Мэркель заявіла, што Польшча і краіны Балтыі нясуць частку віны за тое, што Пуцін пайшоў вайной супраць Украіны

Уладзімір Пуцін і Ангела Меркель, архіўнае фота

У інтэрвію вугорскаму сайту «Партызан» былая канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель заявіла, што з прычыны процідзеі краінаў Балтыі і Польшчы прамыя перамовы паміж Эўразьвязам і Пуціным у 2021 годзе не адбыліся, і ў выніку пачалася поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны.

У размове з вугорскім журналістам, даступнай на YouTube, Ангела Мэркель бараніла Менскія пагадненьні, дасягнутыя ёю і прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам у 2015 годзе.

«У 2015 годзе я бачыла, што расейцы наступаюць усё больш агрэсіўна, і 6000 украінскіх салдат былі замкнёныя ў катле. І тады мы з Аляндам вырашылі падпісаць пагадненьне — гэта было Менскае пагадненьне», — сказала былая канцлерка.

Мэркель прызнала, што пагадненьне не было «ідэальным рашэньнем» і што Расея ніколі строга яго не прытрымлівалася. Аднак пагадненьне прынесла «спакой», і паміж 2015 і 2021 гадамі Ўкраіна «змагла набрацца сіл, стала іншай краінай і таму змагла лепш абараняць сябе».

«Перамовы па Менскіх пагадненьнях былі слушным крокам», — падкрэсьліла былая канцлерка. Яна адзначыла, што пасьля пачатку пандэміі каранавірусу не было магчымасьці непасрэднага абмену меркаваньнямі з Пуціным, што «вельмі шкодна паўплывала на далейшае разьвіцьцё сытуацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды коціцца сьвет»: чаго можна чакаць ад Нямеччыны

Мэркель заявіла, што ў чэрвені 2021 году яна адчувала, што Пуцін не ўспрымае Менскія пагадненьні сур’ёзна.

«Вось чаму разам з Макронам я хацела новага фармату, прамога дыялёгу паміж Эўразьвязам і Пуціным. Некаторыя краіны не падтрымалі гэтага, у першую чаргу краіны Балтыі, але Польшча таксама была супраць, бо баялася, што ў нас няма супольнай палітыкі ў дачыненьні Расеі», — патлумачыла Мэркель.

Былая канцлерка падкрэсьліла, што, на яе думку, варта было б працаваць над супольнай палітыкай у дачыненьні Расні.

«У кожным разе, гэтага не адбылося, а потым я пакінула пасаду, і пачалася агрэсія Пуціна», — працягнула яна. «Сёньня мы ня можам ведаць, што было б, калі б», — дадала яна. Як яна адзначыла, часы зьмяніліся, і Эўропа цяпер павінна ўмацавацца і падтрымаць Украіну.

Камэнтуючы інтэрвію, нямецкае выданьне «Bild» абвінаваціла Мэркель у тым, што яна хваліць Менскія пагадненьні, не зважаючы на той факт, што паміж 2015 і 2021 гадамі расейцы забілі або паранілі больш за 5000 украінскіх жаўнераў, і што агрэсія Пуціна пачалася ня толькі пасьля яе сыходу з пасады, але працягвалася яшчэ раней, прычым перадысьлякацыя войскаў адбывалася зь вясны 2021 году ў межах падрыхтоўкі да паўнамаштабнага нападу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мір любой цаной — пастка для Ўкраіны і Захаду? Аналіз Валера Карбалевіча