У гэтай гутарцы ўзялі ўдзел былы палітвязень Андрэй Войніч, псыхатэрапэўтка Натальля Скібская і праваабаронца зь «Вясны» Марына Кастылянчанка.
Паводле «Вясны», больш за 4 тысячы беларусаў з 2020 году зьведалі зьняволеньне на розныя тэрміны паводле палітычных прычын. Больш за 1100 чалавек і цяпер працягваюць знаходзіцца ў вязьніцах. Удзельнікі дыскусіі размаўлялі пра тое, што дапамагае вязьням перажываць разлуку з сем’ямі і аднадумцамі, псыхалягічны ціск і зьнявагі з боку ахоўнікаў, сум і душэўную адзіноту ў няволі. З 2020 году «вясноўцы» зьбіраюць лісты, якія палітвязьні дасылалі з вязьніцаў. Асаблівае месца ў некаторых лістах займаюць малюнкі.
Праваабаронца Марына Кастылянчанка
«Часам з малюнкамі былі і вершы. Лісты адрасаваліся бацькам, сябрам, дзецям зьняволеных і ў іх мы ўбачылі ня толькі сюжэты з волі, але найперш пачуцьці, боль, надзею. Узьнікла ідэя сабраць малюнкі і зрабіць зь іх выставу, бо гэта наперш пра тое, як людзі спрабуюць змагацца з ціскам. Гэтую калекцыю цяпер можна пабачыць на сайце «Вясны», — расказала Марына Кастылянчанка.
Тое, што ў зьняволеньні, нават у самых цяжкіх умовах, прачынаюцца сілы, якія натхняюць на творчасьць, пацьвердзіў былы палітвязень Андрэй Войніч. Андрэй да арышту ў 2020 годзе быў актывістам «Эўрапейскай Беларусі». Яму прысудзілі 7 гадоў. Войніч адбываў пакараньне ў ПК-15 пад Магілёвам, адкуль быў вызвалены нядаўна, у верасьні. Андрэй згадаў, што і раней зьведаў адміністрацыйныя арышты, падчас якіх пачаў пісаць вершы і маляваць алоўкамі. У апошнім зьняволеньні прага да творчасьці аднавілася і ён напісаў некалькі цікавых малюнкаў і вершаў у СІЗА. Але творчую актыўнасьць у калёніі давялося прыпыніць праз пагрозу і ціск.
Андрэй Войніч, былы палітзьняволены
«Як гэта пачалося? У нейкі момант унутры цябе адбываецца нейкае ўключэньне і ты разумееш, што трэба зафіксаваць тое, што бачыш вакол і што адчуваеш. Але ня толькі важны вынік, каб атрымаўся пэўны твор. Сам факт, што ты бярэш у рукі аловак і сьціркі — гэта ўжо перамога над абставінамі і над сабой. Дарэчы, магу сказаць, што гэтая прага творчасьці працягваецца і зараз, калі я ўжо на волі», — падзяліўся асабістым досьведам Андрэй Войніч.
Былы палітвязень расказаў гісторыю пра тое, як у турме доўга ня мог зрабіць малюнак, на якім зьбіраўся намаляваць вядомага палітыка ў выяве асла, які цягне з агароду гарбузы.
«У галаве ўзьнікла такая карыкатура, але пакласьці яе на паперу чамусьці не атрымлівалася. Замест асла выходзіла сьвіньня. Зь іншага боку, інакш мог бы скласьціся мой турэмны лёс, калі б такі малюнак тады атрымаўся б, яго б пэўна знайшлі ахоўнікі. У выніку неяк я пераключыўся на іншую задуму і напісаў дзіцячую паэму, якую змог адправіць дачцэ».
Тое, што творчасьць дапамагала Андрэю перажыць праблемы няволі, ён асабліва пацьвердзіў.
«Творчасьць ня можа выратаваць у зьняволеньні, але пэўна дапамагае заставацца чалавекам, адчуваць сябе чалавекам. Калі нешта робіш нават не для вялікай аўдыторыі, гэта ўсё роўна важна. Ты ў камэры на 5 чалавек намаляваў малюнак і паказаў усяго аднаму вязьню, але ўжо адчуваеш сябе інакш. Таму так, гэта вельмі дапамагае».
Натальля Скібская, Марына Кастылянчанка, Андрэй Войніч (зьлева направа)
Псыхатэрапэўтка Натальля Скібская пацьвердзіла назіраньні вязьняў пра тое, што для іх была вельмі важная магчымасьць самарэалізавацца праз малюнкі і вершы. Бо самарэалізацыі, на яе думку, акурат і імкнецца пазбавіць людзей турэмная сыстэма.
«Людзям у няволі важна паказаць, што ты ёсьць сярод іншых як чалавек, што не згубіўся ў натоўпе. Беларусам важна захаваць самасьць, не паддацца траўматычнаму досьведу. Чалавек абавязкова будзе казаць пра тое, што баліць. Наш траўматычны досьвед — гэта заўсёды штуршок да творчасьці», — патлумачыла псыхоляг Натальля Скібская.
Натальля Скібская, Марына Кастылянчанка, Андрэй Войніч (зьлева направа)
Праваабаронца Мырына Кастылянчанка расказала з чаго пачыналіся малюнкі палітвязьняў, якія «вясноўцы» сабралі ў сваю калекцыю.
«У палітвязьня Сяргея Раманава ёсьць шэраг малюнкаў па вайну ва Ўкраіне, пра якую ён даведаўся ў вязьніцы, дзе і цяпер сядзіць. А нехта пачаў маляваньне з аблокаў і верхавін дрэў, бо іншага нічога ня мог бачыць з турэмнага вакна. Цікава і тое, чым людзі малююць, якую ўжываюць тэхніку. Сяргей маляваў кавай з дапамогай ваты, а Кася Буцько вышывала малюнкі на швейнай машынцы. Палітвязьні знаходзяць любыя магчымасьці, каб выявіць сябе. Ім замінаюць, забараняюць, але творчасьць за кратамі працягваецца», — расказала Марына Кастылянчанка.
Паводле праваабаронцы, творчасьць палітвязьняў, іх турэмныя малюнкі, вершы і тэксты дапамагаюць беларусам і замежнікам лепш зразумець, што адбываецца ў Беларусі і якую барацьбу вядуць прыхільнікі дэмакратычных перамен у краіне.
12 кастрычніка ў Беларускім доме і клюбе «Paviljonas» заплянавана яшчэ 19 мерапрыемстваў. На пляцоўцы клюба "Paviljonas«(Pylimo g. 21B) працягне працаваць і кніжны кірмаш «Прадмовы».
Паэт Андрэй Хадановіч
Кніжны кірмаш на фэстывалі