Юозас Олекас заявіў 9 кастрычніка, што дапамога Літвы нікуды ня зьнікла і будзе працягвацца.
«Наша дапамога дэмакратычным сілам Беларусі захоўваецца і, напэўна, нават узмацняецца. Што тычыцца аховы, то гэта, так бы мовіць, ацэнка службамі, якія прымаюць рашэньні наконт таго, неабходная такая ахова ў гэты момант ці не», — сказаў Олекас журналістам, яго цытуе BNS.
Ён адзначыў, што Сейм падтрымлівае шчыльны кантакт зь беларускай апазыцыяй праз сустрэчы, дыскусіі й супольную працу.
Олекас сказаў гэта пасьля таго, як ахову Сьвятланы Ціханоўскай і памяшканьня ейнага Офісу замест Службы аховы кіраўніцтва пачало забясьпечваць Бюро крымінальнай паліцыі Літвы.
Навінавы партал LRT, які першым паведаміў пра гэта, назваў зьмену паніжэньнем узроўня аховы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ерка Літвы выказалася пра ахову Ціханоўскай: яна скарэктаваная з улікам узроўню пагрозаўПрадстаўніца Офісу Ціханоўскай Ганна Красуліна паведаміла BNS, што праца ў памяшканьнях у Вільні абмежаваная, а некаторыя супрацоўнікі працуюць дыстанцыйна.
Каманда беларускай дэмакратычнай лідэркі адмовілася даваць падрабязную інфармацыю аб арганізацыі працы, спаслаўшыся на патрабаваньні бясьпекі.
Паводле праваахоўнікаў, пасьля зьмены рэжыму аховы Ціханоўская, ейны офіс і дом будуць па-ранейшаму пад аховай, аднак калі лідэрка беларускай апазыцыі будзе за мяжой, яе ахову мае забясьпечваць краіна, якая прымае.
Тыя, хто прыняў гэтае рашэньне, і палітыкі, якія яго падтрымліваюць, сьцьвярджаюць, што рэжым бясьпекі быў зьменены ў сувязі са зьменай узроўню пагрозы і што гэта тэхнічная зьмена.
Крытыкі падазраюць, што гэтае рашэньне мае палітычны характар і патурае тым, хто лічыць, што Ціханоўскай, якая прыбыла ў Літву ў 2020 годзе, надаецца празьмерная ўвага і на яе ахову вылучаецца занадта шмат рэсурсаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі дэпутат: Вільня стала значна больш уплывовай сталіцай, таму што тут працаваў офіс Сьвятланы