Новы прэмʼер-міністар Францыі Сэбасьцьян Лекарню пайшоў у адстаўку ў панядзелак, празь некалькі гадзін пасьля прызначэньня ягонага новага кабінэту міністраў, піша Reuters.
Яго адстаўка была нечаканай і беспрэцэдэнтнай і азначала чарговае значнае паглыбленьне палітычнага крызісу ў Францыі, піша Reuters.
Пасьля тыдняў кансультацыяў з палітычнымі партыямі ўсяго спэктру Лекарню, блізкі саюзьнік прэзыдэнта Эманюэля Макрона, у нядзелю прызначыў сваіх міністраў, і кабінэт міністраў меў правесьці першае пасяджэньне 6 кастрычніка.
Але новы склад кабінэту міністраў раззлаваў як апанэнтаў, так і саюзьнікаў, якія палічылі яго занадта правым ці недастаткова правым, што выклікала пытаньні, як доўга ён можа праіснаваць, калі Францыі ўжо пагражае глыбокі палітычны крызіс, і ніводная фракцыя ня мае большасьці ў раздробленым парлямэнце.
У панядзелак раніцай Лекарню падаў Макрону заяву аб адстаўцы.
«Спадар Сэбасьцьян Лекарню падаў заяву аб адстаўцы свайго ўраду прэзыдэнту Рэспублікі, які яе прыняў», — паведаміла прэс-служба Элізэйскага палацу.
Палітыка Францыі становіцца ўсё больш нестабільнай пасьля пераабраньня Макрона прэзыдэнтам у 2022 годзе. Цяпер ў парлямэнце няма ніводнай партыі або групы, якая б мела большасьць.
Леташняе рашэньне Макрона абвясьціць датэрміновыя парлямэнцкія выбары паглыбіла крызіс, прывёўшы да яшчэ большай фрагмэнтацыі парлямэнту. Лекарню, які быў прызначаны толькі ў мінулым месяцы, стаў пятым прэмʼер-міністрам Макрона за два гады.
У верасьні ў Францыі сотні тысяч чалавек ува ўсёй краіне ўзялі ўдзел у акцыях супраць эканамічнай палітыкі ўраду. Прафсаюзы патрабуюць адмовіцца ад скарачэньняў і хочуць сацыяльна справядлівага бюджэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі сотні тысяч чалавек выйшлі на пратэсты супраць эканамічнай палітыкі ўраду ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя і Чэхія — новыя лідэры лабіраваньня інтарэсаў Украіны ў ЭЗ. Чым яны дапамаглі Кіеву і што плянуюць