Сэрбскі курортны комплекс на беразе ракі, які рэклямуе сябе як «унікальны аазіс для адпачынку», трапіў у скандальныя навіны. Малдаўскія ўлады заявілі, што на замову Расеі тут прайшлі навучаньне правакатары для арганізацыі беспарадкаў перад нядаўнімі парлямэнцкімі выбарамі. Інструктарамі былі расеец і беларус.
Малдаўская паліцыя пры канцы верасьня апублікавала відэа, на якім відаць людзей у баявой экіпіроўцы з аўтаматамі на тэрыторыі гэтага комплексу.
Журналісты Балканскай службы RFE/RL на гэтым тыдні паспрабавалі трапіць на гэты абʼект, але ўсярэдзіну іх не пусьцілі. Журналісты толькі пабачылі аслоў, якія пасьвіліся побач з саламянымі хатамі.
Сэрбскія ўлады заявілі, што з 16 ліпеня да 12 верасьня навучаньне на пляцоўцы ў 8 гектараў прайшлі больш за 150 грамадзян Малдовы і Румыніі. За шэсьць дзён да галасаваньня 28 верасьня паліцыя Малдовы арыштавала каля 70 чалавек, большасьць іх была з згаданай групы.
Your browser doesn’t support HTML5
The Serbian Holiday Camp Allegedly Used By Russia To Plan Unrest In Moldova
Ані курорт, ані ягоны ўладальнік не знаходзяцца пад сьледзтвам, сьцьвярджаюць у пракуратуры Сэрбіі.
Супрацоўнікі комплексу паведамілі RFE/RL, што ўладальнік папраўляе здароўе ў Босьніі і Герцагавіне і зможа адказаць на пытаньні толькі як вернецца.
Жыхары вёскі Горня Каві́ляча, дзе месьціцца курорт, сказалі, што ня чулі ні пра якую падазроную дзейнасьць. Аднак прадавачкі зь вясковай крамы паведамілі пра расейскамоўных пакупнікоў у згаданы пэрыяд.
«Яны стаялі перад крамай, выпівалі, мы трохі пагутарылі — няшмат», — сказала адна з прадавачак. Паводле яе, размова вялася «пераважна па-расейску. Яны амаль ня ведалі англійскай».
Прабежка каля рэчкі
Хоць фізычных доказаў меркаванай расейскай актыўнасьці на месцы мала, RFE/RL знайшла сьлед у Інтэрнэце.
Фітнэс-дадатак, зарэгістраваны на імя Сяргея Андрэенкава, паказвае, што 8, 9 і 12 верасьня ён бегаў берагам ракі Дры́на. Кожны раз яго маршрут пачынаўся каля рэстарана на тэрыторыі курорту.
Маршрут Андрэенкава 8 верасьня і месцазнаходжанне рэстарана «Сунчана река» («Сонечная рака») на беразе ракі Дрына
Андрэенкаў — актывіст партыі Ўладзіміра Пуціна «Адзіная Расея». У траўні ён атрымаў мэдаль за «ўмацаваньне абароны Расейскай Фэдэрацыі». Апублікаваныя ў інтэрнэце фатаграфіі пацьвярджаюць, што ў 2023 і 2024 гадах ён дастаўляў боепрыпасы ў акупаваныя раёны Ўкраіны.
Чарнагорскі сайт Vijesti з спасылкай на крыніцу ў службе бясьпекі паведаміў, што Андрэенкаў быў інструктарам на меркаваным навучаньні.
На просьбы RFE/RL пракамэнтаваць сытуацыю Андрэенкаў не адказаў. Не адказалі на пытаньні пра яго і сэрбскія ды чарнагорскія ўлады.
Разам з тым, вядома, што ў Сэрбіі арыштавалі двух падазраваных, якіх назвалі Л. П. і С. С. Мясцовыя СМІ ідэнтыфікавалі іх як Лазара Паповіча зь Бялграду і Саву Стэванавіча з гораду Лозьніца, што месьціцца каля курорту.
Яны былымі дарадцамі міністра «без міністэрства» Не́нада Паповіча, які трапіў пад санкцыі ЗША за сувязі з Расеяй. Сам Паповіч на пытаньні RFE/RL пра арышты не адказаў.
Паміж Усходам і Захадам
Гэтая гісторыя ставіць Бялград у няёмкую сытуацыю, бо краіна спрабуе балянсаваць паміж традыцыйна шчыльнымі сувязямі з Масквой і партнэрствам з Захадам.
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч намякнуў тое, што інфармацыя пра лягер была ўтоеная наўмысна:
«Калі ёсьць нешта, што мы робім добра, дык гэта праверка замежных грамадзян. Мы не маглі не заўважыць. Мы не заўважылі, бо хтосьці хацеў, каб мы не заўважылі», — сказаў ён Pink TV 5 кастрычніка.
Больш падрабязнасьцяў, магчыма, зьявіцца, калі справа дойдзе да суду ў Малдове ці Сэрбіі.
Малдаўская паліцыя таксама апублікавала відэа, на якім адзін з падазраваных расказвае пра паездку ў Сэрбію:
«Яны вучылі нас карыстацца рацыямі, паказвалі запісы нейкіх расейскіх мітынгаў і казалі, што мы павінны рабіць, а што не», — апавёў ён.
Масква адмаўляе любую датычнасьць да меркаванага лягера, а таксама да аналягічных леташніх абвінавачваньняў Малдовы, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі.
Тады Малдова заяўляла пра лягеры ў Сэрбіі і Босьніі. Бялград адпрэчыў абвінавачваньні, а Сараева іх пацьвердзіла. Але іншых даступных доказаў пакуль няма.
У ранейшых публікацыях згадвалася, што памочнікам Андрэенкава ў інструктажы быў беларус Аляксандр Гонтараў. Журналістам пакуль не ўдалося знайсьці пра яго дадатковай інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянін Беларусі рыхтаваў малдаван для дэстабілізацыі перад парлямэнцкімі выбарамі