У Ізраілі прыгадваюць ахвяраў нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года

Кібуца Рэім, Ізраіль, 7 кастрычніка 2025

У Ізраілі ў аўторак праходзяць жалобныя мерапрыемствы з нагоды другой гадавіны нападу на краіну групаў радыкальных ісламістаў, у тым ліку з экстрэмісцкай палестынскай групоўкі ХАМАС.

Сем’і загінуўшых і тыя, хто выжыў пры нападзе, сабраліся раніцай, каб ушанаваць памяць ахвяраў, на месцы правядзеньня музычнага фэстывалю Nova. Яго гледачы і ўдзельнікі два гады таму сталі аднымі з першых ахвяраў атакі. Nova Music Festival праходзіў у завяршэньне юдэйскага сьвята Сукот у пустыні Негеў, недалёка ад кібуца Рэім. Гэта паселішча разьмешчанае паблізу ад сэктара Газа, мяжу якога баевікі перасеклі досьвіткам 7 кастрычніка 2023 года.

На месцы, дзе праходзіў музычны фэстываль, баевікі забілі 360 чалавек, дзясяткі былі выкрадзеныя. Усяго на мерапрыемстве было 3500 удзельнікаў. З моманту нападу гэтае месца стала мэмарыялам ахвярам, да якога нясуць кветкі і запальваюць зьнічы.

Памятныя цырымоніі будуць праходзіць у Ізраілі на працягу ўсяго дня. Акцыя ўжо адбыліся ў кібуцы Кфар-Аза, жыхары якога чакаюць вяртаньня з сэктару Газа двух закладнікаў Зіва і Галі Берман. У другой палове дня жалобныя мерапрыемствы пройдуць яшчэ ў адной з найбольш пацярпелых грамадаў — у кібуцы Нір-Оз. А дзясятай гадзіне вечара ў парку Ха-Яркон у Тэль-Авіве адбудзецца цырымонія з удзелам семʼяў загінуўшых, якая будзе трансьлявацца па ізраільскім тэлебачаньні.

Агульны лік ахвяр нападу ХАМАС на поўдзень Ізраілю ў 2023 годзе складае каля 1200, 251 чалавек быў захопленыя ў закладнікі. Як мяркуецца, на палестынскай тэрыторыі ўсё яшчэ ўтрымліваюцца 48 закладнікаў, і жывыя зь іх толькі 20.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ХАМАС пагадзіўся перадаць уладу ў сэктары Газа незалежнай адміністрацыі

Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш у другія ўгодкі нападу зноў заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх закладнікаў, якія застаюцца ў палоне ў сэктары Газа. Ён адначасова заклікаў Ізраіль і ХАМАС скарыстацца магчымасьцю спыніць баявыя дзеяньні, пакуль ідуць перамовы па мірным пляне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

У адказ на напад ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль пачаў буйную вайсковую апэрацыю ў сэктары Газа. Як сьцьвярджае падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя гэтай тэрыторыі, падчас гэтай апэрацыі арміі Ізраіля загінула ня менш за 67 тысячаў палестынцаў. Многія краіны сьвету крытыкуюць ізраільскую апэрацыю, указваючы на гібель цывільных жыхароў і пагаршэньне гуманітарнай сытуацыі ў сэктары.

Эўрапейскія лідэры ў другія ўгодкі трагічных падзеяў выказалі надзею на спыненьне агню і вяртаньне закладнікаў. Надзею на трывалы мір выказала, у прыватнасьці, кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. «Мы ніколі не забудзем жах нападаў ХАМАС 7 кастрычніка і боль, які групоўка ўчыніла нявінным ахвярам, іх семʼям і ўсяму народу Ізраілю два гады таму», — заявіла фон дэр Ляен. Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон апублікаваў пост у сацсетках, адзначыўшы, што ён паўтарае заклік францускіх уладаў да вызваленьня закладнікаў і неадкладнага спыненьня агню.

Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр у артыкуле, апублікаваным у аўторак у газэце Times, заклікаў студэнтаў не далучацца да прапалестынскіх пратэстаў, падкрэсьліўшы, што правядзеньне заплянаваных на другую гадавіну нападу мітынгаў было б «не па-брытанску».

Зычэньне, каб «мір і чалавечнасьць нарэшце перамаглі», выказала беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

«Праз два гады пасьля жахлівых нападаў ХАМАС на Ізраіль мы смуткуем па ахвярах і салідарныя зь іх сем’ямі; з тымі, хто дагэтуль знаходзіцца ў закладніках, і з усімі, хто дагэтуль носіць у сваім сэрцы шнары таго дня, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Тэрор і нянавісьць ніколі не павінны браць верх».

Другой гадавіне падзеяў 7 кастрычніка таксама прысьвяціла публікацыю на сваёй старонцы ў Фэйсбуку амбасада Беларусі ў Ізраілі.

«Два гады з дня трагедыі 7 кастрычніка. Мы памятаем. Мы смуткуем. Мы чакаем вяртаньня ўсіх закладнікаў дадому», — адзначылі дыпляматы.

У Эгіпце сёньня, як чакаецца, працягнуцца непрамыя перамовы паміж прадстаўнікамі Ізраіля і ХАМАС, накіраваныя на вызваленьне закладнікаў і заключэньне пагадненьня з мэтай завяршыць вайны. Блізкія да ХАМАС крыніцы агенцтва France-Presse ахарактарызавалі цяперашнія кантакты як «пазытыўныя». Па іх словах, пазытыўным стаў першы раунд перамоваў, які прайшоў у эгіпецкім горадзе Шарм-эль-Шэйх у панядзелак і які доўжыўся каля 4-х гадзінаў.