«Дарэмна думаць, што Офісам і іншымі структурамі не цікавяцца адпаведныя службы ў Беларусі. І калі нармальнага ўзроўню бясьпекі няма, то працаваць вельмі цяжка. Калі гэтага ня будзе, то я цалкам магу ўявіць, што будзе прынятае рашэньне пра Польшчу, Чэхію або ў іншую краіну. У Эўропе хапае краінаў, якія гатовыя прыняць Сьвятлану Ціханоўскую і яе Офіс», – лічыць Фрыдман.
Паводле палітоляга, выдаткі на Офіс Сьвятланы Ціханоўскай не такія і высокія, калі параўнаць іх з грашыма, якія ЭЗ выдаткоўвае на іншыя праекты ў розных краінах.
«А што атрымае Літва? Наўрад ці палепшацца адносіны з Лукашэнкам. Эканамічныя зрухі? Не. Грошы, якія Літва можа заашчадзіць, гэта не выратуе літоўскі бюджэт. Гэтае рашэньне без відавочных плюсаў для Літоўскай Рэспублікі». – лічыць Аляксандар Фрыдман.
Днямі стала вядома, што Літва зьмяншае ўзровень аховы Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і яе самой. Для самой каманды Ціханоўскай гэта стала нечаканасьцю. Паводле крыніц Свабоды, супрацоўнікі Офісу беларускай дэмакратычнай лідэркі паведамілі прадстаўнікам урадаў заходніх краін, што Сьвятлана Ціханоўская засталася без асабістай аховы; была зьнятая і ахова штаб-кватэры ў Вільні, што прымусіла большую частку каманды Офісу перайсьці на дыстанцыйную працу; Ціханоўскую таксама папярэдзілі, што цягам двух-трох тыдняў ёй належыць пакінуць жыльлё, дзе яна была пад аховай апошнія пяць гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з Офісам Ціханоўскай і падтрымкай беларускага дэмакратычнага руху ў Літве? Тлумачаць літоўскія экспэрты