Расея ўначы 15 разоў атакавала Харкаў дронамі, ёсьць ахвяры

Харкаў

Расейскае войска ў ноч на 6 кастрычніка нанесла ўдар бесьпілётнікамі па Харкаве. Пацярпелі чатыры чалавекі, паведаміў кіраўнік рэгіянальнай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Паведамляюць аб пашкоджаньнях жылых дамоў, складоў, гаражоў і легкавых аўтамабіляў. Расейскія праваенныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што была атакаваная энэргетычная інфраструктура.

«Паводле зьвестак нашага Сытуацыйнага цэнтру, Харкаў 15 разоў атакавалі варожыя бесьпілётнікі. Паводле папярэдняй інфармацыі, пад абстрэлам быў Новабаварскі раён», — напісаў мэр Харкава Ігар Церахаў.

Неназваны энэргетычны аб’ект быў атакаваны ў Чарнігаўскай вобласьці, паведаміла прэс-служба абласной энэргетычнай сыстэмы. Акрамя таго, нанесены ўдар па тэрыторыі прамысловага абʼекту ў Адэскай вобласьці, ніхто не пацярпеў.

Украінскія вайскоўцы зьнішчылі 83 з 116 дронаў, якімі ўначы Расея атакавала тэрыторыю Ўкраіны, паведамляюць у тэлеграм-канале Паветраныя сілы ЗСУ.

На 9:00, паводле папярэдніх зьвестак, сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны зьбілі або нэўтралізавалі 83 дроны ў паўночных, паўднёвых, усходніх і цэнтральных рэгіёнах краіны.

Вайскоўцы зафіксавалі трапляньні 30 ударных дронаў у сямі лякацыях. Атака працягваецца — у паветранай прасторы застаюцца некалькі расейскіх бесьпілётнікаў.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць рэгіёны Ўкраіны з розных відаў узбраеньня — ударнымі бесьпілётнікамі, ракетамі, авіяцыйнымі бомбамі (КАБ), і рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню.

  • Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што яе армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і зьнішчаючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, а таксама аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны носяць мэтанакіраваны характар.