Расейскія войскі ўдарылі па радзільні ў Сумах. Унутры будынку знаходзіліся 166 чалавек, у тым ліку 11 дзяцей.

Будынак у Сумах пасьля расейскага ўдару

Расейскія войскі ўдарылі па пэрынатальным цэнтры ў Сумах. Пра гэта паведаміў кіраўнік офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

Паводле яго словаў, у выніку атакі загарэўся дах будынка. У гэты час унутры знаходзіліся 11 дзяцей, 35 пацыентак і 120 работнікаў. Усім удалося спусьціцца ў сховішча.

Выконваючы абавязкі мэра Сум Арцём Кабзар паведаміў аб удары па адной з устаноў аховы здароўя. Паводле яго папярэдніх зьвестак, расейскае войска нанесла ўдар бесьпілётнікам «Італмас». Ніхто не пацярпеў.

Сумы знаходзяцца недалёка ад граніцы з Расеяй. Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць грамадзянскую інфраструктуру і мірнае насельніцтва Сумскай вобласьці. Два дні таму ў выніку расейскага ўдару па чыгуначнай станцыі ў Шостцы, загінуў адзін чалавек, яшчэ каля 30 чалавек былі параненыя.

У чэрвені 2025 года ў рамках Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму Ўладзімір Пуцін казаў, што ня ставіў вайскоўцам РФ мэты акупаваць горад Сумы, але такое ня выключана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўначы 15 разоў атакавала Харкаў дронамі, ёсьць ахвяры