Міністэрства адукацыі выдала першую рэкамэндацыю ў сувязі з каранавірусам
Ва ўсіх установах адукацыі Беларусі былі ўзмоцненыя санітарна-прафіляктычныя меры, паведаміла Міністэрства адукацыі ў афіцыйным Telegram-канале.
«Міністэрства адукацыі інфармуе пра ўзмацненьне санітарна-прафіляктычных мераў ва ўсіх установах адукацыі. Рэкамэндавана абмежаваць наведваньне, адмовіцца ад правядзеньня масавых мерапрыемстваў і, па магчымасьці, абмежаваць рух у саміх установах. Пры найменшых прыкметах прастудных захворваньняў паказацца доктару», — гаворыцца ў паведамленьні.
Ва ўрадзе Беларусі адрэагавалі на закрыцьцё Расеяй супольнай мяжы
«Беларусь будзе рабіць усё неабходнае, каб грамадзяне, якія хочуць вярнуцца ў краіну, у яе вярнуліся», — сказала прэс-сакратарка прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Ісаева.
Яна таксама паведаміла, што «расейскі бок учора ў рабочым парадку праінфармаваў беларускі бок аб тым, што будуць прынятыя меры ў рамках барацьбы з каранавірусам» і што Беларусь і Расея «дамовіліся каардынаваць свае далейшыя дзеяньні».
Пра магчымасьць закрыцьця мяжы з Расеяй прэс-сакратарка прэмʼер-міністра не згадала. У Дзяржаўным памежным камітэце Свабодзе раней паведамілі, што пакуль ніякіх рашэньняў аб закрыцьці беларуска-расейскага ўчастку мяжы не прымалася.
«Белавія» з 17 сакавіка прыпыняе рэйсы ў Кішынёў і Рыгу
У сувязі з «прыпыненьнем міжнародных авіяцыйных перавозак у шэрагу краін з прычыны сытуацыі з каранавірусам» «Белавія» прыпыняе выкананьне рэйсаў у:
- Кішынёў — з 17 па 31 сакавіка;
- Рыгу — з 17 сакавіка па 14 красавіка.
Вярнуць грошы або зьмяніць дату вылету магчыма да 31 сьнежня 2020 году, паведамляе сайт авіяперавозчыка.
На сёньня цалкам або часткова адмененыя рэйсы «Белавія» ў Азэрбайджан, Армэнію, Бэльгію, Вялікую Брытанію, Вугоршчыну, Нямеччыну, Грузію, Ізраіль, Італію, Казахстан, Кіпр, Латвію, Літву, Малдову, Польшчу, Расею, Сэрбію, Туркмэністан, Украіну, Швайцарыю, Швэцыю, Фінляндыю, Францыю, Чэхію, Эстонію (падрабязная інфармацыя аб усіх адмененых рэйсах тут).
Беларускія памежнікі: «Пакуль рашэньняў па закрыцьці беларуска-расейскага ўчастку мяжы не прымалася»
«Якія яны будуць — будзе вырашаць урад, а ня сам Памежны камітэт. І з улікам таго што арганы памежнай службы на гэтым участку не прадстаўлены, памежны кантроль не ажыцьцяўляецца, — патлумачыў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі. — Прынятае Расеяй рашэньне патрабуе некаторага часу на рэалізацыю: вызначэньня парадку, мэханізму. І, натуральна, будуць пэўныя выключэньні і гэтак далей»
Расея закрывае мяжу зь Беларусьсю для перамяшчэньня людзей
«Мы таксама прынялі рашэньне аб закрыцьці мяжы з Беларусьсю для перамяшчэньня людзей, зрабілі шэраг іншых папераджальных крокаў, — перадае ТАСС словы расейскага прэм’ера Мішусьціна. — Мы і далей будзем рабіць усё дзеля абароны нашай краіны ад гэтай новай пагрозы, дзейнічаць на апярэджаньне, прымаць вычарпальныя захады, каб не дапусьціць у першую чаргу масавага распаўсюду каранавірусу».
Калі рашэньне набудзе моц, не ўдакладняецца. Іншыя суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія авіязносіны.
Што адбываецца ў сьвеце 16 сакавіка
- Па стане на канец мінулага дня ў Італіі было 20,6 тысячы «актыўных выпадкаў» COVID-19 — тых, у каго зафіксавалі вірус, але ня вылекавалі. Гэта ўдвая больш за Кітай (там 9889) і нават больш за разам узятых Кітай з Іранам (у другім 8624). Паводле колькасьці выпадкаў на душу насельніцтва Італія даўно абагнала Кітай: у Італіі каля 400 выпадкаў на 1 млн чалавек. На другім і трэцім месцы паводле гэтага паказьніку Швайцарыя (каля 250) і Нарвэгія (каля 230).
-
У Кітаі практычна спыніўся распаўсюд вірусу (штодзень фіксуюць толькі некалькі дзясяткаў новых выпадкаў) і спадае колькасьць актыўных выпадкаў. У Паўднёвай Карэі таксама амаль спыніўся распаўсюд вірусу, але колькасьць актыўных выпадкаў не спадае, а толькі застаецца амаль нязьменнай. У Італіі, Іране, Гішпаніі, Нямеччыне, Францыі, ЗША і Вялікай Брытаніі расьце і колькасьць захворваньняў, і колькасьць актыўных выпадкаў.
- На расейскім дзяржаўным тэлеканале «Россия» вядоўца Дзьмітры Кісялёў вечарам 15 сакавіка заявіў сярод іншага, што нібыта «зь меркаваньняў карантыну» Расея закрые мяжу зь Беларусьсю «ў бліжэйшы тыдзень». Афіцыйных пацьверджаньняў гэтаму няма.
- На карантын ад 16 сакавіка закрылася Чэхія, а Казахстан перайшоў на рэжым надзвычайнага становішча.
- Некаторым лекарам у Італіі ўжо бракуе апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У сувязі з гэтым Інстытут анэстэзіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі выдаў рэкамэндацыі аб тым, каго ў надзвычайных сытуацыях ратаваць у першую чаргу. Як і на вайне, лекарам рэкамэндуюць у экстрэмальнай сытуацыі рабіць выбар на падставе «справядлівасьці і аптымальнага выкарыстаньня абмежаваных рэсурсаў» — ратаваць тых, у каго больш шанцаў выжыць. Гэта значыць, у выпадку непазьбежнага выбару не лекаваць тых, хто найбольш верагодна пражыве меней: самых старых і тых, хто ўжо мае сур’ёзныя хваробы.
- У амэрыканскіх Нью-Ёрку і Лос-Анжэлесе закрываюць бары, рэстарацыі, тэатры і кінатэатры, але такія захады робяць далёка ня ўсе гарады ЗША. Фэдэральная рэзэрвная сыстэма ЗША тым часам зьнізіла амаль да нуля (максымум 0,25%) стаўку фэдэральных фондаў (адсотак, пад які банкі даюць у крэдыт залішнія рэзэрвы на кароткія тэрміны), каб зьменшыць шкоду эканоміцы ад наступстваў каранавірусу.
- Лідэры краінаў «Вялікай сямёркі» (G7) правядуць 16 сакавіка відэаканфэрэнцыю, на якой абмяркуюць сытуацыю з каранавірусам і процідзеяньне пандэміі.
- У Расеі рэкамэндавалі (але не абавязалі) перавесьці студэнтаў ВНУ на дыстанцыйнае навучаньне. У Беларусі ж ня робяць і таго, але БДУ пераносіць лекцыі на пазьнейшыя тэрміны.
- Папскія службы пройдуць за зачыненымі дзьвярыма ў Пакутны тыдзень. З прычыны ўспышкі каранавірусу нікому не дазволяць наведаць ніводнай з службаў. Вялікія натоўпы людзей на плошчы Сьвятога Пятра сёлета будуць немагчымыя.
- На COVID-19 захварэла «дзяўчына Бонда» — украінская акторка Вольга Курыленка, вядомая па ролях у фільмах «Парыж, я кахаю цябе» (Paris, je t’aime, 2006), «Аблівіян» (Oblivion, 2013) і «007. Квант міласэрнасьці» (Quantum of Solace, 2008).
- Беларускі сьпявак Лявон Вольскі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу адмовіўся ад ідэі жывога канцэрту на Дзень Волі, але 25 сакавіка зладзіць вялікі электрычны канцэрт праз інтэрнэт. Пачатак а 20-й гадзіне на Youtube.
Лічбы на раніцу 16 сакавіка
- На раніцу 16 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 169,6 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 24,7 тысячы ў Італіі, 14 тысячы ў Іране, 8,2 тысяч ў Паўднёвай Карэі, 7,8 тысячы ў Гішпаніі, 5,8 тысячы ў Нямеччыне, 5,4 тысячы ў Францыі, 3,8 тысячы у ЗША.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 6518 чалавек: 3217 у Кітаі, 1,809 у Італіі, 724 у Іране, 292 у Гішпаніі, 127 у Францыі, 75 у Паўднёвай Карэі, 69 у ЗША.
- Выпісалі здаровымі 77,8 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца 5,9 тысячы пацыентаў.
- У Беларусі пацьвердзілі 27 выпадкаў COVID-19, трох ужо выпісалі здаровымі і выпусьцілі дамоў, ізалявалі 224 чалавекі.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла 11 сакавіка, што распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце «можна ахарактарызаваць як пандэмію».
15 сакавіка: асноўныя вынікі дня
- Колькасьць заражаных каранавірусам за межамі Кітаю ўпершыню стала большая, чым колькасьць інфікаваных у Кітаі
- Сытуацыя ў Заходняй Эўропе застаецца цяжкая. У Італіі за апошнія суткі памерла 368 чалавек, у Гішпаніі - каля 100
- За Польшчай Літва і Ўкраіна цалкам спынілі рух міжнародных пасажырскіх цягнікоў
- У Польшчы ад каранавірусу памёр трэці чалавек, першыя ахвяры ў Вугоршчыне і Швэцыі
- Вынікі аналізаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа: здаровы
- У БДУ перанесьлі на пазьнейшы тэрмін лекцыі на ўсіх факультэтах
- Мінздароўя заявіла, што закрываць межы Беларусі няма патрэбы
Вакол Беларусі ўзмацняецца «чыгуначная блякада»
У ноч з 16 на 17 сакавіка «Укрзалізныця» прыпыніць міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны, паведамляе прэс-служба «Укрзалізныці» ў спэцыяльным інфармацыйным тэлеграм-канале.
«У ноч з 16 на 17 сакавіка 2020 году „Укрзалізныця“ цалкам прыпыняе міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны. Шэраг міжнародных цягнікоў зробіць апошнія рэйсы сёньня», - паказваецца ў паведамленьні.
Паводле абвесткі «Укрзалізныці», пасажырам вяртаецца поўная цана білетаў на адмененыя міжнародныя цягнікі — без адлічэньня дадатковых збораў.
У БДУ перанесьлі лекцыі на ўсіх факультэтах
У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце прынята рашэньне перанесьці лекцыйныя курсы для ўсіх факультэтаў на больш позьні тэрмін. Пра гэта паведамляе сайт унівэрсытэту.
Гаворка не ідзе аб пераводзе на дыстанцыйнае навучаньне і адмену заняткаў, а тычыцца часовых зьменаў у графіку навучальнага працэсу з мэтай пазьбегчы масавага збору людзей. У найбліжэйшы пэрыяд рэкамэндавана выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў, прадугледжаныя навучальнымі плянамі і праграмамі, у ліку якіх КСР (кіраваная самастойная работа студэнтаў), кансультацыі, лябараторныя працы і іншыя.
Каранавірус: закрываюць межы, адмяняюць транспартныя зносіны. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 15 сакавіка
У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу расьце. Суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія авіязносіны.
Польшча
- Колькасьць выпадкаў — 104
- 3 чалавекі памерла
- У краіне абвешчаная сытуацыя эпідэмічнай пагрозы
Латвія
- Колькасьць выпадкаў — 30
- 13 сакавіка ўрад увёў на месяц надзвычайнае становішча
Літва
- Колькасьць выпадкаў — 12
- Ад панядзелка 16 сакавіка ў краіне на два тыдні ўводзіцца карантын
Украіна
- Колькасьць выпадкаў — 3
- 1 пацыентка памерла
Расея
- Колькасьць выпадкаў — 59
Чэхія
- Колькасьць выпадкаў — 231
- У краіне рыхтуецца абвяшчэньне карантыну
IT-краіна і карантын
Ці магчыма сёньня закрыць беларускія школы на карантын і наладзіць масавае дыстанцыйнае навучаньне? Баюся, што — не, піша ў сваім блогу настаўніца Ганна Севярынец.
Нягледзячы на гучны статус IT-краіны, нягледзячы на тое, што самым сьмелым рэфарматарам нашай адукацыі на сёньня выступае ПВТ, нягледзячы на сотні сэмінараў, адкрытых урокаў, лекцый для настаўнікаў наконт інфарматызацыі і лічбавізацыі навучаньня — наўрад ці хаця б адна школа ў Беларусі здольная забясьпечыць якаснае дыстанцыйнае навучаньне для дзяцей.
Румас абмеркаваў пандэмію каранавірусу з расейскім прэм’ерам Мішусьціным
На дадзены момант у Беларусі застаецца толькі адна адкрытая мяжа — з Расейскай Фэдэрацыяй.
Тэлефонная размова прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусьціным адбылася ўс уботу 14 сакавіка.
«Абмяркоўваліся актуальныя пытаньні расейска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама сытуацыя з распаўсюджваньнем новай каранавіруснай інфэкцыі. Кіраўнікі ўрадаў дамовіліся падтрымліваць кантакты па гэтых і іншых пытаньнях, што ўяўляюць узаемную цікавасьць», — паведамляе агенцтва БелаПАН па спасылкай на прэс-службу ўрада Расеі.
Белчыгунка паведаміла пра адмену цягнікоў ва Ўкраіну
Калі адновіцца рух, пакуль невядома. Раней набытыя квіткі можна здаць у касы без камісіі.
Раней Украіна прыняла рашэньне аб закрыцьці межаў у сувязі з распаўсюджваньнем каранавірусу. На падставе гэтага БЧ таксама паведамляе пра часовае прыпыненьне курсіраваньня некаторых цягнікоў, а таксама бесьперасадачных і прычапных вагонаў, якія зьвязваюць Беларусь з Украінай. Пра гэта ў нядзелю 15 сакавіка паведамляе агенцтва БелТА са спасылкай на «Беларускую чыгунку». Сьпіс адмененых цягнікоў і вагонаў можна пабачыць на сайце БЧ.
Нявыкарыстаныя квіткі можна вярнуць у білетных касах БЧ без дадатковых плат і збораў. Тое самае датычыць і электронных квіткоў. Аб аднаўленьні чыгуначнага руху паміж Беларусьсю і Украінай будзе абвешчана дадаткова.
Беларускія тэлеграм-каналы выступілі з супольнай заявай адносна каранавірусу
Патрабуюць звароту кіраўніцтва краіны і карантын у навучальных установах. Пад заявай падпісаліся адміністратары больш чым 70 тэлеграм-каналаў. Зварот скіраваны да кіраўніцтва Беларусі. Падаем яго тэкст цалкам.
«Мы, адміністратары беларускіх тэлеграм-каналаў, заяўляем кіраўніцтву нашай краіны аб неабходнасьці:
- як мага хутчэй увесьці карантын ва ўсіх навучальных установах Беларусі,
- увесьці і максымальна старанна ажыцьцяўляць мэдыцынскі кантроль на ўсіх межах Беларусі з суседнімі дзяржавамі і ў аэрапортах,
- на самым высокім узроўні падрыхтаваць радыё- і тэлевізійны зварот да нацыі з тлумачэннем усёй сур’ёзнасьці сытуацыі з разьвіцьцём каранавірусу і, наадварот, спыніць заспакаяльныя заявы, пасьля якіх людзі паслабляюць кантроль за ўласнай бясьпекай;
- своечасова і празрыста паведамляць грамадзкасьці і журналістам дэталі аб сытуацыі з распаўсюджваньнем віруса ў Беларусі і новых выпадках заражэньня: колькасьць, населены пункт, месца працы/вучобы — не парушаючы пры гэтым мэдычную таямніцу».
Белы дом паведаміў пра вынікі аналізаў на каранавірус Дональда Трампа
Яны адмоўныя. Прэзыдэнт ЗША не заражаны інфэкцыяй.
Аналіз на каранавірус у Дональда Трампа ўзялі ў пятніцу 13 сакавіка. Незадоўга да гэтага ён сустракаўся з бразільскай дэлегацыяй, частка якой была інфэкаванай.
«У гэты вечар я атрымаў пацьверджаньне, што тэст быў адмоўным, — заявіў 14 сакавіка лекар Трампа Шон Конлі. — Праз тыдзень пасьля абеду з бразыльскай дэлегацыяй прэзыдэнт ня мае сымптомаў».
Мінздароўя патлумачыла, чаму Беларусь не закрывае межы
У афіцыйным паведамленьні гаворыцца пра тое, што 7 з 8 прывазных выпадкаў каранавірусу, зафіксаваных у Беларусі, належаць да беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы.
У нядзелю 15 сакавіка Міністэрства аховы здароўя распаўсюдзіла публікацыю з адказамі на шэраг частых пытаньняў. Сярод іх знаходзіцца тлумачэньне адмовы ад поўнага закрыцьця межаў.
«Ні адна дзяржава сьвету, якая ўжыла дадзеную меру, не забараніла ўезд сваім грамадзянам, — гаворыцца ў паведамленьні Мінаховыздароўя. — Таму што гэта немагчыма тэхнічна і няправільна маральна-этычна. Усе, напэўна, забыліся, што ў дадзены момант з 8 завозных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў нашай краіне, 7 было выяўлена менавіта ў беларускіх грамадзян, якія вярнуліся на радзіму з-за мяжы. Ці мы гатовыя адмовіцца ад нашай моладзі, якая вучыцца за мяжой і іншых суайчыньнікаў і не пусьціць іх дадому?».
На гэты момант амаль усе суседзі Беларусі закрылі свае межы. Адкрытай застаецца толькі мяжа Беларусі з Расеяй. Таксама ў Беларусь замежнікі і грамадзяне краіны могуць трапіць праз нацыянальны аэрапорт. У ім арганізаваныя працэдуры паглыбленага кантролю.
На раніцу 15 сакавіка
- У сьвеце зафіксавалі больш за 156 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 21,1 тысячы ў Італіі, 12,7 тысячы ў Іране, 8,1 тысяч ў Паўднёвай Карэі, 6,3 тысячы ў Гішпаніі, 4,5 тысячы ў Нямеччыне, 4,4 тысячы ў Францыі, звыш 3 тысяч у ЗША.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 5839 чалавек: 3199 у Кітаі, 1,441 у Італіі, 611 у Іране, 196 у Гішпаніі, 91 у Францыі, 75 у Паўднёвай Карэі, 60 у ЗША.
- Выпісалі здаровымі 75,9 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца 5,6 тысячы пацыентаў.
- У Беларусі пацьвердзілі 27 выпадкаў COVID-19. Самага першага пацыента, у якога выявілі каранавірус, 12 сакавіка выпісалі з шпіталя.
Літва ўводзіць карантын. Што будзе забаронена і абмежавана
14 сакавіка ўрад Літвы вырашыў, што ад панядзелка, 16 сакавіка ў краіне ўводзіцца карантын дзеля таго, каб спыніць распаўсюд каранавірусу, паведамляе партал DELFI.
Сьпіс абмежаваньняў
- Забараняецца ўезд у краіну замежнікам, за выключэньнем асобаў, якія забясьпечваюць дастаўку неабходных тавараў у Літву, членаў экіпажаў, членаў семʼяў грамадзян Літвы, асобаў, у якіх ёсьць права на пражываньне і працу ў Літве, дыпляматаў, прадстаўнікоў ваенных місій NATO. Часова будзе прадастаўлены гуманітарны калідор грамадзянам Латвіі і Эстоніі для вяртаньня дадому.
- Скароціцца колькасьць памежных прапускных пунктаў, праз якія можна будзе ўехаць у Літву.
- Грамадзянам Літвы забараняецца езьдзіць у закранутыя каранавірусам краіны ўсімі відамі транспарту. Таксама разглядаецца магчымасьць забараніць выезд за мяжу не з працоўнымі мэтамі.
- Забаронены гандаль у крамах, за выключэньнем харчовых крамаў, аптэкаў, спэцыялізаваных вэтэрынарных аптэк, рынкаў, якія гандлююць харчовымі прадуктамі.
- Забароненая дзейнасьць кавярняў, бараў, за выключэньнем ежы на вынас.
- Забараняюцца ўсе мерапрыемствы, як у закрытых памяшканьнях, так і на паветры.
- Забараняецца ўваход круізных лайнэраў у Клайпедзкі порт.
- Забараняецца наведваньне пацыентаў у лячэбных установах, а таксама вязьняў у месцах зьняволеньня.
- Забараняецца прадастаўляць паслугі СПА, рэабілітацыі, калі яны не зьвязаныя зь лячэньнем, забараняецца дзейнасьць цырульняў, салёнаў прыгажосьці.
- Абмяжоўваецца колькасьць пасажыраў у міжгародніх аўтобусах і цягніках, каб захоўваць дыстанцыю паміж пасажырамі. Рэкамэндуецца гэта ўжываць і ў дачыненьні да гарадзкога транспарту.
- Гатэлі пры неабходнасьці павінны будуць пускаць людзей на карантын, дзяржава будзе гэта аплачваць.
- Адукацыйныя ўстановы застаюцца зачыненымі.
- У лячэбных установах адкладаюцца плянавыя апэрацыі за выключэньнем неабходнай мэдыцынскай дапамогі.
- Як у дзяржаўным, так і ў прыватным сэктары работнікам рэкамэндуецца працаваць дома.
14 сакавіка: асноўныя вынікі дня
- Цягам 14 сакавіка найвялікшыя страты зафіксавалі ў Італіі: ад COVID-19 памерлі 175 чалавек (97 — у Іране, 60 — у Гішпаніі).
- У Італіі зафіксавалі найбольшую колькасьць новых захварэлых — 3497 чалавек (у Іране — 1,365, у Гішпаніі — 1083).
- Гішпанія сьледам за Італіяй закрывае на карантын усю краіну.
- 240 студэнтаў і выкладчыкаў Белдзяржунівэрсытэту, якія маглі мець кантакт са студэнтам — пераносчыкам інфэкцыі, накіравалі ў шпіталі на карантын.
- З 16 сакавіка Літва уводзіць агульнанацыянальны карантын, закрывае межы для іншаземцаў.
- Украіна з панядзелка, 16 сакавіка, закрывае межы зь Беларусьсю. Абмежаваньне не закране грамадзянаў Украіны, якія вяртаюцца дадому.
- ЗША пашырылі забарону для падарожнікаў з Эўропы, уключыўшы ў «чорны» сьпіс краін Вялікую Брытанію і Ірляндыю.
- Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што здаў аналіз на каранавірус і чакае вынікаў на працягу двух дзён.
- Прэм’ер-міністар Францыі запатрабаваў закрыць усе «няважныя» публічныя месцы (рэстараны, кавярні, начныя клюбы і кінатэатры).
- Чэскі ўрад пастанавіў закрыць крамы і рэстараны на 10 дзён.