Хроніка перасьледу 6 кастрычніка: блогерку асудзілі за ўдзел у пратэстах на 2,5 году «хатняй хіміі», яна пасьпела выехаць зь Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Свабода сочыць за працягам рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Лукашэнкі супраць яго апанэнтаў.

Блогерку Караліну К., якая прысьвячала свае публікацыі ладу жыцьця і вандроўкам, асудзілі за ўдзел у пратэстах паводле артыкулу аб грубым парушэньні парадку (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) і асудзілі на 2,5 году «хатняй хіміі». Пра гэта яна напісала ў сваім блогу, заўважыла «Эўрарадыё».

Пасьля суду жанчына выехала зь Беларусі, яна пасялілася ў Амстэрдаме.

Караліну затрымалі ў чэрвені 2025 году на мяжы пры вяртаньні ў Беларусь зь Літвы. Трымалі ў ІЧУ ў Ашмянах, а потым у сьледчай турме ў Горадні і СІЗА-1 у Калядзічах пад Менскам.

Агулам блогерка правяла пад вартай 3,5 месяца. За гэты час, як яна напісала ў блогу, нават пасьпела «вывучыць турэмны слэнг» і скласьці з 40 новых для яе слоў крыжаванку.

На блог падпісаныя больш за 380 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: у Гомлі найбольш затрыманьняў у справе «Беларускага Гаюна»