Ілаўскі бровар чарговы раз выставілі на таргі, цяпер стартавая цана аб’екту — 3,3 мільёна рублёў, раней называлася сума 10,9 мільёна. Прадпрыемства з амаль 200-гадовай гісторыяй спрабуюць прадаць ад жніўня. Мінімальная цана, за якую прадпрыемства гатовыя аддаць — 2,19 мільёна рублёў.
У свой час гэта было адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Мядзельскага раёну, там працавалі да 150 чалавек, асартымэнт прадукцыі — беларускі кальвадос, пладова-ягаднае віно, павідла, соўсы. Расказваем, што гэта за завод і чаму яго прадаюць.
Крыху гісторыі
Ілаўскі бровар зьявіўся ў 1832 годзе, у валоданьні абшарніка Акушкі. Там гналі сьпірытус зь мясцовай сыравіны. У Першую ўсясьветную вайну гэтыя мясьціны былі пад нямецкай акупацыяй. Да 1939 году бровар працаваў як прыватнае прадпрыемства ў складзе фальварку. Згадваецца, што ў 1937 годзе ўладальнікам гаспадаркі быў Аляксандар Радван-Акушка. Пасьля верасьня 1939 году землі, дзе быў бровар, у складзе Заходняй Беларусі былі далучаныя да БССР. Бровар перажыў і Другую ўсясьветную вайну, калі Мядзельскі раён зноў быў пад нямецкай акупацыяй. Адразу пасьля вайны ў будынку бровару разьмясьцілі псыханэўралягічны інтэрнат.
За савецкім часам бровар нацыяналізавалі, тут рабілі пладова-ягадныя напоі, сьпірытус. У 1996 годзе завод стаў унітарным прадпрыемствам абласнога падпарадкаваньня. У 2000–2010 гадах прадпрыемства мадэрнізавалі. Тут рабілі пладовыя і ягадныя віны, дыстыляты, павідла, соўсы. На той момант на прадпрыемстве працавалі да 150 чалавек. Яно лічылася адным з асноўных у раёне.
Свой кальвадос і спадзеў на расейскі рынак
У 2011 годзе Ілаўскі вінзавод заявіў пра пляны выпусьціць першы і адзіны беларускі кальвадос. Гэта моцны — да 45 градусаў — напой зь яблыкаў, які традыцыйна робяць у францускай Нармандыі. Першы такі напой у Ілаве зрабілі ў 2012 годзе пад назвай «Містэрыя».
У 2015 годзе тагачасны дырэктар заводу Андрэй Януковіч казаў, што напой распрацавалі сумесна з Акадэміяй навук, і спадзяваўся на экспарт яго ў Расею.
«Мы плянуем замясьціць у Расеі францускі кальвадос. Санкцыі ёсьць, а ў нас ёсьць адзіны ў Беларусі прадукт. Нашыя канкурэнты спрабуюць яго пачаць вырабляць, але мы наперадзе. Нават калі яны пачнуць вырабляць, то ў нас ужо ёсьць трохгадовы кальвадос, а ў іх — не. Праз два гады ў іх будзе двухгадовы, а ў нас ужо пяцігадовы. Дагнаць нас будзе цяжка», — меркаваў тады дырэктар бровару.
Яшчэ адзін тагачасны асартымэнт прадукцыі заводу — віно зь ягадаў. Тады на «Ілаўскім» выраблялі віно з малінаў, буякоў. Тады ж завод пачаў выбудоўваць сваю сетку фірмовых крамаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьменшаць вытворчасьць «чарніла», але павялічаць выпуск моцнага алькаголюАд банкруцтва да продажу
Паводле матэрыялаў дзяржаўнага кантролю за 2012 год, прадпрыемства мелася някепска, аднак была праблема зь пераходам на выраб «пладовага віна павышанай якасьці» замест мацаванага віна. Рэч у тым, што ўлады тады прынялі праграму, якая фактычна не дазваляла рабіць далей мацаванае пладовае віно. Прадстаўнікоў Камітэту дзяржаўнага кантролю цытавала газэта «СБ: Беларусь сегодня».
«Спынена вытворчасьць пладовых мацаваных вінаў звычайнага гатунку, аднак станоўчая дынаміка выпуску вінаў палепшанай якасьці і спэцыяльнай тэхналёгіі, як прадугледжана захадамі праграмы, не дасягнута. Заплянаваны рост аб’ёму вытворчасьці ў 1,3 раза, але фактычна ён скараціўся», — казаў тагачасны намесьнік начальніка КДК у Менскай вобласьці Сяргей Казенка.
Пры гэтым адзначалася, што дэбіторская запазычанасьць прадпрыемства большая за крэдыторскую. То бок раздробныя сеткі былі вінныя прадпрыемству больш, чым яно само вінаватае дзяржаве за крэдыты. Аднак сытуацыя працягвала пагаршацца.
У кастрычніку 2018 году прадстаўнікі падатковай ініцыявалі суд, які разглядаў справу аб банкруцтве Ілаўскага заводу. Падставай стала «працяглая няплатаздольнасьць заводу», называлі суму 3,7 мільёна рублёў даўгоў прадпрыемства перад дзяржавай. Гэтая запазычанасьць складала 65% усіх актываў прадпрыемства.
Аднак ужо ў лістападзе прадпрыемства вырашылі ратаваць, на завод прыехаў тагачасны віцэ-прэм’ер, а зараз прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын.
Сярод прычын цяперашняга стану прадпрыемства ён называў:
- Высокую канкурэнцыю
- Праблемы з дэбіторскай запазычанасьцю, то бок гандлёвыя сеткі не плацілі прадпрыемству за тавар
- Рост закупных цэнаў на сыравіну і матэрыялы
У выніку Ілаўскі завод адправілі на санацыю (аздараўленьне) і нават папрасілі дапамагчы ў гэтым стваральніка «Табак-Інвэст» буйнога бізнэсоўца Паўла Тапузідзіса.
Тэрмін сканчэньня санацыі некалькі разоў працягвалі, апошні раз да сьнежня 2026 году.
Завод жа заставаўся стратным, летась ён таксама працаваў у мінус.
У канцы верасьня завод разам з тэхнікай і абсталяваньнем выставілі на таргі з паніжэньнем. Гэта значыць, што перш прызначылі максымальную цану, а на гэты момант яна зьнізілася больш чым утрая. З дакумэнтаў аб правядзеньні аўкцыёну вынікае, што Ілаўскаму заводу ўсё яшчэ вінаватыя дзясяткі гандлёвых арганізацыяў. Іх даўгі прадаюць разам з прадпрыемствам. Аўкцыён завершыцца 14 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі дазволіў выпускаць больш «чарніла» для ўнутранага спажываньня«Працавалі цалкам на беларускі рынак пад кантролем дзяржавы»
Незалежны кансультант у сфэры раздробнага гандлю, у мінулым начальнік у адной з гандлёвых сетак Беларусі Валянцін Сакалоўскі ў размове з Свабодай кажа, што ў цане на беларускі алькаголь вялікая доля акцызу, які вызначаюць улады. Таксама вытворчасьць нават таннага пладовага віна патрабуе закупу за мяжой тары, абсталяваньня, фарбавальнікаў, абсталяваньня для захоўваньня.
«„Чарнільны“ бізнэс не такі прыбытковы, бо ў структуры алькаголю, незалежна ад ягонага кошту, вялікая доля акцызу. Напрыклад, на вінаграднае віно, якое каштуе 100 рублёў, і на чарніла (так у народзе называюць пладовае віно) за пару рублёў стаўка акцызу можа быць падобная», — заўважае суразмоўца.
Акцыз — гэта падатак, які вытворца алькаголю плаціць дзяржаве. Іншая праблема, паводле экспэрта, — гэта праца выключна на беларускім рынку ў заціснутых умовах, калі дзяржава ўсё кантралюе, у тым ліку цэны на прадукцыю.
«Такія бровары ў цывілізаваным сьвеце выжываюць за кошт турызму, крафтавага прадукту, яны ня гоняцца за колькасьцю і не бяруць на сябе павышаных сацыялістычных абавязаньняў, а то і маюць падтрымку. А ў Беларусі ім далі гіры і сказалі, каб яны беглі. Нават гарэлачныя бровары былі ў цяжкім стане да аб’яднаньня ў холдынг „Крышталь“. А тут лякальная вытворчасьць, яны вымушаныя плаціць шмат падаткаў і заціснутыя з пункту гледжаньня цэн, квотаў і іншых кантрольных мераў», — падкрэсьлівае суразмоўца.
То бок праблемы ў прадпрыемства ўзьніклі праз кантроль дзяржавы і падаткі, мяркуе экспэрт. Сваю ролю адыграла таксама нявыплаты дзяржаўных і прыватных гандлёвых сетак за тавар, з чаго шмат гадоў і складалася дэбіторская запазычанасьць. Гэтую праблему прызнавалі самі чыноўнікі.
УП «Ілаўскае» — дзяржаўнае прадпрыемства, яно падпарадкоўваецца Менскаму аблвыканкаму. Прадпрыемства ўсё яшчэ працуе, з 2019 году там праводзяць экскурсіі для турыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі тры гады запар зьніжаецца спажываньне алькаголю