Ізраіль і ХАМАС заявілі, што дамовіліся аб спыненьні агню і абмене закладнікамі

Сьвяткаваньні падпісаньня першага пункту мірнай угоды паміж Ізраілем і ХАМАС, Тэль-Авіў

Гэта першы этап мірнага пляну прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў спыненьні вайны ў Газе.

У выніку вайны загінулі больш за 67 000 чалавек, піша Reuters. Усяго празь дзень пасьля другой гадавіны нападу баевікоў ХАМАС, які прывёў да разбуральнага наступу Ізраілю на Газу, перамовы ў Эгіпце праз пасярэднікаў мелі вынікам пагадненьне аб пачатковым этапе 20-пунктавага пляну Дональда Трампа дзеля ўстанаўленьня міру ў палестынскім анкляве.

Пагадненьне, калі яго цалкам увасобяць, зблізіць два бакі больш за ўсякія папярэднія намаганьні дзеля спыненьня вайны, што перарасла ў рэгіянальны канфлікт, уцягнуўшы такія краіны, як Іран, Емэн і Лібан, паглыбіла міжнародную ізаляцыю Ізраілю і зьмяніла Блізкі Ўсход.

Навіну аб пагадненьні сустрэлі сьвяткаваньнямі ў Ізраілі, Газе і за яе межамі. Але пагадненьне, абвешчанае Трампам позна ў сераду, 8 кастрычніка, было недастатковым і пакінула шмат нявырашаных пытаньняў, якія ўсё яшчэ могуць прывесьці да яго краху, як гэта здарылася з папярэднімі мірнымі намаганьнямі.

«Я вельмі ганаруся тым, што магу паведаміць, што Ізраіль і ХАМАС падпісалі першы этап нашага мірнага пляну», — заявіў Трамп у праграме Truth Social.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што ў чацьвер зьбярэ паседжаньне свайго ўраду, каб зацьвердзіць пагадненьне.

«З зацьвярджэньнем першага этапу пляну ўсе нашыя закладнікі будуць вернутыя дадому, — сказаў ён.— Гэта дыпляматычны посьпех і нацыянальная і маральная перамога Дзяржавы Ізраіль».

ХАМАС пацьвердзіў дасягненьне пагадненьня аб спыненьні вайны, заявіўшы, што ўгода ўключае вывад сілаў Ізраілю з анкляву і абмен закладнікамі і палоннымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ізраілі прыгадваюць ахвяраў нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года

Вайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў. Аднак ужо неўзабаве гэты мірны плян правалілі.
  • 8 кастрычніка на пасярэдніцкіх перамовах у Эгіпце два бакі ў чарговы раз дамовіліся пра спыненьне агню. Гэта першая частка годы, распрацаванай адміністрацыяй прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.