Эўразьвяз абяцаў дапамогу прымусова вывезеным зь Беларусі былым палітвязьням

Сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі з прадстаўнікамі эўрапейскіх інстытуцыяў. Брусэль, 8 кастрычніка 2025

У Брусэлі 8 кастрычніка прайшла сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі з прадстаўнікамі эўрапейскіх інстытуцыяў, арганізаваная Эўрапейскай камісіяй (DG ENEST) і Эўрапейскай службай вонкавых дзеяньняў (EEAS).

Тэмай размовы стала дапамога Эўразьвязу і яго інстытуцыяў беларускім дэмакратычных сілам і няўрадавым арганізацыям беларусаў у эміграцыі ва ўмовах зьніжэньня падтрымкі ад ЗША, расказаў Свабодзе дыпляматычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

«Асноўнай праблемай для абмеркаваньня было зьмяншэньне амэрыканскага фінансаваньня. Мы шукалі магчымасьці, як гэта можна кампэнсаваць, а тут важная як кароткатэрміновая, гэтак і доўгатэрміновая падтрымка. Гаворка ішла і пра падтрымку беларускіх мэдыя. Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьлівала, што рызыкі не зьмяншаюцца, а толькі павялічваюцца, і таму мы просім не зьніжаць узроўню падтрымкі», — расказаў Дзяніс Кучынскі.

Дзяніс Кучынскі не назваў лічбы фінансавай дапамогі, пра якую было дамоўлена падчас сустрэчы, але зазначыў, куды яна будзе скіраваная.

«Лічбаў не магу падаць, але зазначу, што асобны акцэнт быў зроблены на патрэбы палітвязьняў, іхных сем’яў, а таксама былых палітвязьняў, якіх вымусілі зьехаць з краіны».

На думку Ціханоўскай, яшчэ ніколі Эўропа гэтак моцна ня ўцягвалася ў беларускае пытаньне дзеля дапамогі беларускім дэмакратычным сілам і грамадзкаму сэктару.

«Гэта паказвае, што нас у аб’яднанай Эўропе успрымаюць як роўных партнэраў і калег, і вельмі важна, каб такое стаўленьне працягвалася», — сказаў Свабодзе дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Праца Офісу працягваецца, частка супрацоўнікаў працуе з дому

Паводле Дзяніса Кучынскага, Офіс Ціханоўскай не спыніў сваю працу пасьля зьмены сыстэмы аховы, але частка супрацоўнікаў часова пераведзеная на іншы працоўны рэжым.

«Офіс працягвае працу, няма ніякай драмы ад увядзеньня літоўскім урадам новай сыстэмы аховы. Цяпер мы чакаем ад літоўскага боку дадатковай інфармацыі наконт новай сыстэмы аховы, а пакуль частка супрацоўнікаў, нават большасьць супрацоўнікаў, пераведзеная на працу з дому. Спадзяемся, на гэтым тыдні мы будзем ведаць больш пра тое, якой будзе сыстэма аховы Офісу», — сказаў Дзяніс Кучынскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з Офісам Ціханоўскай і падтрымкай беларускага дэмакратычнага руху ў Літве? Тлумачаць літоўскія экспэрты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праца ў памяшканьні Офісу Ціханоўскай у Вільні часова прыпыненая пасьля рашэньня Літвы аб паніжэньні ўзроўню яе аховы