыняў матчы ў сувязі з каранавірусам. Раней спынілі гульні чэмпіянаты Ангельшчыны, Гішпаніі, Італіі, Нямеччыны, Францыі, Польшчы і іншых краінаў. У расейскай лізе гуляе шэраг беларусаў, у тым ліку капітан зборнай Аляксандар Мартыновіч.
Футбольныя чэмпіянаты працягваюцца ва Ўкраіне (але ў сталіцы ўжо забаранілі спартовыя спаборніцтвы) і Беларусі.