Папа Рымскі запатрабаваў вызваліць несправядліва зьняволеных журналістаў і заклікаў паважаць іхную працу

Папа Леў XIV

Зьвяртаючыся да глябальнай сеткі асноўных інфармацыйных агенцтваў, папа Леў XIV падзякаваў журналістам, якія штодня працуюць, каб падзяліцца праўдай, часта рызыкуючы сваім жыцьцём. Менавіта дзякуючы ім, кажа ён, мы маем веду пра сьвет.

Папа Леў у чацьвер аддаў даніну павагі журналістам, якія працуюць на перадавой канфлікту.

«Калі сёньня мы ведаем, што адбываецца ў Газе, Украіне і на кожнай іншай зямлі, скрываўленай бомбамі, мы ў значнай ступені абавязаныя гэтым ім».

Зьвяртаючыся да сяброў MINDS International — глябальнай сеткі асноўных інфармацыйных агенцтваў, — папа назваў гэтыя «незвычайныя сьведчаньні відавочцаў» «кульмінацыяй штодзённых намаганьняў незьлічоных людзей, якія працуюць над тым, каб інфармацыя не маніпулявалася ў мэтах, якія супярэчаць праўдзе і чалавечай годнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа рымскі папярэдзіў аб вялікіх праблемах з-за імклівага росту багацьця бізнэс-эліты

У сьвеце, адзначаным гвалтоўнымі канфліктамі і дэзынфармацыяй, папа заклікаў адмыслоўцаў СМІ ўсьведамляць рызыкі, якія бяруць на сябе іх калегі, каб забясьпечыць інфармаванасьць сьвету, і шанаваць іх ахвяры, падтрымліваючы найвышэйшыя стандарты сумленнасьці і праўды.

На тле гэтага папа паўтарыў свой даўні заклік вызваліць журналістаў, якія былі несправядліва затрыманыя або перасьледаваныя.

«Выкананьне журналістскай працы ніколі ня можа лічыцца злачынствам», — сьцьвердзіў ён. «Гэта права, якое павінна быць абароненым».

Ён папярэдзіў аб спробах задушэньня або маніпуляцыі інфармацыяй у імя палітычных або ідэалягічных інтарэсаў і заклікаў журналістаў і мэдыяпрафэсіяналаў цьвёрда трымацца свайго пакліканьня, нават пад ціскам:

«Вашая служба патрабуе абазнанасьці, мужнасьці і пачуцьця этыкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня ПАРЭ зьвярнуўся да зьняволеных беларускіх журналістаў: «Мы не забудзем пра вас»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр Зьвязу журналістаў Украіны: «Лукашэнка ў нас замінусіўся»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты