У Парыжы сустракаюцца чальцы Альянсу дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь»

Будынак Нацыянальнага сходу Францыі ў Парыжы. Ілюстрацыйнае фота.

У сталіцы Францыі 6 кастрычніка распачалася сустрэча сябраў міжпаралямэнцкага Альянсу дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь».

Першы дзень адведзены на сустрэчы эўрапейскіх сяброў Беларусі з дэпутатамі Нацыянальнага сходу і палітыкамі Францыі.

Гэта трэцяя падобная сустрэча дэпутатаў парлямэнтаў краінаў Эўразьвязу, якія на сваю ініцыятыву аб’ядналіся ў справе падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі. У лістападзе 2023 году першая падобная сустрэча адбылася ў Бэрліне, сёлета ў сакавіку сябры Альянсу зьбіраліся ў сталіцы Італіі, дзе прынялі гэтак званую Рымскую дэклярацыю ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Як сказаў Свабодзе прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька, цяперашняя сустрэча ў Парыжы мусіць даць адказ на новыя выклікі, якія паўстаюць перад дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

«Сёньня ў нас сустрэчы на паседжаньні двух камітэтаў Нацыянальнага сходу Францыі: па міжнародных пытаньнях і камітэту эўрапейскіх краін. І заплянаваныя асобная сустрэча сябраў Альянсу з прэзыдэнткай Нацыянальнага сходу спадарыняй Яэль Браўн-Півэ. Ёсьць моцная патрэба ў падтрымцы дэмакратычнага руху Беларусі з боку парлямэнтарыяў і палітыкаў Францыі і бачна, што ў Парыжы беларусам шчыра рады і гатовыя нас падтрымаць», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Сябры Альянсу дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» падчас дыскусіі «Ад Рыму да Парыжу» абмяркоўваюць праблемы прасоўваньня і захаваньня беларускага пытаньня ў парадку дня аб’яднанай Эўропы. Анатоль Лябедзька мяркуе, што ў пераадольваньні пагроз, якія паўстаюць перад беларускімі эмігрантамі, міждэпутацкія групы маюць вялікі патэнцыял.

«Такі альянс — гэта лобі дэмакратычных беларусаў у эўрапейскіх краінах, гэта дзьверы, у якія можна пагрукаць і, як мінімум, іх адчыняць. А як большае — дапамогуць вырашаць праблемы. Вось, да прыкладу, што рабіла такая група ў Сэйме Літвы. Пачнем з таго, што 25 сакавіка каля Сэйму быў урачыста ўзьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта было такое візуальнае прызнаньне беларускіх дэмакратычных сілаў. Але за візуальным прызнаньнем была і рэальная падтрымка. Бо менавіта дзякуючы такой падтрымцы ўдалося спыніць спробы прыраўняць у прававым полі Літвы беларусаў да грамадзян Расеі і пагоршыць прававы статус беларускіх мігрантаў. У 20 нацыянальных парлямэнтах Эўропы ёсьць такія прабеларускія групы праз якія, як мы разьлічваем, беларускае пытаньне будзе заставацца ў парадку дня Эўразьвязу», — сказаў Свабодзе Анатоль Лябедзька.

7 кастрычніка ў Нацыянальным сходзе Францыі адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё 3-й сустрэчы міжпарляменцкага Альянсу з удзелам прэзыдэнткі Эўрапарлямэнту Рабэрты Мэцолы і беларускай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай. У праграме заплянаваныя таксама тры круглыя сталы з удзелам эўрапейскіх дэпутатаў, францускіх і беларускіх палітыкаў: аб дэмакратычнай пэрспэктыве для Беларусі, аб праблемах дапамогі і вызваленьня палітвязьняў, а таксама аб пэрспэктывах беларускага дэмакратычнага руху. Мяркуецца, што з удзельнікамі размовы сустрэнецца міністар замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Рыме праходзіць сустрэча альянсу парлямэнцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь»