Прэм’ерка Літвы выказалася пра ахову Ціханоўскай: яна скарэктаваная з улікам узроўню пагрозаў

Прэм’ер-міністар ураду Літвы Інга Ругінене

Прэм’ерка Літвы заявіла, што ахова зь Ціханоўскай ня зьнятая, але падабраныя іншыя захады.

Прэм’ер-міністар ураду Літвы Інга Ругінене сьцьвярджае, што ўзровень фізычнай аховы лідэра беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай, якая жыве ў Літве, зьніжаны і скарэкціраваны з улікам бягучага ўзроўню пагроз:

«Ахова ня зьнятая. Захады бясьпекі падабраныя зыходзячы з узроўню пагроз. Службы выдатна выконваюць сваю працу, штодня ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія захады бясьпекі варта прымяняць на аснове гэтага. У Сьвятланы Ціханоўскай ёсьць ахова, але яна скарэкціраваная з улікам бягучых рэалій», — заявіла Ругінене журналістам, піша Delfi.lt.

Пра тое, што Літва прыняла рашэньне скараціць фізычную ахову лідэра беларускай апазыцыі, у аўторак паведаміў партал LRT.lt.

Па дадзеных крыніц партала, ахова Ціханоўскай і спадарожныя атрыбуты абыходзяцца дзяржаве прыкладна ў 1 мільён эўра ў год: меркавана, у гэтую суму ўваходзіла кругласутачная фізычная ахова ў Літве і за мяжой, аўтамабілі для аховы, утрыманьне месца жыхарства, выкарыстаньне VIP-тэрміналаў у аэрапортах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік МЗС Літвы назваў здрадай рашэньне ўладаў краіны зьнізіць узровень аховы Ціханоўскай

Лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні ад жніўня 2020 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія большасьць заходніх краін лічаць сфальсыфікаванымі. Тады ўрад Літвы надаў прадстаўніцтву беларускай дэмакратыі афіцыйны статус, а самой апазыцыянэрцы забясьпечылі пастаянную фізычную ахову як у Літве, так і за яе межамі.

Ціханоўскай надалі статус афіцыйнага госьця катэгорыі C. Такі статус звычайна даецца паслам замежных дзяржаваў, кіраўнікам прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Літве, чальцам замежных урадаў і Эўрапейскай камісіі, іншым асобам аналягічнага ўзроўню. Аднак дыпляматычнага статусу і, адпаведна, імунітэту ў яе няма, тлумачыць Lrt.lt.

Цяпер, паводле інфармацыі парталу Lrt.lt, запэўненьне бясьпекі Сьвятланы Ціханоўскай перадаецца ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы (VAD) ў Бюро крымінальнай паліцыі. Гэтая ўстанова забясьпечыць ахову палітыка не на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, а як асобы, якой можа пагражаць рэальная небясьпека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Офісе Ціханоўскай заявілі, што спынялі працу пасьля рашэньня літоўскіх уладаў аб паніжэньні ўзроўню яе аховы