Праца ў памяшканьні Офісу Ціханоўскай у Вільні часова прыпыненая пасьля рашэньня Літвы аб паніжэньні ўзроўню яе аховы

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Пра зьмены ў працы Офісу Сьвятланы Ціханоўскай паведаміў яе дыпляматычны дарадца Дзяніс Кучынскі.

«Гэта зьвязана са зьменамі ў сыстэме аховы і бясьпекі. Мы ня можам агучваць дэталі з прычын бясьпекі. У памяшканьні застаецца толькі частка неабходнай апэрацыйнай каманды, астатнія супрацоўнікі перайшлі на дыстанцыйны фармат працы.

Мы ў пастаянным кантакце з нашымі літоўскімі партнэрамі адносна дэталяў новай сыстэмы бясьпекі. Пасьля таго як будзе зразумела, як менавіта яна будзе рэалізаваная, будуць прынятыя рашэньні аб фармаце далейшай працы Офісу», — заявіў Дзяніс Кучынскі.

Праца Офісу Ціханоўскай ня спынена як такая — ён працягвае сваю дзейнасьць, ідзецца толькі пра часовае прыпыненьне працы памяшканьня ў Вільні, патлумачыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік МЗС Літвы назваў здрадай рашэньне ўладаў краіны зьнізіць узровень аховы Ціханоўскай

Пра тое, што Літва прыняла рашэньне скараціць ахову лідэра беларускай апазыцыі, у аўторак паведаміў партал LRT.lt.

Паводле крыніц парталу, ахова Ціханоўскай і спадарожныя атрыбуты абыходзяцца дзяржаве прыкладна ў 1 мільён эўра ў год: меркавана, у гэтую суму ўваходзіць цэладзённая фізычная ахова ў Літве і за мяжой, аўтамабілі для аховы, утрыманьне месца жыхарства, выкарыстаньне VIP-тэрміналаў у аэрапортах.

Лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні ад жніўня 2020 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія большасьць заходніх краін лічаць сфальсыфікаванымі. Тады ўрад Літвы надаў прадстаўніцтву беларускай дэмакратыі афіцыйны статус, а самой апазыцыянэрцы забясьпечылі пастаянную фізычную ахову як у Літве, так і за яе межамі.

Ціханоўскай надалі статус афіцыйнай госьці катэгорыі C. Такі статус звычайна даюць паслам замежных дзяржаваў, кіраўнікам прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў, акрэдытаваных у Літве, чальцам замежных урадаў і Эўрапейскай камісіі, іншым асобам аналягічнага ўзроўню. Аднак дыпляматычнага статусу і, адпаведна, імунітэту ў яе няма, тлумачыць Lrt.lt.

Цяпер, паводле інфармацыі парталу Lrt.lt, запэўненьне бясьпекі Сьвятланы Ціханоўскай перадаецца ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы (VAD) ў Бюро крымінальнай паліцыі. Гэтая ўстанова мае забясьпечыць ахову палітыка не на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, а як асобы, якой можа пагражаць рэальная небясьпека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ерка Літвы выказалася пра ахову Ціханоўскай: яна скарэктаваная з улікам узроўню пагрозаў