Што будзе з Офісам Ціханоўскай і падтрымкай беларускага дэмакратычнага руху ў Літве? Тлумачаць літоўскія экспэрты

Сьвятлана Ціханоўская падчас саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Капэнгагене. 8 кастрычніка 2025

Сьцісла

  • Прэм'ер-міністарка Літвы: ахова Ціханоўскай скарэктаваная з улікам цяперашніх рэалій.
  • Кіраўнік МЗС і сьпікер Сейму: пазыцыя Літвы адносна Беларусі не зьмянілася, падтрымка беларускай апазыцыі ўзмацнілася.
  • Праваабаронца: салідарнасьць зь беларускім дэмакратычным рухам ня спыніцца.
  • Палітычны аналітык: гэта працяг палітыкі кіроўнай кааліцыі ў Літве, курс на зьмяншэньне падтрымкі беларускіх дэмсілаў.
Літоўскія ўлады вырашылі зьменшыць узровень аховы Сьвятланы Ціханоўскай. Свабода спытала ў літоўскіх экспэртаў, што стаіць за такім рашэньнем і ці ня спыніць Літва падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў і палітычных эмігрантаў.

7 кастрычніка стала вядома, што Літва зьнізіла ўзровень фізычнай аховы Сьвятланы Ціханоўскай. Яна перадаецца ад Службы бясьпекі кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Гэта пацьвердзіла прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене, а таксама прадстаўнікі Офісу Сьвятланы Ціханоўскай. З прычыны гэтай перамены ў памяшканьні Офісу часова прыпынілі працу.

Свабода распытала літоўскіх экспэртаў, з чым зьвязанае такое рашэньне і ці не спыніцца ў будучыні падтрымка беларускіх дэмакратычных сілаў і палітычных эмігрантаў з боку Літвы.

«Узровень фізычнай аховы скарэктаваны з улікам пагроз»

Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене 10 кастрычніка адказваючы на пытаньні журналістаў у Каўнасе заявіла, што ўзровень аховы Ціханоўскай «скарэктаваны з улікам узроўню пагрозаў».

«Ахова ня зьнятая. Меры бясьпекі падабраныя, зыходзячы з узроўню пагроз. Службы выдатна выконваюць сваю працу, штодзённа ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія меры бясьпекі варта прымяняць на гэтай падставе. У Сьвятланы Ціханоўскай ёсьць ахова, але яна скарэктаваная з улікам цяперашніх рэалій», — цытуе Ругінене партал Delfi.

Інга Ругінэнэ сьцьвярджае, што ахова Ціханоўскай скарэктаваная з улікам рэалій

Тлумачачы імаверныя прычыны рашэньня, сайт Літоўскага нацыянальнага радыё і тэлевізіі паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што «ахова Ціханоўскай і спадарожныя выдаткі» абыходзіліся дзяржаве нібыта ў 1 млн эўра на год.

«Гэта, безумоўна, пытаньне сродкаў. Таксама ідзецца, што такі ўзровень аховы і ня быў неабходны», — заявіў інфармагенцтву ELTA старшыня Камітэта Сейму Літвы ў замежных справах Рэмігіюс Мотузас, які належыць да кіроўнай Сацыял-дэмакратычнай партыі.

Аднак пагадзіліся з такой вэрсіяй ня ўсе.

Колішні кіраўнік Міністэрства замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс напісаў на сваім сайце, што такім чынам Літва «зрадзіла прадстаўніцы беларускіх дэмакратычных сілаў».

«Рашэньне Літвы прыбраць ахову Сьвятланы Ціханоўскай фактычна вымушае яе сям’ю і офіс пакінуць Літву. Без тлумачэньняў і амаль бяз часу на падрыхтоўку ўрад Літвы больш ня лічыць Сьвятлану афіцыйнай госьцяй дзяржавы. Страціўшы яе, мая краіна траціць важную партнэрку ў барацьбе за дэмакратыю, траціць бачную ролю ў супрацьстаяньні тыранам, траціць сілу голасу, неабходную невялікай краіне для абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў у сьвеце, дзе кіруюць рэалісты», — выказаў меркаваньне палітык-кансэрватар, які цяпер знаходзіцца ў апазыцыі да ўраду, сфармаванага сацыял-дэмакратамі.

«Беларускі рэжым будзе выкарыстоўваць такое рашэньне Літвы»

Ці паніжэньне статусу аховы Сьвятланы Ціханоўскай — выключна тэхнічнае рашэньне, альбо паказчык зьмены ў стаўленьні літоўскай дзяржавы да беларускага дэмакратычнага руху?

Дырэктар літоўскага офісу праваабарончай арганізацыі Freedom House, палітоляг Віціс Юрконіс у камэнтары Свабодзе выказвае меркаваньне, што салідарнасьць зь беларускім дэмакратычным рухам ня спыніцца. Ён называе рашэньне скараціць узровень аховы Ціханоўскай тэхнічным, але сумняецца ў ягонай неабходнасьці.

Віціс Юрконіс

«Мы дакладна разумеем, што беларускі рэжым і розныя крамлёўскія боты будуць выкарыстоўваць гэта і прадстаўляць як нейкае зьмяненьне ўсяго курсу. Але, як кажа міністар замежных спраў (Кястуціс Будрыс. — РС), як гавораць людзі, якія займаюцца зьнешняй палітыкай у Сейме, літоўская падтрымка, салідарнасьць з палітвязьнямі, з рэпрэсаванымі людзьмі, наша санкцыйная палітыка, палітыка ў галіне міжнароднай непрызнанасьці [рэжыму Аляксандра Лукашэнкі] і ўсіх пытаньняў міжнароднай адказнасьці — ня зьмяняецца», — кажа Віціс Юрконіс.

Ён зважае, што менш пагроз з боку беларускай улады для Літвы і беларускага дэмакратычнага руху не становіцца.

«Але мы ж разумеем і бачым па мностве расьсьледаваньняў, як дзейнічаюць абодва рэжымы — і ў Расеі, і ў Беларусі, — што няма нічога немагчымага. Пытаньне бясьпекі — гэта не пытаньне, высмактанае з пальца. Само рашэньне (панізіць узровень аховы Сьвятланы Ціханоўскай. — РС), мне здаецца, не зусім абгрунтаваным. Я разумею, што гэта сумесь нейкага мясцовага папулізму і ўяўленьня, што мы тут дзесьці скароцім якіясьці бюджэтныя сродкі, але мне здаецца, гэта не сур’ёзна», — гаворыць палітоляг.

Віціс Юрконіс зважае на тое, што настроі ў літоўскім грамадзтве адносна беларускіх палітычных актывістаў не зьмяніліся.

«Думаю, што салідарнасьць, па сутнасьці, ня зьнікла. Людзі разумеюць, які рэжым дзейнічае ў Беларусі. Можна толькі пытацца, што было асноўным фактарам ці хто быў тым чыноўнікам, які стаіць за гэтым рашэньнем. Таму што ў публічнай прасторы былі, па сутнасьці, некалькі палітыкаў маргінальнага ўзроўню, якія займаліся гэтай тэмай, тыпу „далоў, зьяжджайце“ і гэтак далей. І яны ніяк не зьвязаныя ні з зьнешняй палітыкай, ні нават з кіроўнай Сацыял-дэмакратычнай партыяй. Таму я думаю, што гэта будзе своеасаблівым штуршком і нагодай для развагаў для самой кіроўнай партыі», — мяркуе Юрконіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Офісе Ціханоўскай заявілі, што спынялі працу пасьля рашэньня літоўскіх уладаў аб паніжэньні ўзроўню яе аховы

«Большая мэта — пэразагрузіць адносіны з Беларусьсю»

Скарачэньне аховы Ціханоўскай — гэта працяг палітыкі кіроўнай кааліцыі ў Літве, мяркуе палітычны аглядальнік Вітаўтас Брувярыс. Летась у выніку выбараў у Сейм у Літве ўтварылася кіроўная кааліцыя ў якую ўвайшлі сацыял-дэмакраты, партыя «Зара над Нёманам» і Саюз фэрмэраў, «зялёных» і хрысьціянскіх сем’яў.

Паводле Вітаўтасу Брувярыса — гэта курс на зьмяншэньне падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Вітаўтас Брувярыс

«Ужо пасьля фармаваньня кааліцыі пасьля выбараў было зразумела, што такі трэнд будзе павялічвацца. Канкрэтна Рэмігіюс Жэмайтайціс, лідэр „Зары над Нёманам“ паставіў сабе мэту выгнаць Ціханоўскую з Літвы. А большая мэта — перазагрузіць адносіны з Беларусьсю і прасоўваць прарасейскі парадак дня ў літоўскай палітыцы. Сацыял-дэмакраты таксама ня супраць адклікаць частку санкцый, ня супраць нейкага пацяпленьня. Адміністрацыя Трампа таксама спрабуе гаварыць з менскім рэжымам — і гэта мае свой уплыў», — гаворыць палітычны аглядальнік у інтэрвію Свабодзе.

Паводле яго, «выцісканьне Ціханоўскай з Літвы» можа быць «часткай вялікага сюжэту». І ў такой сваёй палітыцы, мяркуе Вітаўтас Брувярыс, літоўскія ўлады абапіраюцца на тую частку грамадзтва, якая мела прарасейскія настроі.

«Да парлямэнцкіх выбараў галоўныя, каго непакоіла знаходжаньне Ціханоўскай у Літве, а таксама палітыка прыманьня палітычных мігрантаў з Беларусі і Расеі — гэта прарасейскія слаі грамадзтва. Гэта быў электарат мэйнстрымных левацэнтрысцкіх партый, але гэта таксама і электарат цяперашняй уладнай кааліцыі. Апошнія гады такія тэндэнцыі пачалі нарастаць і ў іншых палітычных сэгмэнтах грамадзтва, на правым флянгу, сярод электарату кансэрватараў. Маўляў, панаехала расейскамоўных — ці то палітычная гэта міграцыя, ці толькі эканамічная. Людзі ва ўрадзе, якія даўно хацелі нешта такое зрабіць, цяпер адчулі, што маюць карт-блянш», — разважае суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму за квіткі на 180 кілямэтраў дарогі трэба плаціць 80 эўра?». Як беларусы цяпер езьдзяць празь мяжу з Эўразьвязам

«Трэба шмат чаго зрабіць разам»

Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс запэўніў журналістаў у сераду, што пазыцыя Літвы адносна Беларусі не зьмянілася.

«Нам трэба шмат чаго зрабіць разам. Літва гатовая, я гатовы працягваць супрацоўніцтва. А ўсе пытаньні, зьвязаныя з арганізацыяй бясьпекі, спадзяюся, будуць прафесійна і аператыўна вырашаны службамі», — заявіў Будрыс у сераду агенцтву ELTA.

Кястуціс Будрыс і Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Пра сустрэчу з Будрысам распавёў і дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі. Паводле яго, на сустрэчы літоўскі міністар паведаміў, што Ціханоўская застаецца афіцыйнай госьцяй ураду Літвы і ніякіх зьменаў у яе статусе не прадбачыцца. Таксама кіраўнік МЗС, паводле Кучынскага, запэўніў, што стаўленьне Літвы да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі застаецца нязьменным.

Сьпікер літоўскага парлямэнта сацыял-дэмакрат Юозас Олекас таксама заявіў, што Літва актыўна супрацоўнічала з беларускаю апазыцыяй, і «падтрымка толькі ўзмацнілася».

«Гэта абсалютна не зьвязана з нашымі палітычнымі поглядамі і падтрымкай дэмакратычных сіл Беларусі. Мы падтрымлівалі, падтрымліваем і будзем працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі», — сказаў Олекас ELTA.

Сьвятлана Ціханоўская выехала ў Літву зь Беларусі пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 11 жніўня 2020 году. У верасьні 2020 году Літва стала першай краінай, якая прызнала Ціханоўскую абраным лідэрам Беларусі. У ліпені 2021 году Літва надала дыпляматычны статус Офісу Ціханоўскай.