За ўвесь час конкурсных падзеяў у букмэйкерскіх прагнозах беларускія выканаўцы палепшылі свой вынік, перамясьціўшыся з 34 на 21 месца (на час публікацыі матэрыялу сярод усіх 42 удзельнікаў «Эўравізіі» – РС). Але фанаты Арцёма Лук’яненкі ды Ксеніі Жук перакананыя, што яны абавязкова павінны ўвайсьці ў «дзясятку» лепшых эўрапейскіх выканаўцаў. «Тройка» ж букмэйкерскіх лідэраў застаецца нязьменнай – Партугалія, Італія ды Баўгарыя.
— Мой выбар — выключна беларускія ўдзельнікі. Ну гэта ж цудоўна — ўпершыню за 13 гадоў удзелу Беларусі ў гэтым конкурсе з эўрапейскай сцэны прагучыць беларуская мова. На ўсю Эўропу, на ўвесь сьвет, бо «Эўравізію» глядзяць і ў ЗША, і ў Канадзе. Гонар апаноўвае! І песьня клясная, — кажа фанат Naviband Сяргей. Гэты прыхільнік гурту Naviband усё сваё сьвядомае жыцьцё пражыў у Беларусі, а месяц таму пераехаў на сталае месца жыхарства ва Ўкраіну.
«Я за тое, каб наступная „Эўравізія“ адбылася ў Горадні, бо ў Менску і так шмат міжнародных падзей адбываецца».
З раніцы ён вырашыў прайсьціся зь бел-чырвона-белым сьцягам па пакуль што зацішнай фан-зоне, створанай у самым сэрцы ўкраінскай сталіцы — на вуліцы Крэшчацік. Але за фіналам, таксама зь беларускім нацыянальным сьцягам, будзе назіраць ужо непасрэдна ў зале Міжнароднага выставачнага цэнтру.
Жыхары Беларусі ня змогуць галасаваць за сваіх удзельнікаў, як і кожная іншая краіна — за сваіх. У галасаваньні возьмуць удзел 42 краіны, якія накіравалі сваіх прадстаўнікоў на сёлетні конкурс.
Нумары тэлефонаў будуць абвешчаныя ў кожнай краіне ў часе наўпроставай трансьляцыі фінальнай часткі «Эўравізіі».
Пачатак фіналу — а 22.00 паводле менскага часу. Naviband выступае трэцім з 26 удзельнікаў конкурсу.