Гішпанія ўсьлед за Італіяй закрывае на карантын усю краіну
З 16 сакавіка ўрад Гішпаніі плянуе ўвесьці ў краіне ўсеагульны карантын праз распаўсюд COVID-19, паведамляе Reuters. Будзе абвешчанае надзвычайнае становішча. У праекце пастановы гаворыцца, што ўсе жыхары Гішпаніі не павінны выходзіць з дому, акрамя як для пакупкі ежы, наведваньня аптэкі, бальніцы, працы ці іншых экстраных выпадкаў.
Гішпанія таксама закрывае ўсе школы, унівэрсытэты, рэстараны, бары і гатэлі па ўсёй краіне, а таксама другарадныя крамы. У Гішапніі захварэлі на каранавірус больш за 6 тысяч чалавек, больш за 190 памерлі.
Прэзыдэнт ЗША здаў тэст на COVID-19
Падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Белым доме ў суботу ён растлумачыў, што здаў тэст, паколькі журналісты ўвесь час пыталіся, чаму ён да гэтага часу гэтага не зрабіў.
Напярэдадні прэзыдэнт ЗША заявіў, што ў яго няма сымптомаў заражэньня каранавірусам. Трамп дадаў, што з гэтай прычыны не праходзіў тэст на заражэньне каранавірусам COVID-19. Прэзыдэнт ЗША паведаміў, што яго адміністрацыя распаўсюдзіла забарону на палёты ў ЗША з Ірляндыі і Вялікабрытаніі. Забарона ўступіць у сілу ў ноч з нядзелі на панядзелак.
Дырэктар Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных захворваньняў ЗША паведаміў, што ў суботу ў ЗША было зарэгістравана 2226 выпадкаў заражэньня новым каранавірусам, удакладніўшы, што ўспышка яшчэ не дасягнула свайго піку.
14 сакавіка ў Італіі ад каранавірусу памерлі 175 чалавек
Агульная колькасьць сьмерцяў з часу пачатку эпідэміі — 1441 чалавек. Колькасьць пацьверджаных выпадкаў захворваньняў складае цяпер 21 157 чалавек, у пятніцу іх было 17660.
Беларускія турмы закрылі на карантын
Беларускія калёніі да 6 красавіка закрылі на карантын: спатканьні забароненыя, але дазволеныя дадатковыя 10-кіляграмовыя перадачы з садавіной, гароднінай і вітамінамі.
«Учора мне патэлефанаваў сын, ён адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 22 у Івацэвічах. Сказаў, што да 6 красавіка ўсе спатканьні — кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя, забароненыя праз карантын», — паведаміла Свабодзе актывістка руху «Маці 328» Ліяна Шуба.
Аналягічная сытуацыя склалася і ў калёніі № 15 у Магілёве і іншых установах сыстэмы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Спатканьні забаронены і ў гомельскім СІЗА-3 — праз карантын. Пра гэта Свабодзе паведамілі сваякі тых, хто знаходзіцца пад сьледзтвам.
У Кіргізстане закрываюцца школы і ВНУ
Савет бясьпекі Кіргізстану закрыў з 16 сакавіка 2020 году ўсе школы і ВНУ краіны на карантын тэрмінам на тры тыдні. Прэзыдэнт краіны, выступаючы на пасяджэньні, адзначыў, што здароўе насельніцтва краіны — гэта першачарговай пытаньне.
Раней віцэ-прэм’ер Алтынай Амурбекава заяўляла, што закрыцьцё школ на карантын не плянуецца, але рашэньні будуць прымацца ў залежнасьці ад сытуацыі.
Чаму мыла працуе лепей за іншыя сродкі дэзынфэкцыі
На малекулярным узроўні мыла разьбівае рэчы на часткі. На ўзроўні грамадзтва дапамагае трымацца разам, піша The New York Times.
- Як адзначае амэрыканскае выданьне, «імаверна, гэта здарылася выпадкова тысячы гадоў таму. Паводле адной легенды, дождж вымываў тлушч і попел, якія засталіся ад частых ахвярапрынашэньняў жывёлаў, у суседнюю раку, дзе яны ўтварылі пену з выдатнай уласьцівасьцю чысьціць скуру і адзеньне. Магчыма, пеністыя растворы мелі расьліннае паходжаньне...».
- Аднак здарылася так, што старажытнае адкрыцьцё мыла зьмяніла гісторыю чалавецтва. Хоць нашыя продкі не маглі гэтага прадбачыць, мыла ў выніку стане адным з самых эфэктыўных сродкаў абароны ад нябачных узбуджальнікаў, піша The New York Times.
- Паводле навукоўцаў, у цэлым сродкі для дэзынфэкцыі рук не такія надзейныя, як мыла. Санітарныя сродкі, якія маюць менш за 60 адсоткаў этанолу, дзейнічаюць аналягічна, перамагаючы бактэрыі і вірусы, дэстабілізуючы іх ліпідныя мэмбраны. Але яны ня могуць так лёгка выдаліць мікраарганізмы з скуры як мыла, адзначае амэрыканскае выданьне і робіць выснову, што «збольшага мыцьцё рук зьяўляецца больш эфэктыўным, чым ачышчэньне дэзынфікуючымі сродкамі, бо дэзынфэкцыя на аснове сьпірту добрая ў тым выпадку, калі мыла і вада недаступныя.
Украінскія дыпляматычныя ўстановы ў Беларусі найбліжэйшы тыдзень будуць працаваць з грамадзянамі дыстанцыйна
У сувязі з каранавірусам дыпляматычныя ўстановы Украіны за мяжой з 15 па 20 сакавіка ня будуць весьці прыём грамадзянаў, паведаміла прэс-служба МЗС краіны. Гэта тычыцца пасольства Украіны ў Менску і генэральнага консульства ў Берасьці.
Дыпляматы пераходзяць на асаблівы рэжым, які прадугледжвае дыстанцыйную форму працы з грамадзянамі і кругласутачную апрацоўку іх пісьмовых зваротаў. Выключэньне складуць «форс-мажорныя выпадкі, дзе неабходныя тэрміновыя консульскія дзеяньні і функцыі, асабліва зьвязаныя з пандэміяй».
Рашэньне аб спыненьні альбо працягу асаблівага рэжыму працы ўкраінскіх дыппрадстаўніцтваў будзе прымацца «у залежнасьці ад дынамікі разьвіцьця пандэміі».
#COVID19_BY_help. Як каранавірус аб’ядноўвае беларусаў замежжа
Беларусы замежжы прапануюць дапамогу суайчыньнікам, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, альбо трапілі ў складаную сытуацыю праз пандэмію каранавірускай інфэкцыі ў іх краінах.
Як распавяла Свабодзе актывістка беларускай грамады ў Чэхіі, адміністратаркі суполкі BLRČR у Фэйсбуку, перакладчыца Крысьціна Шыянок, «да нас учора пачалі паступаць просьбы аб дапамозе — адна зь іх узяць на ператрымку сабачку, чый гаспадар верагодна захварэў, таму мы зранку 14 сакавіка ўвялі хэштэг #COVID19_BY_help, каб беларусы Чэхіі дапамагалі адзін аднаму.
Алесь Вашкевіч у Швайцарыі таксама запрапанаваў дапамогу ў межах беларускай дыяспары.
У іншых суполках беларусаў замежжа — італьянскай, нямецкай, амэрыканскай ды іншых беларусы актыўна абмяркоўваюць сытуацыю з пандэміяй, дзеляцца парадамі і ўласным досьведам.
Польшча спыніла міжнародныя чыгуначныя зносіны, у тым ліку зь Беларусьсю
У сувязі з распаўсюдам каранавірусу COVID-19 Польшча прыняла рашэньне аб спыненьні міжнародных чыгуначных зносін, у тым ліку часова прыпыняецца курсіраваньне цягнікоў беларускага фармаваньня.
Беларуская чыгунка паведамляе, грошы за праязныя дакумэнты на адмененыя цягнікі можна вярнуць у білетных касах без зьбіраньня дадатковых збораў. Вяртаньне плацяжоў па электронных праязных дакумэнтах ажыцьцяўляецца праз інтэрнэт-рэсурс, на якім яны былі набытыя. Тэрміны вяртаньня праязных дакумэнтаў не абмежаваныя.
Літва аднаўляе памежны кантроль з ЭЗ
Літва аднаўляе праверку ўнутраных межаў Эўрапейскага Зьвяза з Польшчай і Латвіяй сёньня з 18 гадзін.
Рашэньне аб закрыцьці межаў або аб абмежаваньні руху грамадзян яшчэ прынятае не было. Яго ўрад абвесьціць асобна.
Украіна закрывае мяжу зь Беларусьсю
З 16 сакавіка іншаземцаў і асобаў без грамадзянства ня будуць прапускаць праз мяжу, у тым ліку і ў межах транзытнага праезду. Абмежаваньне не закране грамадзянаў Украіны, якія вяртаюцца дадому.
Кампанія «Белавія» прыпыняе палёты ў аэрапорты Украіны, Польшчы і Кіпра
У Кіеў, Львоў, Харкаў і Адэсу палёты прыпыняюцца з 17 па 31 сакавіка. У Ларнаку — з 15 па 30 сакавіка, у Варшаву — з 15 па 27 сакавіка.
Тым, хто ўжо набыў квіткі на адмененыя рэйсы, прапануюць вярнуць грошы або зьмяніць дату палёту на адзін з дзён да 31 сьнежня 2020 году.
Кампанія Apple закрывае ўсе крамы па-за Кітаем на 2 тыдні
Усе работнікі зачыненых крамаў Apple будуць атрымліваць заробак падчас вымушанага прастою. Там, дзе гэта магчыма, кампанія перавяла ўсіх сваіх супрацоўнікаў па-за Кітаем на выдаленую працу.
«Гэта ўнёсак кампаніі у барацьбу з глябальным распаўсюджваньнем новага каранавіруса, бо найлепшы спосаб супрацьстаяць пандэміі — абмежаваць кантакты і зьменшыць перасоўваньне людзей», — тлумачыць генэральны дырэктар Apple Цім Кук.
У Маскве і Падмаскоўі ўвялі свабоднае наведваньне школ
З 16 сакавіка ў Маскве ўводзяць свабоднае наведваньне школ.
«Вырашаць, ці працягвае дзіця хадзіць у школу ці застаецца дома, будуць бацькі. Ім у дадзеным выпадку відаць лепш», — заявіў Сабянін.
Заняткі ў школах будуць працягвацца, адзначыў мэр. Рэжым свабоднага наведваньня будзе дзейнічаць да асобага распараджэньня.
«Лічыце, што вы на вайне» — пандэмія ў Італіі, Нямеччыне і Чэхіі вачыма беларускіх лекарак
Не панікаваць, трымаць карантын, калі прызначылі, ня бегчы ў крамы запасацца прадуктамі. Гэта раяць беларускія лекаркі, якія жывуць і працуюць ў Італіі, Чэхіі і Нямеччыне. Пульманоляг Вольга Жарнасек з Чэхіі, стаматоляг Натальля Ўльянава з Італіі і хірург Сьвятлана Элікава зь Нямеччыны распавядаюць пра сытуацыю ў іх краінах, а таксама пра досьвед у змаганьні з распаўсюдам каранавірусу, якім варта скарыстацца Беларусі.
Сьцісла
- Ульянава: Італія падзялілася на дзьве часткі. У адной — празьмерная паніка, а другой — пафігістычныя адносіны. На жаль, ад вірусу мы не абароненыя.
- Жарнасек: Чэскія ўлады дамовіліся з апэратарамі мабільных сетак, і кожны, хто перасек мяжу Чэхіі, атрымаў смс, дзе была інфармацыя пра тое, што трэба рабіць і куды зьвяртацца.
- Элікава: Наведнікі і хворыя пачалі красьці ў шпіталі сродкі дэзынфэкцыі, пальчаткі, маскі, і мы мусілі ўсе запасы замыкаць пад ключ.
Сытуацыя на раніцу 14 сакавіка
- Зафіксавалі больш за 145 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 17,6 тысячы ў Італіі, 11,3 тысячы ў Іране, 8,08 тысяч ў Паўднёвай Карэі, 5,2 тысячы ў Гішпаніі, 3,6 тысячы ў Францыі, 3,6 тысячы ў Нямеччыне, каля 2,3 тысячы ў ЗША.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 5436 чалавек: 3189 у Кітаі, 1,266 у Італіі, 514 у Іране, 133 у Гішпаніі, 79 у Францыі, 72 у Паўднёвай Карэі, 50 у ЗША.
- Выпісалі здаровымі 72,5 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца звыш 6 тысячы пацыентаў.
- У Беларусі пацьвердзілі 27 выпадкаў COVID-19.
Трамп абвясьціў надзвычайнае становішча ў ЗША
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў агульнанацыянальнае надзвычайнае становішча ў краіне ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Яно ўводзіцца паводле Закону Стафарда 1988 году, які дазваляе Фэдэральнаму агенцтву ў надзвычайных сытуацыях выдаткоўваць фінансы ўрадам штатаў і мясцовым уладам, а таксама дасылаць каманды дапамогі. Былы прэзыдэнт Біл Клінтан абвясьціў такое надзвычайнае становішча ў 2000 годзе ў сувязі з эпідэміяй вірусу ліхаманкі Заходняга Ніла.
Польшча забараняе ўезд замежнікам
У ноч з суботы на нядзелю будуць спыненыя міжнародныя рэйсы паветрам і цягнікамі. Грамадзянам Польшчы дазволяць вярнуцца ў краіну чартэрнымі рэйсамі. Тым, хто вяртаецца ў краіну з-за мяжы, давядзецца прайсьці 14-дзённы карантын.
Як засьцерагчыся ад каранавірусу ў офісе, транспарце, краме
Доктар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін паказаў, як падчас эпідэміі віруснага захворваньня паводзіць сябе ў грамадзкім транспарце і краме, як мыць рукі і карыстацца ліфтам, а таксама расказаў, якія сродкі дэзынфэкцыі варта мець пры сабе.
«Белавія» скасавала рэйсы ў больш чым 20 краінаў
Поўны сьпіс адменены рэйсаў тут.
Адмененыя ўсе палёты ў Італію і Туркмэністан. Рэйсы ў Ізраіль скарацілі з трох палётаў на тыдзень да аднаго.
Тым, хто ўжо набыў квіткі на адмененыя рэйсы, прапануюць вярнуць грошы або зьмяніць дату палёту на адзін з дзён да 31 траўня ўключна.
Адмянілі асобныя рэйсы ў Азэрбайджан, Армэнію, Бэльгію, Вялікабрытанію, Вугоршчыну, Нямеччыну, Грузію, Казахстан, Латвію, Літву, Малдову, Расею, Сэрбію, Украіну, Швэйцарыю, Швэцыю, Фінляндыю, Францыю, Чэхію, Эстоніі.