Навуковае адкрыцьцё: многія гістарычныя дамы ў Рызе пабудаваныя зь беларускай драўніны

Дом у гістарычным цэнтры Рыгі

Пацьвердзіць гэта дазволілі дасьледаваньні колцаў на драўніне.

Беларускі навуковец Максім Ярмохін з Бэрнскага ўнівэрсытэту апісаў 831-гадовую храналёгію гадавых колцаў хвоі з паўночнай Беларусі. Раней ён уклаў першую тысячагадовую колцавую храналёгію хвоі ў Беларусі, піша канал De facto. Беларуская навука.

Разам з Марысам Зундэ з Інстытуту гісторыі Латвіі ён апублікаваў артыкул у часопісе Dendrochronologia. Навукоўцы расказалі: узоры для храналёгіі ўзялі з археалягічных раскопак Полацку і Віцебску, а таксама з дому Данэнштэрна ў Рызе.

Атрыманыя зьвесткі сьведчаць, што гандаль хвояй паміж басэйнам верхняй і ніжняй Дзьвіны/Даўгавы пачаўся ў XIV стагодзьдзі і дасягнуў піку ў XVI–XVII ст. У выніку многія гістарычныя дамы ў Рызе збудаваныя зь беларускай драўніны.

Драўніна з паўночнай Беларусі выкарыстоўвалася ў XVIII ст. і ў Вялікай Брытаніі, што пацьвярджае экспарт беларускага дрэва па ўсёй Эўропе. У эўрапейскіх калекцыях драўніна зь Беларусі фігуравала як «балтыйскі дуб» і «рыскія хвоі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латыскі мульцік намінавалі на «Оскар». Крытык і мультыплікатар расказваюць, ці можа тое самае адбыцца зь беларускім


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі прыдумалі новы спосаб дэкамунізацыі помнікаў асобам савецкага часу