Краіны Эўразьвязу пагадзіліся абмежаваць перамяшчэньне расейскіх дыпляматаў у межах блёку. Аб гэтым паведамляе Financial Times з спасылкай на свае крыніцы.
Прапанаваныя меры абавяжуць расейскіх дыпляматаў, якія працуюць у сталіцах краін ЭЗ, інфармаваць урады іншых краін аб плянах сваіх паездак перад выездам за межы краіны, якая іх прымае.
У ЭЗ тлумачаць абмежаваньні «ўсплёскам спробаў дывэрсіяў, якія, паводле зьвестак спэцслужбаў, часта ажыцьцяўляюць шпіёны, якія дзейнічаюць пад дыпляматычным прыкрыцьцём». У выведных службах ЭЗ заявілі, што апэрацыі вядуцца за межамі краін, якія прымаюць расейскіх дыпляматаў, што дазваляе тым унікнуць назіраньня.
«Яны накіроўваюцца ў адно месца, але працуюць у іншым, — сказаў выданьню высокапастаўлены дыплямат ЭЗ, спасылаючыся на справаздачы спэцслужбаў. — Спэцслужбы краіны акрэдытацыі ведаюць, чым тыя займаюцца, але калі яны перасякаюць мяжу, гэтай краіне можа быць больш складана сачыць за імі».
З ініцыятывай выступіла Чэхія, якая ўжо забараніла ўезд у краіну ўладальнікам дыпляматычных і службовых пашпартоў Расеі, якія ня маюць нацыянальнай акрэдытацыі.
«Расьце колькасьць дывэрсійных апэрацыяў, і мы ня будзем рызыкаваць праз агентаў, якія працуюць пад дыпляматычным прыкрыцьцём. Мы падаем прыклад іншым краінам, і я працягну дабівацца найстражэйшых мераў на ўзроўні Шэнгенскага пагадненьня. Мы абаронім Чэхію», — заявіў кіраўнік МЗС Чэхіі Ян Ліпаўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася рэакцыя МЗС Беларусі на высылку з Чэхіі і Польшчы беларускіх дыпляматаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Чэхіі: Мы раскрылі беларускую разьведвальную сетку ў Эўропе