На некаторых участках чыгункі ў Дзятлаўскім і Лідзкім раёнах рэйкі былі дрэнна замацаваныя — не хапала мацавальных дэталяў. Частка шпалаў пашкоджаная, іх трэба было замяніць.
Мэтай пракурорскай праверкі было вызначыць стан чыгуначных мастоў і разьвязак Баранавіцкага аддзяленьня Беларускай чыгункі. Парушэньні знайшлі ў двух згаданых раёнах.
Акрамя рэек, засьцярогі былі да аднаго з мастоў. Кабэлі сыгналізацыі часткова не былі прыкрытыя адмысловым кажухом. Гэта небясьпечна: па-першае, драты не абароненыя ад дажджу і сьнегу, па-другое, да іх мог дабрацца хто заўгодна.
Таксама рэвізоры выявілі, што жалезабэтонны сход з насыпу да апораў мосту не абсталяваны поручнямі. Гэта небясьпечна для супрацоўнікаў, якія абслугоўваюць мост. Праверка знайшла ў прыступках пешаходнай часткі мосту дзірку памерам прыкладна 16 на 4 сантымэтры. Акрамя таго, каля апораў дзесяці сьвяцільнікаў так і не аднавілі асфальт.
Горадзенская транспартная пракуратура даручыла службовым асобам выправіць усе парушэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская чыгунка падоўжыла тэрмін папярэдняга продажу білетаў у Расею