Былы кіраўнік МЗС Літвы назваў здрадай рашэньне ўладаў краіны зьнізіць узровень аховы Ціханоўскай

Габрыелюс Ландсбергіс, архіўнае фота

Габрыелюс Ландсбергіс лічыць, што такім рашэньнем Літва здрадзіла прадстаўніцы беларускіх апазыцыйных сілаў.

Свае думкі наконт абвешчанага рашэньня кіроўнай кааліцыі зьнізіць узровень аховы Сьвятланы Ціханоўскай Габрыелюс Ландсбергіс напісаў на сваім сайце.

«Рашэньне Літвы прыбраць ахову Сьвятланы Ціханоўскай фактычна вымушае яе сям’ю і офіс пакінуць Літву. Без тлумачэньняў і амаль бяз часу на падрыхтоўку ўрад Літвы больш ня лічыць Сьвятлану афіцыйнай госьцяй дзяржавы. Страціўшы яе, мая краіна раціць важную партнэрку ў барацьбе за дэмакратыю, траціць бачную ролю ў супрацьстаяньні тыранам, траціць сілу голасу, неабходную невялікай краіне для абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў у сьвеце, дзе кіруюць рэалісты».

Таксама Габрыелюс Ландсбергіс думае, што ў выніку такога рашэньня Літву могуць перастаць лічыць надзейнай хаўрусьніцай і дзяржавай, якая можа даць прытулак палітычным уцекачам.

Палітык згадаў, што ў жніўні 2020 году Ціханоўскую ў Літву запрасіў тагачасны міністар замежных справаў Лінас Лінкявічус, які працаваў у левацэнтрысцкім урадзе.

«Я з гонарам працягваў ягоную працу ў наступным правацэнтрысцкім урадзе, структуруючы тое, што было маральна правільным, у больш фармальны парадак дня замежнай палітыкі. Замежная палітыка, заснаваная на каштоўнасьцях, ня толькі маральна правільная, але гэта й палітыка ўкладу ў будучыню, захаваньня прынцыпаў для наступных пакаленьняў. Невялікія краіны на мяжы зь вялікімі — гэта своеасаблівая анамалія гісторыі, якая стала магчымай дзякуючы хаўрусам і захаваньню прынцыпаў міжнароднага права», — працягнуў Ландсбергіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Офісе Ціханоўскай заявілі, што спынялі працу пасьля рашэньня літоўскіх уладаў аб паніжэньні ўзроўню яе аховы

Ён адзначыў, што сытуацыя, якая прывяла да цяперашняга рашэньня наконт беларускага палітычнага прадстаўніцтва, пачалася ня ўчора, а з моманту, калі ў Літве чарговы раз зьмянілася ўлада. Кіраўнік партыі «Зара Нёмана» Рэмігіюс Жамайтайціс адзначаўся антысэміцкімі заявамі, справа нават дайшла да Канстытуцыйнага суду. Партыя Жамайтайціса, паводле Ландсбергіса, пачала прапагандаваць антыўкраінскую палітыку і быць падобнай у рыторыцы да іншых папулістаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Далей шэраг іншых партыяў, паводле палітыка, забылі пра свае абяцаньні не дапускаць кааліцыі ў Сейме з удзелам «Зары Нёмана», і ў выніку прадстаўнікі партыі атрымалі некалькі міністэрскіх партфэляў. Скандальны і ўжо звольнены за няўпэўненасьць пры адказе на пытаньне «Чый Крым?» міністар культуры ад гэтай партыі, заступіўшы на пасаду, адразу зьняў зь міністэрскага будынку ўкраінскі сьцяг. Таму Ландсбергіс ня бачыць дзіўнага ў тым, што цяперашні ўрад прымае такія пастановы, як зьмяншэньне аховы Ціханоўскай.

У канцы сваёй публікацыі Габрыелюс Ландсбергіс выбачыўся перад тымі, каму Літва дала прытулак і абараніла ад дыктатуры пасьля ўцёкаў зь небясьпекі, але цяпер «праваліла абарону».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі ўрад зьнізіў узровень аховы Сьвятланы Ціханоўскай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве прызначылі новы ўрад. Экспэрт спрагназаваў, як ён будзе ставіцца да Беларусі