«Цалкам упэўнены, што Лукашэнка з задавальненьнем паразмаўляў бы з Зянонам Пазьняком. Гэта чалавек, якога ён даўно ведае. Калі паглядзець на выказваньні Пазьняка і Лукашэнкі, а таксама на тое, як вобраз Пазьняка падаецца ў дзяржаўнай прапагандзе, напэўна, няма іншай фігуры ў дэмакратычных сілах, да якой Лукашэнка ставіўся б лепей», — адзначыў Фрыдман.
Паводле палітоляга, Лукашэнка ніколі не абражае Пазьняка ў сваіх публічных выказваньнях і нават выглядае адносна стрыманым у яго адрас.
«Для Лукашэнкі, як для чалавека сталага ўзросту, было б сапраўды цікава сустрэцца з тым, каго ён памятае з часоў сваёй палітычнай маладосьці. Так, яны заўсёды былі антаганістамі, але, думаю, Лукашэнка паразмаўляў бы з Пазьняком», — дадаў Фрыдман.
Ён таксама нагадаў, што, паводле словаў Пазьняка, Лукашэнка віншаваў яго зь днём народзінаў.
«Хіба ён віншуе яшчэ кагосьці з дэмакратычных сілаў? Таму я магу сабе цалкам уявіць, што Лукашэнка нават запрасіў бы Пазьняка ў Менск і паразмаўляў бы зь ім», — сказаў палітоляг.
Фрыдман адзначыў, што, у адрозьненьне ад Ціханоўскай, Латушкі ці іншых апазыцыйных дзеячоў, Пазьняк мае вельмі абмежаваны палітычны ўплыў, але ягоныя заявы, паводле экспэрта, «напэўна трапляюць на стол Лукашэнку».
«Магчыма, нешта зь ягоных тэкстаў Лукашэнку падабаецца, а нешта не, але ён ставіцца да гэтага спрыяльна. Калі Пазьняк, напрыклад, прапаноўвае абмяняць заходнія санкцыі на вызваленьне палітвязьняў — гэта якраз тое, што адпавядае прынцыпу, якога прытрымліваецца Лукашэнка», — сказаў Фрыдман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маляваў кавай з дапамогай ваты». Як творчасьць дапамагае палітвязьням перажываць зьняволеньне