Трамп анансаваў увядзеньне 100-працэнтных пошлін для Кітая

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў увядзеньне дадатковых 100-працэнтных пошлін на тавары з Кітая з 1 лістапада. Гэтае рашэньне было прынятае пасьля таго, як Пэкін абвясьціў аб узмацненьні кантролю ў дачыненьні да экспарту рэдказямельных мэталаў.

«Злучаныя Штаты Амэрыкі ўвядуць 100-працэнтны тарыф на Кітай, звыш любога тарыфу, які яны ў цяперашні час плацяць», — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth. Ён дадаў, што пошліны могуць увесьці і раней, «у залежнасьці ад любых далейшых дзеяньняў або зьмен, зробленых Кітаем».

Таксама з 1 лістапада ЗША плянуюць увесьці экспартны кантроль на ўсё крытычна важнае праграмнае забесьпячэньне.

Амэрыканскі прэзыдэнт напісаў, што Кітай «адправіў сьвету вельмі варожы ліст», у якім гаворыцца аб плянах увесьці з 1 лістапада «маштабны экспартны кантроль практычна на ўсю прадукцыю, якую яны вырабляюць, а таксама на некаторыя тавары, якія вырабляюцца не ім».

Напярэдадні Трамп таксама ўсумніўся ў мэтазгоднасьці сустрэчы са старшынём КНР Сі Цьзіньпінам, якая магла адбыцца на саміце Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ў Паўднёвай Карэі ў канцы кастрычніка. Пасьля, выступаючы ў Белым доме, ён заявіў, што не адмяняў сустрэчу. «Я мяркую, што яна можа адбыцца», — сказаў Трамп. Пэкін пакуль так і не пацьвердзіў, што сустрэча прызначаная, адзначае Reuters.

9 кастрычніка ўрад Кітая аб’явіў аб рашэньні ўзмацніць жорсткасьць экспартнага кантролю адносна рэдказямельных мэталаў. Цяпер экспартнай ліцэнзіі патрабуюць нават нязначныя колькасьці гэтых мэталаў — калі на іх прыпадае ня менш за 0,1% працэнта кошту тавару. Размова таксама ідзе аб экспарце тэхналёгій, зьвязаных са здабычай, плаўкай і разьдзяленьнем рэдказямельных мэталаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон ізноў прызначыў прэм’ерам Францыі Сэбасьцьяна Лекарню