Найбуйнейшы ў краіне «Беларусбанк» паведаміў, што з кастрычніка ўнёс зьмены ў пералік прыкметаў платнасьці замежных банкнотаў.
«Гэта закранула сьвячэнне банкнотаў ва ўльтрафіялетавых прамянях. Цяпер гэтая асаблівасьць ня стане перашкодай да абмену. Так, раней для насельніцтва востра стаяла пытаньне немагчымасьці абмену банкнотаў з прычыны сьвячэньня ва ўльтрафіялетавых промнях. Некаторыя пашкоджаньні на купюры візуальна менш прыкметныя, але пад узьдзеяньнем ультрафіялетавых прамянёў на ёй праяўляецца сьвячэнне — нехарактэрнае, неўласьцівае платным банкнотам, што і прыводзіла да адмовы ў прыёме валюты», — паведамляе «Беларусбанк». Цяпер ён прымае такія купюры без камісіі. Прымаюць іх і ў іншых банках.
Больш строгія ранейшыя падыходы вынікалі з таго, што сьвячэньне ва ўльтрафіялетавых прамянях сьведчыла пра магчымае пашкоджаньне банкноты, якое магло прывесьці да далейшага разбурэньня як гэтай банкноты, так і іншых, якія захоўваліся разам зь ёй.
«Новыя правілы дадуць магчымасьць банкам больш эфэктыўна выконваць сваю работу і ўмацоўваць давер насельніцтва да банкаўскай сыстэмы ў цэлым», — паведамляе «Беларусбанк».
Акрамя таго, няплатаздольныя пашкоджаныя банкноты можна здаць у банк на інкаса з выплатаю камісійнай узнагароды, якая, як абяцае кіраўніцтва Нацыянальнага банку, будзе зьменшана з 15-20% да 5%.
Як растлумачыў намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Андрэй Картун, «на сёньня цана абмену неплацежаздольных купюр даходзіць да 15-20%».
«Дзеля эканамічнай мэтазгоднасьці мы рэкамэндуем зьнізіць яе да 5%. На наш погляд, такіх захадаў будзе дастаткова, каб беларусы маглі камфортна абменьваць замежную валюту. А калі ў кагосьці замежныя грошы сталі непрыдатнымі, то яны змогуць за паніжаную цану набыць беларускі рубель, — адзначыў у інтэрвію «Беларусь сегодня» намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы змогуць здаць даляры старога ўзору, абяцае ГалоўчанкаЧаму не прымалі «старыя даляры»
Апошнім годам беларусы сутыкаліся зь немагчымасцю абмяняць у банках «чорна-белыя» даляры старога выпуску — да 2013 году. У ЗША і заходнім сьвеце старыя даляры маюць такую самую вартасьць, што і «новыя», каляровыя.
Такія ж абмежаваньні на прыём старых даляраў ёсьць у банках Расеі, Турэччыны, Эгіпту і некаторых іншых краін, куды беларусы могуць выправіцца на адпачынак.
У гэтых краінах узьнік крызіс «старых даляраў», бо на іхныя рынкі хлынулі якасныя падробкі фальшывых даляраў старога ўзору, якія састарэлае банкаўскае абсталяваньне ня можа выявіць.
Кіраўнік Нацыянальнага банку Раман Галоўчанка заявіў, што банкі абавязаныя без абмежаваньняў прымаць даляры старога ўзору, а таксама зь сьлядамі цьвілі, якія відаць праз ультрафіялетавае абсталяваньне.
«Ніякіх абмежаваньняў на прыём амэрыканскіх даляраў — старога ці новага ўзору, так званых сініх ці белых, не існуе», — заявіў Галоўчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя ў Беларусі запаволілася, але па-ранейшаму перавышае заплянаваны гадавы паказчык ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзесяць банкаў увялі зьмены ў парадак працы з кліентамі