Аляксандар Лукашэнка зноў прызначыў судзьдзём Горадзенскага абласнога суду Дзьмітрыя Бубенчыка, які знаходзіцца ў санкцыйным сьпісе Эўразьвязу за палітычна матываваныя прысуды.
У прыватнасьці, Дзьмітры Бубенчык прысудзіў 8 гадоў калёніі дзеячу польскай меншасьці журналісту Анджэю Пачобуту.
На сайце Pravo.by зьмешчаны ўказ Лукашэнкі «Аб прызначэньні і вызваленьні судзьдзяў», у якім ён зноў прызначыў Бубенчыка судзьдзём Горадзенскага абласнога суду, гэтым разам бестэрмінова.
Таксама палітычна матываваныя прысуды, згодна з дадзенымі праваабарончага цэнтру «Вясна», выносілі Вольга Леўсік з Горадні, менская судзьдзя Алена Бушава, судзьдзя Марына Запасьнік (вынесла прысуд Алесю Бяляцкаму), судзьдзя Сьвятлана Чараповіч. Іх паўторна прызначылі на пасады судзьдзяў на 5 гадоў.
- 8 лютага 2023 году Горадзенскі абласны суд асудзіў Анджэя Пачобута на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
- Судзьдзя Дзьмітры Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), скіраваных на спрычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).
- Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем.
- Пасьля выраку Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух пунктаў пропуску, якія яшчэ дзейнічалі, — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).