Масаваны ўдар дронамі па тэрыторыі Расеі і анэксаваным Крыме: у Феадосіі гарыць нафтабаза; у Белгарадзе перабоі з электрычнасьцю

Ілюстрацыйнае фота

Украіна ў ноч на 6 кастрычніка нанесла масаваны ўдар дронамі па тэрыторыі Расеі і анэксаваным Крыме. У Феадосіі гарыць нафтаналіўны тэрмінал — найбуйнейшы на паўвостраве.

Тэрмінал раней ужо атакавалі дроны. Паводле тэлеграм-каналу «Крымский ветер», пасьля папярэдніх удараў з 34 рэзэрвуараў на тэрыторыі нафтабазы ў працоўным стане заставаліся толькі 22.

У Краснадарскім краі быў атакаваны нафтаперапрацоўчы завод у Туапсэ. Улады паведамілі аб двух параненых. Сьцьвярджаюць, што загарэлася не прамысловае памяшканьне і што пажар патушаны.

У Белгарадзкай вобласьці, паведамілі мясцовыя ўлады, дроны атакавалі аб’екты энэргетыкі, былі часткова абясточаны 24 паселішчы, у тым ліку Белгарад з даваенным насельніцтвам 320 тысяч чалавек.

У Дзяржынску Ніжагародзкай вобласьці Расеі дроны атакавалі, як мяркуецца, завод выбуховых рэчываў імя Сьвярдлова, піша выданьне «Астра» з спасылкай на мясцовых жыхароў. Кіраўнік рэгіёну Глеб Нікіцін сьцьвярджае, што прамысловыя абʼекты не пацярпелі ў выніку атакі.

Расейскае міністэрства абароны заявіла, што за ноч быў зьбіты 251 украінскі бесьпілётнік. Больш за ўсё — над акваторыяй Чорнага мора (62), Крымам (40), Курскай (34), Белгарадзкай (30) і Ніжагародзкай (20) вобласьцямі. Колькі не было зьбіта, не паведамляюць.