Ізраільскі кабінэт міністраў ухваліў пагадненьне раніцай у пятніцу, 10 кастрычніка, прыкладна праз 24 гадзіны пасьля таго, як пасярэднікі абвясьцілі аб пагадненьні, якое прадугледжвае вызваленьне ізраільскіх закладнікаў у абмен на арабскіх зьняволеных і пачатак паэтапнага вываду ізраільскіх войскаў з Газы ў адпаведнасьці з ініцыятывай прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў спыненьні двухгадовай вайны ў Газе, пішы Reuters.
«Урад толькі што ўхваліў угоду для вызваленьня ўсіх закладнікаў — жывых і памерлых», — гаворыцца на старонцы прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу на X.
Цяперашні кіраўнік ХАМАСу ў выгнаньні Халіль Аль-Хая заявіў, што атрымаў гарантыі Злучаных Штатаў і іншых пасярэднікаў аб тым, што вайна скончаная.
Прадстаўнік ізраільскага ўраду заявіў, што спыненьне агню ўступіць у сілу на працягу 24 гадзін пасьля ўхваленьня пагадненьня ўрадам. Тады закладнікі, якія ўтрымліваюцца ў Газе, будуць вызваленыя на працягу 72 гадзін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль і ХАМАС заявілі, што дамовіліся аб спыненьні агню і абмене закладнікаміЛічыцца, што ў Газе ўсё яшчэ жывыя дваццаць ізраільскіх закладнікаў, а 26 лічацца загінулымі. Лёс яшчэ двух невядомы. ХАМАС заявіў, што перадача целаў загінулых можа заняць больш часу за вызваленьне тых, хто яшчэ жывы.
Як толькі пагадненьне ўступіць у сілу, грузавікі зь ежай і мэдыцынскай дапамогай заедуць у Газу, каб дапамагчы мірным жыхарам, сотні тысяч якіх хаваліся ў намётах пасьля таго, як ізраільскія войскі разбурылі іхныя дамы і вялікія часткі гарадоў. Ізраіль заяўляе, што ХАМАС пастаянна карыстаецца тактыкай жывога шчыта і часта разьмяшчае свае аб'екты наўпрост каля цывільных.
Палестынскія арабы заяўляюць, што ў выніку баявых дзеяньняў ЦАХАЛ пасьля атакі 7 кастрычніка 2023 году ў Газе загінулі 67 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ізраілі прыгадваюць ахвяраў нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года