Хроніка перасьледу 8 кастрычніка: перадалі ў суд справу супраць ініцыятывы «Сумленныя людзі»

Віцебскі абласны суд. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Перадалі ў суд завочную справу супраць ўдзельнікаў ініцыятывы «Сумленныя людзі»

Пракуратура Віцебскай вобласьці накіравала ў суд крымінальную справу супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Сумленныя людзі». Справу будуць разглядаць у рамках «спэцыяльнай вытворчасьці», гэта значыць завочна, у адсутнасьці абвінавачаных.

Справу будзе разглядаць Віцебскі абласны суд.

Як раней паведамляў Сьледчы камітэт, крымінальную справу завялі супраць Алены Жываглод, Зарыны Сарокінай, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага.

У чэрвені КДБ паведамляў, што яны маюць дачыненьне да так званага «экстрэмісцкага фармаваньня» «Сумленныя людзі». Іх зьбіраюцца судзіць завочна.

Ім інкрымінавалі шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «абраза Лукашэнкі», «распальваньне варожасьці», «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», «дыскрэдытацыя Беларусі» і іншыя.

У ліпені 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які ўвёў інстытут «спэцыяльнай вытворчасьці». Гэтая працэдура дазваляе праводзіць сьледзтва і суды без абвінавачанага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 кастрычніка: блогерку асудзілі за ўдзел у пратэстах на 2,5 году «хатняй хіміі», яна пасьпела выехаць зь Беларусі

Палітвязьня Аліневіча перавялі ў калёнію ў Мазыр

Родныя Ігара Аліневіча ў сацсетках напісалі, што мужчына знаходзіцца ў мазырскай ПК № 20. Паведамляецца, што на гэты момант Ігар у ШЫЗА, піша «Вясна».

У жніўні 2025 году скончыўся тэрмін турэмнага рэжыму Аліневіча, пасьля чаго Ігара адправілі па этапе ў калёнію, але доўгі час не было вядома, у якую.

Ігар Аліневіч — актывіст анархісцкага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспэртыз у Гомельскай вобласьці. Ігара асудзілі да 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 кастрычніка: супрацоўніцу Ernst & Young двойчы асудзілі паводле палітычных артыкулаў


Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 12 чалавек

  1. Вадзім Боўфал
  2. Ігар Варановіч
  3. Віталь Гіра
  4. Самір Зал аглы Гулу-задэ
  5. Яўген Мельнічук
  6. Генадзь Паляйчук
  7. Уладзіслаў Піскуновіч
  8. Дзьмітры Постнікаў
  9. Аляксандар Рудкоўскі
  10. Аляксандар Штык
  11. Аляксандар Шульга
  12. Сяргей Філімонаў

Гэтых людзей сілавікі абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах.

Праваабаронцы ж адзначылі, што выступы грамадзян «насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканы недаверам да вынікаў выбараў прэзыдэнта, якія адбыліся 9 жніўня 2020 году і праходзілі з шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя». А сходы грамадзян насілі «мірны характар» і «не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадзкай бясьпецы», піша «Вясна».

Цяпер у Беларусі 1205 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 1343. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.