Зьявілася інфармацыя пракуратуры Турэччыны ў справе зьнікненьня Котава, паплечнікі заяўляюць пра неадпаведнасьці

Анатоль Котаў

Ёсьць новыя акалічнасьці справы зьніклага функцыянэра Беларускага фонду спартовай салідарнасьці.

Асобнымі пунктамі пра гэта напісаў былы паплечнік Котава Аляксандар Апейкін у сваім фэйсбуку.

«На сёньня атрымана афіцыйная заява ад пракуратуры Турэччыны аб тым, што пашпарт Анатоля Котава адбіўся ў 18:35:54 пры выезьдзе з Турэччыны 21 жніўня праз порт Трабзон. Выезд нібыта адбываўся добраахвотна. Сам гэты факт ні пра што не гаворыць, пакуль ня будзе фота і відэаматэрыялаў. Вялікае пытаньне, ці факт гэта ўвогуле.

Выезд мог адбывацца нядобраахвотна, пашпарт мог адбіцца ў сыстэме без прысутнасьці падаўцы (у порце Трабзон пашпарты здаюць пачкамі пры пасадцы на карабель)».

Само адбіцьцё пашпарту ў сыстэме магло быць увогуле фіктыўным, мяркуе Апейкін.

Вынікі самастойнага расьсьледаваньня ўсіх абставінаў паездкі, на думку Апейкіна, паказваюць, што Анатоль Котаў плянаваў вяртацца назад. У прыватнасьці, быў куплены зваротны білет у Варшаву на нядзелю 24 жніўня; былі прызначаныя і пацьверджаныя працоўныя сустрэчы на наступны тыдзень, што паказала працоўная пошта; у дарогу быў узяты мінімум рэчаў; многія асабістыя рэчы, якія ўсякі чалавек, які загадзя плянаваў ад’езд у адзін бок, хутчэй за ўсё, узяў бы з сабой, засталіся дома; Котаў актыўна ўдзельнічаў у розных жыцьцёвых пытаньнях, і гэта не паказвала, што чалавек плянуе нейкі іншы сцэнар.

«Асноўная нестыкоўка афіцыйнай інфармацыі турэцкага боку палягае на тым, што перасячэньне мяжы адбылося нібыта ў 18:35, але на сувязі Анатоль заставаўся яшчэ да 22:30 таго ж дня, то бок яшчэ 4 гадзіны пасьля перасячэньня памежнага кантролю. У перапісках не было ніякага сыгналу аб небясьпецы ці нейкай праблемнай сытуацыі. Кантакт з Анатолем абарваўся раптоўна», — заўважае Апейкін.

Таксама ён бачыць нестыкоўкі з часам прылёту, які паведаміла афіцыйнае турэцкае агенцтва IHA (13:49), і фактычным часам прылёту Анатоля Котава ў Стамбул (12:57).

«У заяве турэцкага агенцтва IHA ад 28 жніўня пазначана фота дакумэнту, зь якім Котаў нібыта перасёк мяжу — гэта быў польскі падарожны дакумэнт. Але мяжу Котаў перасякаў паводле беларускага пашпарту, а ня польскага дакумэнту. Агенцтва IHA, відавочна, атрымала з турэцкай паліцыі, куды мы 25 жніўня накіравалі заяву аб зьнікненьні Анатоля Котава і атрыманьне якой турэцкая паліцыя адмаўляла. Фота падарожнага дакумэнту ў заяве ў паліцыю і ў афіцыйнай публікацыі агенцтва IHA — ідэнтычныя. Нехта вельмі сьпяшаўся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апейкін: Котава маглі «выкрасьці» ў несьвядомым стане

Крыху пазьней, адзначае Апейкін, паліцыя паведаміла адвакатам, што Анатоль праз 6-7 гадзін пасьля прызямленьня нібыта купіў рэйс на Трабзон і выехаў морам.

«Але Котаў прызямліўся ў 12.57, а пашпарт у Трабзоне, паводле заявы той жа паліцыі раней, нібыта адбіўся ў 18.35. Пры гэтым да Трабзону яшчэ ляцець пару гадзін».

Усё гэта, на думку Апейкіна, выглядае дзіўна.

Анатоль Котаў раней быў генэральным сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі і намесьнікам дырэктара II Эўрапейскіх гульняў 2019 году ў Менску. Ён сябра Камісіі этыкі Ўсясьветнай фэдэрацыі танцавальнага спорту, уваходзіць у склад працоўнай групы фонду «Спартоўцы за свабоду» (ЗША). Пасьля выезду за мяжу з палітычных прычынаў Котаў пачаў працу ў Беларускім фондзе спартовай салідарнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Родныя зьніклага Котава не атрымалі адказу ад уладаў Турэччыны