Зяленскі заявіў, што Расея рыхтуе правакацыі пры абмене палоннымі праз тэрыторыю Беларусі

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Рустэм Умераў вядзе перамовы з памочнікам Пуціна Ўладзімірам Мядзінскім аб чарговым абмене і папярэдзіў, што Расея рыхтуе правакацыі.

Пра гэта Ўладзімір Зяленскі заявіў у размове з журналістамі, паведамляе Укрінформ.

«Абмены. Умераў і Мядзінскі вядуць складаныя перамовы наконт сьпісаў. Нам з данясеньняў Службы замежнай выведкі Ўкраіны зразумела, што яны хочуць зрабіць расейскую справу. Яны хочуць запаўняць сьпісы ўкраінцаў толькі з свайго боку, нягледзячы на нашу просьбу. І мы ведаем, што яны хочуць прывезьці некаторых палонных у Беларусь, прымусіць іх запісваць відэазвароты да бацькоў, быццам бы ўкраінскія ўлады іх не забіраюць: забірайце нас, вось мы ў Беларусі, забірайце нас. Рыхтуюцца такія расейскія правакацыі», — сказаў Зяленскі.

Ён назваў гэта спробай ціску на Ўкраіну.

«Але мы робім усё дзеля таго, каб усе папярэднія дамоўленасьці пра абмены былі выкананыя, і мы казалі пра розныя этапы абменаў. Мы працуем над тым, каб вярнуць усіх нашых людзей дадому», — падкрэсьліў украінскі прэзідэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі праваабаронца Буткевіч параўнаў беларускія турмы і расейскі палон, у якім ён пабываў


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусаў у Нароўлі ня бачыў». Украінскі журналіст — пра гады ў расейскім палоне і фільтрацыйны лягер у Беларусі