Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі (МАРГ) правяло апытаньне, як ацэньваюць спажыўцы ўзровень цэнаў на беларускія тавары ў самой Беларусі і за мяжой.
Апытаньне прайшло ў рамках рыхтаваньня праекту ўказу Лукашэнкі «Аб удасканаленьні рэгуляваньня спажывецкага рынку». У прыватнасьці, адна з нормаў праекту вызначае правілы фармаваньня адпускных цэнаў на тавары, што ідуць на экспарт, і рэімпартаваныя тавары (раней экспартаваныя, якія ўвозяць назад), — паведаміў МАРГ.
МАРГ атрымаў наступныя вынікі:
- 65,6% рэспандэнтаў адказалі, што цэны на харчовыя і нехарчовыя тавары, паслугі ў 2025 годзе вырасьлі вельмі моцна.
- 42,1% рэспандэнтаў адказалі, што купляюць тавары за мяжой, бо некаторыя беларускія тавары там таньнейшыя, чым у Беларусі,
- 68,6% рэспандэнтаў лічаць ненармальным, калі беларускі тавар прадаецца на экспарт па ніжэйшай цане, чым на ўнутраны рынак краіны.
Апытаныя беларусы паведамілі, што часьцей за ўсё купляюць за мяжой такія беларускія тавары, як малочная прадукцыя (29,4% атрыманых адказаў), бытавая тэхніка (22,0%), адзеньне, абутак (16,5%), мясная прадукцыя, кандытарскія вырабы (8,3%).
Акрамя таго, асобныя ўдзельнікі апытаньня зьвярнулі ўвагу на тое, што за межамі Беларусі шырэйшы асартымэнт тавараў асобных беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці, якія выпускаюць адзеньне, абутак, бялізну, а таксама па больш нізкіх цэнах прадаюцца касмэтыка, некаторыя лекавыя прэпараты, панчохі і шкарпэткі, цукар, масла, яйкі і іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя ў Беларусі запаволілася, але па-ранейшаму перавышае заплянаваны гадавы паказчык