Міністэрства прыроды загадала разабрацца, як забруджаныя сьцёкавыя воды трапілі ў Сьвіслач

Рака Сьвіслач у Менску

Па факце відэароліку, разьмешчанага ў сеціве, на якім адлюстраваны скід забруджаных сьцёкавых водаў з выпускнога калектару ў раку Сьвіслач, Менскі гарадзкі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя пачаў разьбіральніцтвы.

На даручэньне Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Сяргея Масьляка на месца прыбыў старшыня каміэту Аляксандар Драгун.

Пасьля заяўкі камітэту прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтру аналітычнага кантролю (РЦАК) правялі адбор пробаў вады ў пункце скіду, а таксама вышэй і ніжэй па плыні ракі.

Фактаў гібелі рыбы ў выніку скіду не зафіксавалі.

На гэты момант скід спынілі, прадстаўнікі аварыйных службаў пачалі абсьледаваньне калектару і бліжэйшых будаўнічых пляцовак з мэтай вызначэньня яго крыніцы.

Па факце скіду ў адносінах вінаватых асобаў пасьля іх выяўленьня будуць ужытыя захады, прадугледжаныя заканадаўствам. Пытаньне застаецца на кантролі камітэту.

Гэта ўжо ня першае здарэньне, якое адбылося на рацэ сёлета. Раней на Сьвіслачы зафіксавалі разьліў нафтапрадуктаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады запэўніваюць, што забруджваньне Сьвіслачы адбылося толькі ў месцы разьліву нафтапрадуктаў