Літоўскі дэпутат: Вільня стала значна больш уплывовай сталіцай, таму што тут працаваў офіс Сьвятланы

Томас Тамілінас

Дэпутат Сэйма Літвы Томас Тамілінас раскрытыкаваў у сваім Фэйсбуку рашэньне ўладаў краіны аб паніжэньні ўзроўню аховы Сьвятланы Ціханоўскай. Палітык назваў гэта «стрэлам у нагу».

«Паддацца папулісцкаму ціску і спыніць ахову лідаркі беларускага апазыцыйнага руху Сьвятланы Ціханоўскай праз Дэпартамэнт бясьпекі без папярэджаньня — гэта жудасная памылка зьнешняй палітыкі, зьнішчэньне працы, зробленай усімі ўрадамі з 2020 года. Усё скончыцца тым, што офіс ад’едзе ў Варшаву... » — напісаў Томас Тамілінас.

На яго думку, зьніжаючы статус Ціханоўскай, Літва набліжае яе да звычайных няўрадавых арганізацый, такіх, якія ёсьць у расейцаў у Вільні.

«Калі ў нас ня будзе Сьвятланы, а яна будзе ў палякаў, то замежныя сталіцы ня будуць звяртаць на нас столькі ўвагі», — перакананы палітык.

«Вільня стала значна больш уплывовай сталіцай, таму што тут працаваў офіс Сьвятланы, таму гэта стрэл у нагу. Дарэчы, офіс працуе не за наш кошт, мы плацілі толькі за ахову. Сорамна». — заявіў Тамілінас.

Пра тое, што Літва прыняла рашэньне скараціць ахову лідэра беларускай апазыцыі, у аўторак паведаміў партал LRT.lt.

Паводле крыніц парталу, ахова Ціханоўскай і спадарожныя атрыбуты абыходзяцца дзяржаве прыкладна ў 1 мільён эўра ў год: меркавана, у гэтую суму ўваходзіць цэладзённая фізычная ахова ў Літве і за мяжой, аўтамабілі для аховы, утрыманьне месца жыхарства, выкарыстаньне VIP-тэрміналаў у аэрапортах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з Офісам Ціханоўскай і падтрымкай беларускага дэмакратычнага руху ў Літве? Тлумачаць літоўскія экспэрты