Паводле Бабовіча, частка адпрацаванага паліва выгружаецца і захоўваецца ў басэйне вытрымкі непасрэдна ўнутры рэактарнага аддзяленьня. А перапрацоўваць такія адкіды будуць у Расеі, а потым вяртаць у Беларусь, кажа дырэктар АЭС.
«Нашы адкіды, якія адпрацавалі ядзернае паліва, будуць накіроўвацца на перапрацоўку ў Расейскую Фэдэрацыю. Яны будуць перапрацаваны да неабходнай паніжанай актыўнасьці, пасьля чаго праз пэўны час вернуцца да нас у краіну і тут будуць пахаваны», — растлумачыў Сяргей Бабовіч, яго цытуе партал Точка.
Працэс перапрацоўкі такіх адходаў, паводле яго слоў, займае дзесяцігоддзі.
У Беларусі плянуюць будаўніцтва сховішча радыяактыўных адкідаў. Паводле прадстаўніка Дзяржатамнагляду Максіма Мазурэнкі, гэта ключавая задача на бліжэйшыя 5 гадоў. Аб’ект маюць намер пабудаваць да 2030 года.
Сховішча будзе прымаць таксама адкіды, зьвязаныя з мэдыцынай, а таксама «чарнобыльскай спадчынай», заявіў Мазурэнка.
- Пра разьмяшчэньне сховішча радыяактыўных адкідаў каля БелАЭС нядаўна паведаміла арганізацыя былых сілавікоў BelPol. Паводле зьвестак BelPol, улады Беларусі прынялі рашэньне пабудаваць сховішча для радыяактыўных адкідаў 3-й і 4-й клясаў каля Беларускай АЭС, паблізу мяжы зь Літвой. Інфармацыя паступіла зь некалькіх крыніцаў, у пацьвярджэньне арганізацыя прыводзіць дакумэнты аб інжынэрна-геалягічных дасьледаваньнях у гэтым кірунку.
- Ідзецца пра сярэдне- і нізкаактыўныя адкіды — фільтры, іёнаабменныя смолы, забруджаныя матэрыялы, спэцыяльную вопратку, інструмэнты. Гэта скарыстаны матэрыял зь Беларускай АЭС, які патрабуе экранаваньня і спэцыяльных умоваў захоўваньня. Гаворка не пра скарыстанае ядзернае паліва.
- На праект плянуецца вылучыць 941 млн рублёў, увод у эксплюатацыю плянуецца ў 2030 годзе. Рэалізацыяй зоймецца РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжаньні з радыяактыўнымі адкідамі».